Лісты ў рэдакцыю
У нас у Коханаве
Усплёск нацыянальнай і дэмакратычнай актыўнасьці грамадзтва даўно перайшоў мяжу Менску. Усё часьцей і часьцей можна прачытаць пра пікеты, вывешаныя сьцягі ды надпісы на сьценах у Віцебску, Магілёве, Горадні. Нават у райцэнтрах гэта становіцца звычайнай зьявай. Але ўсе пералічаныя вышэй паказчыкі актыўнай прысутнасьці неабыякавых да Беларусі людзей зусім, праўда, як бы ня тычацца мястэчак, вёсак, жыхары каторых складаюць амаль траціну насельніцтва краіны. Але ёсьць і выняткі, хоць іх небагата.
Ня буду казаць за ўсіх. Раскажу пра любае мне мястэчка Коханава. Пра дзейнасьць NGO’s, патрыётаў і проста звычайных людзей.
Каб было нейкае ўяўленьне пра Коханава — крыху інфармацыі. Жыхароў каля 6 тысячаў, людзі, што зьехаліся з усяго былога СССР, школа на 1200 вучняў, вучэльня, два экскаватарныя заводы, ЖБВ і шмат дробных прадпрыемстваў. Знаходзіцца між Воршай і Талачыном, на шляху «з азіятаў у эўрапейцы» — трасе Масква-Менск.
Як бачым, патэнцыялу для эканамічнага разьвіцьця хоць адбаўляй. Але ж больш за палову мужчынаў мястэчка езьдзяць на заробкі ў Расею. А адтуль, наадварот, прыяжджалі газавікі, клалі газаправод «Ямал — Заходняя Эўропа». Перапорцілі шмат якіх нашых беларускіх дзяўчат, увогуле адчувалі сябе невядома кім, што хацелі, то рабілі, пакуль нашыя хлопцы не набілі ім пару разоў морду.
Вось прыкладна з таго часу (1997) і пачала стварацца моладзевая арганізацыя «КРАМ» (сёньня яна ўжо зарэгістравана), колькасьць сяброў якой складае больш за 20 чалавек (пераважна студэнтаў). «КРАМ» выдае моладзевую газэту «Золак» (выйшла 4 нумары), праводзім канцэрты, спартовыя спаборніцтвы, віктарыны. Акрамя «КРАМу» ў нас яшчэ ёсьць КХП БНФ, ТБМ, нядаўна стварыўся Малады Фронт. Так што з «трэцім сэктарам» у Коханава поўны О.К. А вось з уладамі... На ліку толькі аднаго «КРАМу»: прыезд КГБ з Воршы — адзін раз, выклік у раённую пракуратуру — адзін раз... Але гэта ўжо асобная гісторыя...
Дастойным нашай і вашай увагі ёсьць эфэктыўны сродак барацьбы з надпісамі на сьценах, які вынайшла наша ўлада. Усё вельмі проста і галоўнае — танна... 25 сакавіка мясцовыя патрыёты зрабілі графіці на сьцяне мясцовай крамы. На паўсьцяны лунаў Наш Сьцяг з надпісам унізе «Belarus, zmahajsia!» Графіці пратрымалася цэлыя пяць дзён. І тут пачынаецца самае цікавае. Старшыня пассавету (у нас гэта жанчына) тэлефануе ў краму і папярэджвае прадаўцоў, што, калі яны ня хочуць разьвітацца з працоўнымі месцамі, надпіс мае быць замаляваны. Ну, Вы ж ведаеце наш горды народ. Як вы думаеце, што яны зрабілі? Правільна. Скінуліся па тысячы рублёў, найнялі двух алкашоў, якія і замалявалі праявы супраціву «юных падпольшчыкаў».
Раю пашырыць коханаўскі досьвед на ўсю краіну. На чыім доме ці ўстанове напісалі нешта недазволенае, тых выганяйце з дому, і няхай замалёўваюць. Можна пад наглядам амону з бронетранспарцёрамі. А ня могуць, хай плацяць адкупнога.
А ў Коханаве 25 сакавіка невядомымі патрыётамі быў вывешаны яшчэ і сьцяг, нацягнуты на радыёдрот паміж двума пяціпавярховымі дамамі. Зьняты электраманцёрамі толькі апоўдні 3 красавіка.
Кастусь Зьмітрыевіч, Коханава
РНЕ па зубах
У нашай школе пачалася прапаганда РНЕ. Усё больш хлопцаў, пачынаючы з 8-е да 11-е клясы пачалі насіць значкі з нацысцкай свастыкай, сталі ваўкавата глядзець на хлопцаў, якія размаўляюць па-беларуску.
Вось быў такі выпадак. Адзін хлопец нёс газэту «Верас» (напэўна, чытаў на перапынку), а на яго наляцелі РНЕўцы, пачалі яго біць, абражаць. Казалі, што як убачаць яшчэ раз у ягоных руках газэту «Верас», як пачуюць ад яго беларускае слова, дык яму зусім кепска будзе. Даведаўшыся пра гэта, мой сябра расказаў краёўцам пра гэтае здарэньне. Ужо дзён празь пяць тыя РНЕўцы сталі «мілыя», значкі са свастыкай кінулі насіць, прыгожа сталі апранацца (кашуля, пінжак і ўсё такое). Адным словам, падціснулі хвасты.
Не дамо нацыстам несьці сваю прапаганду! Не дамо прыніжаць і біць беларусаў!
С.П. (Rambol), Віцебск
Што параіць Малады Фронт?
Дзіўны дакумэнт атрымалі нядаўна школы Барысаўскага раёну. Барысаўская раённая арганізацыя БПСМ рэкамэндуе кіраўнікам школ правесьці акцыю «Моладзь супраць злачыннасьці» і віктарыны па гэтай тэматыцы, а таксама конкурс плякатаў і насьценгазэтаў «Моладзь за здаровы лад жыцьця». Вядома ж, з злачыннасьцю трэба змагацца. Хоць віктарынамі, лекцыямі, дыскатэкамі. Дый здаровы лад жыцьця добрая штука. Спадзяюся, што ў БПСМ ён заведзены. Адно што пытаньні некаторыя паўстаюць. Ці можа грамадзкая арганізацыя даваць указаньні (хай сабе й «рэкамэндацыі») дзяржаўным установам? Чаму хлопчыкі ды дзяўчаткі з барысаўскага БПСМу не паедуць самі ў раён ды не зоймуцца выхаваньнем здаровага ладу жыцьця? Ды яшчэ: а што рабіць кіраўнікам школ, калі «рэкамэндацыі» будзе дасылаць ня толькі БПСМ, але й, напрыклад, ЛКСМБ, Маладая Грамада і Малады Фронт?
Зьміцер Бярэзін, Барысаў
Цяпер чытаюць
Агентка Кардаш выкарыстоўвала сэкс, каб збіраць інфармацыю пра каліноўцаў і завербаваць украінскага камандзіра. А куратару КДБ пісала пра яго: «Мой лох»
Каментары