Архіў

Аляксандар Лукашук. Францыя зачытваецца «Чорнай кнiгай камунiзму»

№ 34 (95) 1 сьнежня 1997 г.

Францыя зачытваецца «Чорнай кнiгай камунiзму»

 

Чорная кнiга камунiзму. Злачынствы, тэрор, рэпрэсii. Стэфан Куртуа, Нiкаля Вэрт, Жан-Луi Панэ, Анджэй Пашкоўскi, Карэл Бартошак, Жан-Луi Марголiн. — Парыж: Робэр Ляфонт, 1997.

 

Гiстарычны том таўшчынёй у 846 старонак — плён трохгадовай працы групы дасьледчыкаў — узначальвае ў Францыi сьпiс бэстсэлераў немастацкай лiтаратуры. Выхад кнiгi быў прымеркаваны да 80-х угодкаў бальшавiцкага перавароту ў Расеi; за першыя два тыднi было прададзена больш за 50 тысяч асобнiкаў. Для практыкi заходняга кнiгагандлю гэта фантастыка.

«Мiнiмальная ацэнка, якая патрабуе далейшага ўдакладненьня» — так у прадмове прадстаўлены папярэднi сьпiс непасрэдных ахвяраў камунiзму: СССР — 20 мiльёнаў, Кiтай — 60 млн., Паўночная Карэя — 2 млн., Камбоджа — 2 млн., Аўганiстан — 1,7 млн., Афрыка — 1,7 млн., Усходняя Эўропа — 1 млн., Вiетнам — 1 млн., Лацiнская Амэрыка — 150 тысячаў. Iснуюць розныя мэтодыкi падлiку, i самi аўтары дапускаюць, што агульная колькасьць ахвяраў вымяраецца сотнямi мiльёнаў. Iмя Сталiна можна сустрэць на 155 старонках, Ленiн i Мао згадваюцца больш за 80 разоў, Кастра i Берыя — па 34 разы, Гiтлер i Гамулка — па 10.

Хоць у кнiзе скарыстаныя дакумэнты, якiя былi рассакрэчаныя толькi апошнiм часам, усё ж сэнсацыйнай тэму не назавеш. Мёртвыя ня надта цiкавяць жывых.

Папулярнасьць кнiгi ў Францыi, якая нiколi не была пад уладай камунiзму, i дзе камунiсты нават уваходзiлi ў склад урадаў, сьведчыць пра тое, што мiнулае яшчэ перасьледуе францускае грамадзтва, што марксісцкi дыскурс i тут паўплываў на iнтэлектуальнае жыцьцё, што i сёньня на новай глебе працягваюцца старыя бiтвы.

Члены сёньняшнiх кампартыяў, ад Парыжу да Менску i Пэкiну звычайна заяўляюць: мы самi нiкога не забiлi, лепшыя з нас сталiся ахвярамi — якiя могуць быць прэтэнзii. «Чорная кнiга камунiзму» даводзiць: у канцы 20-га стагодзьдзя называць сябе камунiстам злачынна.

Пасьля выхаду кнiгi апазыцыя ў францускiм парлямэнце запытала: як прэм’ер-мiнiстар Жаспэн можа быць у каалiцыi з кампартыяй — саюзьнiцай сьмертаносных рэжымаў. Гучалi апраўданьнi i абвiнавачаньнi, прайшлi акцыi пратэсту. Прэм’ер-мiнiстар, у сваю чаргу, абрынуўся на не такi ўжо й новы тэзыс пра падобнасьць нацызму i камунiзму. Куртуа тлумачыць балючую рэакцыю левага iстэблiшмэнту тым, што злачынствы нацысцкай Нямеччыны вельмi добра вывучаныя, а ўсеабдымнага акадэмiчнага дасьледаваньня практыкi камунiзму дагэтуль няма. Прычыны: па-першае, Савецкi Саюз быў саюзьнiкам у другой сусьветнай вайне; па-другое, злачынствы трымалiся ў тайне, бо iдэя рэвалюцыi была ўлюбёнай у колах францускiх iнтэлектуалаў.

Цiкавасьць публiкi падагрэла й спрэчка памiж укладальнiкам i двума аўтарамi. Стэфан Куртуа ў прадмове i пасьляслоўi даводзiць, што тэрор — гэта ўнутраная характарыстыка камунiзму, а ня проста iнструмэнт дзеля дасягненьня ягоных мэтаў; два аўтары з гэтым рэзка не пагаджаюцца. Яны дамаглiся зьмены назвы выданьня. Першапачатковы варыянт — «Кнiга злачынстваў камунiзму»; тады Куртуа, сам мааiст у маладосьцi, назваў так свой уступ.

У Беларусi ў друку iдуць падобныя iдэалягiчныя спрэчкi, а вось такая шырокая чытацкая рэакцыя, як у Францыi, малаверагодная — у нас мiнулае яшчэ не мiнула.

На жаль, у выданьнi адсутнiчаюць прадметны i геаграфiчны паказальнiкi. Глыбiня асьвятленьня той цi iншай праблемы i краiны залежала, не ў апошнюю чаргу, ад моваў, якiмi валодалi аўтары. Нiхто зь iх, да прыкладу, не карыстаўся ўласна беларускiмi цi ўкраінскiмi, кiтайскiмi цi лiтоўскiмi крынiцамi.

Камунiзм у сьвеце канае — аднак калi працягласьць агонii сувымяральная з працягласьцю жыцьця, гэта суцяшае не канечне. Поўную кнiгу злачынстваў складуць самi народы, якiя сталiся ахвярамi д’яблавай спакусы. Калi падсумаваньне — гэта справа будучынi, то трэба шукаць у мiнулым. У пасьляслоўi, якое называецца «Чаму?», у якасьцi адказу прыводзiцца гегелеўская формула: усё нечалавечае — бессэнсоўнае i бескарыснае. Слушна. I аплочана яно па самым высокiм рахунку.

Аляксандар Лукашук

Каментары

Да «Дня народнага адзінства» памілавалі 25 чалавек4

Да «Дня народнага адзінства» памілавалі 25 чалавек

Усе навіны →
Усе навіны

Расійская турыстка стала паводзіць сябе як трохгадовае дзіця: яна курыць расчоску і п'е ласьён4

Ала Пугачова высока адазвалася пра Джахара Дудаева. Кадыраў бушуе18

Дастаўка ежы Rebox.by часова спыніла дзейнасць

Топавую юрыстку з Мінска асудзілі па «народным» 342-м артыкуле6

ДТЗ на Міншчыне: восем чалавек шпіталізаваныя

Генконсульства Іспаніі ў Маскве аднавіла прыём заяў на візы

Археолагі знайшлі ў Смаленску княжацкі хорам XII стагоддзя. Такія ж знаходзілі ў Полацку і Гродне1

Адна з лідарак апазіцыі Грузіі затрыманая за надпіс «Расійская мара» на перадвыбарчым банеры кіроўнай партыі1

Ізраіль пачаў наступ на горад Газа

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Да «Дня народнага адзінства» памілавалі 25 чалавек4

Да «Дня народнага адзінства» памілавалі 25 чалавек

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць