АНТ: Побач з Лукашэнка сядзелі Міс Украіны і Віцэ-міс Польшчы
З невядомымі красунямі сядзелі таксама Кісель і Ладуцька.
У пятніцу ўвечары АНТ паказала выбары першай прыгажуні краіны. Карону «Міс Беларусь — 2012» атрымала 20-гадовая Юлія Скалкович з вёскі Клейнікі, што пад Брэстам. Фінальнае дэфіле канкурсантак суправаджалася маляўнічым шоу, у якім удзельнічалі 28 фіналістак "Міс Беларусь" і ўдзельнікі і пераможцы двух гучных праектаў тэлеканала АНТ — «Акадэміі талентаў» і «Я спяваю!».
Паглядзець на выбары прыгажуні прыйшоў сам прэзідэнт краіны і вялікая колькасць чыноўнікаў. Камера, праплываючы над залай, раз-пораз выхоплівала кагосьці з высокіх гасцей. Вось Аляксандр Лукашэнка з невядомай прыгожай спадарожніцай, вось мэр Мінска Мікалай Ладуцька з нейкай харашухай, вось кіраўнік АНТ Рыгор Кісель — ізноў жа з мілай дзяўчынай побач, вось буйны бізнэсовец, дырэктар «Амкадора» Аляксандр Шакуцін, і побач з ім зноў жа маладзенькая дзяўчына... Здаецца , толькі міністр культуры Павел Латушка атрымаў запрашальны квіток на дзве персоны, а не на адну, і прыйшоў на «Міс Беларусь» са сваёй каханай жанчынай (ва ўсякім разе, яго спадарожніца даволі часта суправаджае міністра на розных мерапрыемствах). Хто ж гэтыя дзяўчыны, што сядзелі побач з чыноўнікамі? Ім бы якраз па сцэне хадзіць — надта ж пекныя. І дакладна не дочкі. І не жонкі.
Мы доўга шукалі адказных за рассаджванне ў зале. Урэшце, у прэс-службе канала АНТ нам растлумачылі:
- Два шэрагі былі аддадзены бацькам фіналістак і іх сваякам. Дастаткова шмат месцаў — фіналісткам «Міс Беларусь — 2008» і «Міс Беларусь — 2010». У vip-сектары таксама сядзелі прадстаўнікі тэлеканалаў, міністэрстваў і ведамстваў. Побач з прэзідэнтам — цяперашняя «Міс Украіна» і цяперашняя «Віцэ-міс Польшча». На жаль, vip-сектар у колькасці месцаў абмежаваны. Большасць людзей атрымалі запрашэнне на дваіх, проста другі чалавек сядзеў на вельмі добрым месцы ў зале. А прыгажуні былі размеркаваныя па ўсім сектары.
Каментары