Архіў

Наталя Гардзіенка. Патрыятычная зорка “Мадам дэ Бар”

№ 5 (162), 31 студзеня — 7 лютага 2000 г.


 

Патрыятычная зорка “Мадам дэ Бар”

 

7 лютага 1800 году памерла Ганна Паўліна Ябланоўская з роду Сапегаў. У пачатку 60-х гадоў XVIII ст. яна ў сваіх маёнтках праводзіла радыкальныя гаспадарчыя рэформы, спадзеючыся дапамагчы сялянам палепшыць эканамічнае жыцьцё. У 1768 г. далучылася да Барскай канфэдэрацыі. Пад час узброенай барацьбы знаходзілася ў войску канфэдэратаў, натхняючы сваёй прысутнасьцю барцаў. За гэта ёй далі мянушку “Мадам дэ Бар” — Пані Барскай канфэдэрацыі. Гэтая жанчына стала сымбалем барацьбы Рэчы Паспалітай за незалежнасьць.

Становішча жанчыны XVIII ст. у Рэчы Паспалітай адрозьнівалася незвычайнай для некаторых іншых краінаў свабодай. Маёмасныя інтарэсы рэглямэнтаваліся Статутам вельмі дакладна, але ў выпадку парушэньня яе правоў кабета магла зьвярнуцца ў суд. Ніхто ня меў права сілком выдаць яе замуж… Але рэлігійныя традыцыі і грамадзкая думка ўсё адно абмяжоўвалі ролю жанчыны выключна хатнімі абавязкамі. Мужчынам не магло нават прыйсьці ў галаву, што жанчына можа ўдзельнічаць у паседжаньнях соймаў, кіраваць краінай…

Аднак ня ўсе прадстаўніцы прыгожай часткі грамадзтва пакорліва пагаджаліся з роляй выключна хатняй гаспадыні. Адной з разбуральніцаў традыцый і была Ганна Паўліна Ябланоўская.

Яе бацька Казімір Караль памёр, калі дзяўчыне было дзесяць гадоў. Праз два гады жалобы маці Караліна Радзівіл пабралася шлюбам зноў. Ганна апынулася з маці ў яе новай сям’і. У дзяўчыны склаліся добрыя адносіны з айчымам Юзафам Аляксандрам Ябланоўскім. Той заўважыў у яе схільнасьці да заняткаў эканомікай і нават дазволіў весьці гаспадарчыя справы сваіх маёнткаў у час сваіх працяглых замежных вандровак. Айчым жа знайшоў падчарцы мужа — свайго стрыечнага брата Яна Каэтана Ябланоўскага. Пасьля вясельля маладыя бачыліся нячаста з-за працяглых замежных падарожжаў мужа, у якія ён езьдзіў выключна сам, пакідаючы жонку займацца справамі маёнткаў. У 1764 г. Ян Каэтан нечакана памёр, і Ганна засталася ўдавой безь дзяцей, але з маёмасьцю і велізарным жаданьнем дзейнасьці.

З гэтага часу Ганна Ябланоўская прысьвячае сябе палітычнай дзейнасьці. Непрыязнае стаўленьне да тагачаснага караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста прывяло яе ў шэрагі Барскай канфэдэрацыі, накіраванай супраць расейскага ўмяшальніцтва ў справы краіны і супраць караля як стаўленіка Кацярыны ІІ. Пры гэтым Ганна Паўліна была не шараговай Удзельніцай, а адной са стваральнікаў узброенай апазыцыі. Яна фінансавала арганізацыю баявых груповак, займалася дыпляматычнай дзейнасьцю — шукала замежнай падтрымкі. Аднак усе яе намаганьні не прынесьлі посьпеху канфэдэрацыі, якая была разьбітая расейскімі войскамі на чале з тады яшчэ нікому не вядомым Суворавым.

Няўдача не прымусіла Ябланоўскую цалкам адмовіцца ад палітычнай дзейнасьці, аднак у той жа час трэ было даглядаць і маёнткі. Каб павялічыць прыбыткі, Ганна правяла шэраг рэформаў: урэгулявала сялянскія павіннасьці, увяла 50-гадовую арэнду сялянамі зямлі, пабудавала лякарню для сялян. Безумоўна, ейныя пераўтварэньні не былі рэвалюцыйнымі, але нешматлікія мужчыны ў той час адважваліся хаця б на такое. Да таго ж Ябланоўская яшчэ і пісьмова выказала свае думкі наконт спосабаў вядзеньня гаспадаркі і выдала ва ўласнай друкарні. Штосьці тут было сваё, штосьці сьпісанае ў французаў…

Частку прыбыткаў ад маёнткаў гаспадыня й далей пускала на палітычныя патрэбы. Яна давала значную матэрыяльную падтрымку касьцюшкоўцам і нават узбройвала асобныя атрады. Ужо пасьля апошняга падзелу, калі Рэч Паспалітая зьнікла з мапы Эўропы, кабета ўсё адно падтрымлівала падпольныя антырасейскія арганізацыі з надзеяй на адраджэньне Радзімы.

Яе не чапалі. Мо таму, што была ўжо немаладая, а можа, не пасьпелі. Ганна Паўліна Ябланоўская памерла, маючы 78 гадоў. Яна пакінула па сабе велізарную бібліятэку, калекцыю ардэноў і мэдалёў, а таксама мінэралягічны музэй. І яшчэ легендарны вобраз шчырай патрыёткі, сьмелай і разумнай жанчыны — “Мадам дэ Бар”.

Наталя Гардзіенка


Каментары

Цяпер чытаюць

Польшча адкрывае мяжу з Беларуссю60

Польшча адкрывае мяжу з Беларуссю

Усе навіны →
Усе навіны

У Польшчы затрымалі групоўку, якая па-за санкцыямі пераганяла люксавыя аўто ў Беларусь і Расію3

На вуліцы Карла Маркса ў Мінску прадаюць яркую сталінку. Квадрат каштуе больш за $4400

Мінчанка прадала машыну за 900 рублёў, а праз чатыры гады даведалася пра доўг 6000 рублёў4

Nvidia дамовілася інвеставаць да $100 млрд у ChatGPT — кампаніі плануюць стварыць суперінтэлект2

«На прабегу 40—55 тысяч пачынаюць прагараць клапаны». Беларусы пра досвед карыстання Geely10

Як Стакгольм перамог заторы без абурэння жыхароў8

«Залаты мяч» атрымаў французскі нападнік Усман Дэмбеле

Аэрапорты Даніі і Нарвегіі прыпынялі працу праз з'яўленне вялікіх дронаў9

Пуцін даў расійскае грамадзянства былой памочніцы Байдэна7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Польшча адкрывае мяжу з Беларуссю60

Польшча адкрывае мяжу з Беларуссю

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць