Меркаванні9494

Таямніцы перамог ізраільскай зброі: дзве дзяўчыны з Гродна адслужылі ў ізраільскай арміі + фоты

Гродзенкі Лена Шайкоўская і Света Моўчун, праўнучкі КПЗБоўца Лазара Шайкоўскага, расказваюць пра вопыт службы на «Святой зямлі».

У Ізраілі маюць адслужыць усе: і хлопцы, і дзяўчаты. Прызыўны ўзрост — ад 18 гадоў, калі ты сканчаеш школу. Спачатку — экзамен: некалькі пытанняў на камп’ютары, размова з псіхолагам, спартовыя тэсты. Праз месяц прыходзіць дакумент з найменнямі войскаў, да якіх ты здатны. Пажаданні ўлічваюцца, асабліва ад дзявочай часткі прызыўнікоў...

— Колькі служаць у Ізраілі?

Света: Хлопцы 3 гады, дзяўчаты — 2. Але калі дзяўчына ідзе ў баявыя войскі, таксама служыць тры гады. Я акурат так служыла у памежных войсках «Мішмарагвуль» — «Ахова мяжы». Аднак мы не стаялі на мяжы, а прысутнічалі ў раёнах, шчыльна заселеных арабамі. Я служыла ў Іерусаліме. Сама хацела ў баявыя войскі, таму мяне разам з іншымі на 2 дні вывезлі на вышкал: там паганялі, глядзелі, змагу ці не. Змагла.

Лена: А я — два. У тэхнічных войсках — спецыялізавалася на камп’ютарах.

— Гэта прэстыжна?

Лена: Так.

Света: Ёсць тыя, хто хоча служыць, ёсць тыя, хто «косіць» — паўсюдна тое самае.

— Плацяць?

Лена: Звычайна плацяць каля 100 даляраў у месяц, аднак мы лічыліся салдатамі-«адзіночкамі» (без сям’і ў Ізраілі), таму нам плацілі каля 500 — гэта і на з’ём кватэры, і на ежу... Пры гэтым ёсць часам магчымасць падпрацоўваць. У нас не так, як у вас.

У неслужбовы час можна ісці па сваіх справах. Я, напрыклад, часта начавала ў хаце. Света 10 дзён была ў войску, 4 у хаце.
Паколькі большасць жыве з сем’ямі, гэтыя 100 даляраў у асноўным ідуць на «пагулянкі» ды адзежу.

— Ёсць нешта кшталту «курса маладога байца»?

Света: Так, гэта называецца «Ціранут». У мяне ён трываў 4,5 месяца недзе. Нас вучылі страляць, кідаць гранаты, праходзілі рукапашны бой. Ёсць, напрыклад, такі від рукапашнага бою, як «краў мага» — «мастацтва абароны». Гэта ізраільскае вынаходніцтва, прызначанае для абароны, а не для нападу. Бывала, вывозілі ў пустыню на тыдзень, там мы харчаваліся сухім пайком, вывучалі навігацыю па зорках, шмат іншых рэчаў.

Лена: Бывае па-рознаму: у хлопцаў «Ціранут» цягнецца зазвычай год, таму яны і служаць у выніку тры. Мой курс трываў усяго 2 тыдні. Я заставалася яшчэ, каб зрабіць «Гіюр» — прыняць рэлігію, аднак не давучылася. Гэта адна з магчымасцяў, якую дае войска.

— Што значыць «прыняць рэлігію»?

Света: Мы там не лічымся габрэйкамі, бо ў нас габрэем быў дзядуля. Там жа ўсё ідзе па жаночай лініі. А войска дае магчымасць прайсці, так бы мовіць, «шлях да рэлігіі». Гэта курс па вывучэнні традыцыі, гісторыі, рэлігіі, практыкі малітвы. Часам вывозяць да рэлігійных сем’яў, хлопчыкам робяць абразанне. У цывільным жыцці «Гіюр» зрабіць значна складаней.

Лена: Без «Гіюра» немагчымае далейшае прасоўванне па армейскай лесвіцы, калі раптам ты вырашыш застацца на кантракце. Раней наогул на тэрыторыі Ізраіля негабрэям паміж сабой нельга было зарэгістраваць шлюб — усе ездзілі на Кіпр. Цяпер гэта ўжо магчыма.

Света: Са мной сужыў хлопчык-араб. У ягонай вёсцы яго не любілі, сям’я ад яго адраклася... У сувязі з гэтым армія яму па-рознаму дапамагала, аплочвала з’ём жытла.

— Якія бытавыя ўмовы?

Света:

Бываюць розныя базы, залежыць ад роду войскаў. Звычайна жывём у дамках з пакоямі. У пакоі ад двух да пяці чалавек.
Харчаванне асобнае, у залежнасці ад рэлігіі, тры разы на дзень: раніцай і ўвечары кашы, нешта малочнае, бульба. У абед — мяса з гарнірам. У шабат (суботу) мяса даецца два разы на дзень.

Лена: Усе папраўляюцца пасля войска, ежа вельмі каларыйная.

— Альтэрнатыўная служба ёсць?

Света: Так, можна адпрацаваць год альбо ў бальніцы, альбо з дзецьмі-інвалідамі. Вялікі працэнт рэлігійнай моладзі не прызываецца ў войска, а праходзіць альтэрнатыўны курс. Для іх таксама пасля ёсць зніжкі і дапамога, але ўжо меншая, чым для вайскоўцаў.

— Хлопцы з дзяўчатамі жывуць разам?

Света:

Разам могуць служыць, але жыллё, прыбіральні, душ — асобна. Ёсць нават правіла, па якім на «курсе маладога байца» хлопец не мае права дакранацца да дзяўчыны.
Быў нават такі выпадак: служылі разам сястра з братам, і брат атрымаў пакаранне за тое, што дапамог падняцца сястры.

Лена: Дзяўчатам нельга нават глядзець на хлопцаў. Але пасля «курса» ўсё ўжо не так сурова.

— Узаемаадносіны, зразумела, таксама забароненыя?

Света: Ну... на «курсе» за гэтым вельмі сочаць, а пасля ўжо як атрымаецца (смяецца).

— Ці існуе нешта кшталту «дзедаўшчыны»? Ці «бабшчыны»?

Света: Ёсць катэгорыі: «старэнькія» і «маладзенькія». Найлепшыя блокпасты ў Іерусаліме аддаваліся «даўгаслужачым», зразумела. Менш камфортныя — новенькім. Няма нейкіх здзекаў, але лепшае аддаецца старэйшым, маладзейшым — троху горшае. Вось і ўсё.

— Войска дае нейкія сацыяльныя гарантыі?

Света: Падчас тваёй службы ідзе накапленне грошай за кожны месяц на адмысловым рахунку. Я атрымала 5000 даляраў, Лена — 3000. Баявыя войскі даюць, зразумела, большыя грошы.

Лена: Нават пасля службы адмысловыя арганізацыі працягваюць табой апекавацца — аплочваюць вучобу, дапамагаюць з працай. Арганізацыі дзяржаўныя, але самі габрэі таксама ахвяруюць у іх, каб дапамагчы тым, хто адслужыў.

— Як гэта — служыць у атмасферы перманентнай вайны?

Света: У асноўным ідзе гульня ў «кошкі-мышкі»: арабы пачынаюць кідацца ў наш блокпост камянямі ці кактэйлямі Молатава. Але пры гэтым трэба стрымлівацца і не страляць да апошняга — калі гэта не твой адзіны шанец выбрацца жывым. За гэтым вельмі сочаць. Нават калі ў нас кідаюцца камянямі, трэба яшчэ доўга чакаць дазволу, каб разагнаць іх газавымі гранатамі, напрыклад.

Падазронаму чалавеку, па інструкцыі, трэба крыкнуць, каб ён спыніўся, на трох мовах: на іўрыце, на ангельскай і па-арабску.
Пасля трэба навесці на яго рулю, калі ён працягвае ісці — стрэліць у паветра два разы. Не дапамагае — трэба страляць па нагах і толькі пасля, калі ён яшчэ спрабуе нешта зрабіць, — у галаву.

Гэта палітыка ўсё...

Лена: Я жыву ў Ашдодзе, там ніякіх баявых дзеянняў няма. Але раптам гучыць сірэна і падае ракета... Побач з Сектарам Газа дзеці, перш чым казаць «тата-мама», вывучваюць слова «цэвадом» — «сірэна», «трывога». Я плакала, калі ўпершыню гэта пачула...

— І вы таксама адчуваеце нейкі негатыў да арабаў ці мусульманаў наогул?

Лена: Я іх ненавіджу.

Света: Гэта дае свой адбітак: і служба, і тое, што ты бачыш. Арабы таксама ёсць розныя: на поўдні краіны вельмі рэлігійныя і злыя. Там і здараюцца баявыя дзеянні. Арабы з поўначы больш свецкія і спакойныя, сярод іх шмат хрысціянаў.

— На вашу думку, у чым таямніца перамогаў ізраільскай зброі?

Лена: Людзі ў пастаянным напружанні жывуць, заўжды да ўсяго гатовыя, да розных сітуацыяў. Гэта неяк мабілізуе.

Света: Усе габрэі кажуць, што іх Бог абараняе. А я думаю, што справа ў еднасці паміж людзьмі. Калі я толькі прыехала і дзяўчаты даведаліся, што ў мяне нікога няма, апроч сястры, тут, адразу пачалі ўсюды запрашаць, на ўсе святы, дапамагалі, чым маглі. Усе людзі ў краіне трымаюцца адзін за аднаго, дапамагаюць. Вось так.

Так арганізавана войска ў Ізраілі — адной з самых моцных у вайсковым сэнсе краін. Там гэта не «школа жыцця для сапраўдных мужчын», а «супольная справа грамадзян», якая забяспечвае бяспеку ўсіх і кожнага ў варожым атачэнні. У Ізраіля ў гэтым сэнсе ёсць чаго павучыцца.

Каментары94

Цяпер чытаюць

«Засяроджуся на працы з ЗША». Ціханоўскі расказаў пра свае палітычныя планы на 2026 год22

«Засяроджуся на працы з ЗША». Ціханоўскі расказаў пра свае палітычныя планы на 2026 год

Усе навіны →
Усе навіны

Беларускіх прапагандыстаў будуць вучыць барацьбе з фэйкамі за грошы ЕС4

Як Іран адключыў інтэрнэт? І як тады іранцы змаглі перадаць інфармацыю?

Як звычайная ветлівасць выратавала жыццё мінчуку5

У Мінску з'явілася піца з пельменямі2

«Байсол» адкрыў тэрміновы збор на дапамогу ўкраінцам, вызваленым з беларускіх турмаў у лістападзе8

«Вынес апраўдальны прысуд — можаш перастаць быць суддзёй». Адвакат патлумачыў, чаму ў Беларусі так дрэнна з правасуддзем4

Аун Сан Су Чжы ўжо два гады не бачылася са сваімі адвакатамі. Невядома, ці жывая яна

Былая каманда Ціханоўскага перазапусціла сваё шоу на новым канале22

Трамп заявіў, што мірнае пагадненне па Украіне зацягвае Зяленскі, а не Пуцін11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Засяроджуся на працы з ЗША». Ціханоўскі расказаў пра свае палітычныя планы на 2026 год22

«Засяроджуся на працы з ЗША». Ціханоўскі расказаў пра свае палітычныя планы на 2026 год

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць