Архіў

Сяргей Астраўцоў. Пікуль, оpel і вішнёвае віскі

№ 10 (167), 6 — 12 сакавіка 2000 г.


 

Пікуль, оpel і вішнёвае віскі

Беларуская міліцыя выхаваная ў савецкім духу

 

Можаце спрачацца, але ўсё ж гарадзенская мiлiцыя ня гэткая энкавэдысцкая, як сталiчная, якую хлебам не кармі, а дай беспакарана памардаваць дэманстрантаў. Канечне, у Гораднi не было нагэтулькi магутных акцыяў, як у сталiцы, таму мiлiцыi не было асаблiва нагоды выяўляць зьвярыныя iнстынкты. Дый улады не давалi каманды. Усё гэта так. Але ў сталiцы зьбiраюцца ня толькi лепшыя галовы, але й валацугi — таксама з усiх бакоў. А гарадзенская мiлiцыя — збольшага мясцовага паходжаньня, заходнебеларускага. Хоць i выхаваная цалкам у савецкiм духу.

Гарадзенская абласная газэта «Милицейский вестник» тры гады друкуе час-часам анкеты афiцэраў мiлiцыi. Апытваюць палкоўнiкаў i падпалкоўнiкаў, зрэдку — маёраў. Такiм чынам, з адказаў можна меркаваць пра густы i звычкi мiлiцэйскага кiраўнiцтва. Пытаньнi задаюцца цалкам цывiльныя, пачынаючы з «вашага знаку задыяку». Праўда, зьнiкла чамусьцi пытаньне наконт улюбёнага сьпiрытусовага напою. Замест гэтага сталi цiкавiцца: цi ёсьць у вас зброя? Дзiўна. Вядома ж, што ў кожнага мiлiцыянта павiнен ляжаць дзесь у сэйфе «макараў». Аднак усе адказваюць стандартна: няма...

Карацей, маецца на ўвазе, цi трымаюць таварышы афiцэры ў хатняй шуфлядзе штосьцi яшчэ «на ўсякую прыгоду».

Пiсьменьнiкаў нашыя мiлiцыянты часьцей называюць — Пiкуля, Iльфа зь Пятровым, Зошчанку. Раман любяць больш за ўсё «У жнiўнi сорак чацьвертага», а таксама «Дванаццаць крэслаў» i «Залатое цялё». Карацей, любяць пасьмяяцца. Узгадваюць яшчэ «Вайну i мiр», «Пётру Першага», «Шчыт i меч», «Дзецi Арбату», «Цiхi Дон» i значна менш вядомыя, напрыклад, «Журналiст для Брэжнева». Але адзiн падпалкоўнiк сказаў, што для яго лепшы пiсьменьнiк — гэта Васiль Быкаў зь ягонай «Альпiйскай балядай». А загадчык гаспадаркi УУС, палкоўнiк у адстаўцы, лiчыць найлепшым Якуба Коласа.

У кiно сытуацыя падобная. Найболей любяць афiцэры мiлiцэйскiя дэтэктывы. «Месца сустрэчы зьмянiць нельга», напрыклад. Часта называлiся «А зоры тут цiхiя...» — як вядома, зь першай савецкай па-сапраўднаму эратычнай сцэнай параньня ў лазьнi вайсковых сувязiстак i санiтарак зь вельмi рэльефнымi бюстамi i клубамi. Называўся і ўлюбёны фiльм савецкiх касманаўтаў «Белае сонца пустэльнi», а таксама «Масква сьлязам ня верыць», «Народжаная рэвалюцыяй» («Беларусьфiльм», эпапэя пра савецкую мiлiцыю), «Сямнаццаць iмгненьняў вясны» ды некаторыя iншыя, вельмi савецкiя стужкi.

Мiлiцыянты нашыя — вялiкiя дачнiкi, большасьць гаварыла, што любiць працаваць на дзялцы, увогуле — «фiзычна працаваць». Рыбалку таксама любяць i паляваньне, некаторыя — зьбiраць грыбы. А начальнiку амону вельмi падабаюцца «народныя танцы i кветкi». Гэта што датычыць хобi. А вось з напоямi галоўны амонавец таксама крыху зьдзiвiў: люблю «вiшнёвае вiскi» дый годзе. Некаторыя прызнавалiся: добрае вiно i каньяк. Але большасьць адказвала стандартна — гарэлка, прычым абавязкова «руская». Хаця сярод мiлiцыi пайшла мода на «Крышталь» з «Iльдзiнкай» — мясцовай мiнэральнай вадой з Парэчча (непадалёк Друскенiк), якая саленаватая на смак.

Самай жаданай маркай машыны для апытаных зьяўляецца BMW. На другiм месцы Opel i Audi, якой аддае перавагу ў тым лiку начальнiк амону. Некаторыя адказвалi сьцiпла: «На ўлюбёную няма грошай» або «Люблю свае старэнькiя «жыгулi». Толькi адзiн з апытаных ня стаў сьцiплiчаць, сказаўшы, што найболей яму падабаецца «кадыляк». Дарэчы, паводле словаў начальнiка ўласнай службы бясьпекi УУС, з удзелам мiлiцыянтаў усё часьцей адбываюцца дарожныя здарэньнi, што вельмi абурае цывiльных шафёраў.

Большасьць мiлiцыянтаў заўжды чакае Новага году, любяць таксама адзначаць Вялiкдзень. Мяркуючы з анкетаў, Дзень мiлiцыi папулярны мала. Хаця афiцыйна штогод у Гораднi ён адзначаецца вельмi пампэзна. Другога сакавiка (каб начальства пасьпела на сталiчныя ўрачыстасьцi, якiя адбываюцца 3-га) зноў быў масавы парадны збор на плошчы Савецкай. Адтуль пешая калёна, патрульныя «опэлi» i кавалерыйскi ўзвод прамаршавалi да азгураўскага Iльiча на плошчу Ленiна, дзе адбыўся паказ мiлiцэйскiх здольнасьцяў.

Крыху дзiўна, але афiцэры, якiя ўмеюць размаўляць па-беларуску i настроеныя досыць патрыятычна, у анкетах выглядаюць вельмi савецкiмi. Ня думаю, што гэта маскаваньне. Хаця, яны ўсё адно савецкiя не дарэшты.

Начальнiк аднаго РАУС на пытаньне «ў што ён верыць?» адказвае: «У Бога. Ён — гэта лепшае, што можа быць у душах». Напачатку незалежнасьцi адзiн маёр мiлiцыi з тутэйшых прыслаў у рэдакцыю, дзе я працаваў, лiст супраць беларускай мовы. Лiст гэты ў мяне захаваўся. Сёньня гэта ўжо палкоўнiк, ён пiша i публiкуе на беларускай мове мiлiцэйскiя дэтэктывы. Памудрэў. Разам з усёй Беларусяй.

Сяргей Астраўцоў


Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

«Мы дакладна ведаем, дзе хаваецца так званы Вярхоўны лідар. Ён — лёгкая цэль». Трамп патрабуе капітуляцыі Ірана1

«Мы дакладна ведаем, дзе хаваецца так званы Вярхоўны лідар. Ён — лёгкая цэль». Трамп патрабуе капітуляцыі Ірана

Усе навіны →
Усе навіны

У Кіеве ўжо каля 100 пацярпелых падчас начнога ўдару1

Ізраіль забіў і новага кіраўніка Генштаба арміі Ірана. Ён займаў пасаду пару дзён7

У Мінску знікла пенсіянерка. Аказалася, што яна па просьбе «следчых» стала кур’ерам махляроў 

Якія банкі гатовы ўзяць у вас не самыя ідэальныя купюры

Што цяпер з архівам КДБ аб рэпрэсіях у БССР, які змаглі здабыць былыя сілавікі? Калі яго апублічаць?49

Беларускі піяніст узяў адразу тры прызы на конкурсе ў Валенсіі

«Патраціла 300 рублёў — а яшчэ толькі сярэдзіна чэрвеня!» Беларусы абмяркоўваюць выдаткі на пакос травы і дзеляцца лайфхакамі31

ЗША не далучаюцца да Ізраіля ў вайне з Іранам2

Трамп заклікаў жыхароў Тэгерана неадкладна эвакуявацца

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Мы дакладна ведаем, дзе хаваецца так званы Вярхоўны лідар. Ён — лёгкая цэль». Трамп патрабуе капітуляцыі Ірана1

«Мы дакладна ведаем, дзе хаваецца так званы Вярхоўны лідар. Ён — лёгкая цэль». Трамп патрабуе капітуляцыі Ірана

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць