Зяленскі спадзяецца завяршыць вайну дыпламатычным шляхам ужо ў наступным годзе
Прэзідэнт Украіны таксама адзначыў, што замарожванне лініі фронту на сённяшніх пазіцыях было б «велізарнай саступкай» з боку Украіны, аднак ён гатовы да дыялогу дзеля захавання незалежнасці дзяржавы.

Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі заявіў, што спыненне баявых дзеянняў з’яўляецца галоўным прыярытэтам для Украіны, і выказаў надзею, што міру ўдасца дасягнуць ужо праз год дзякуючы актыўным дыпламатычным намаганням і перамовам. Пра гэта ён заявіў у інтэрв’ю тэлеканалу France 2, піша «Украінская праўда».
«Я вельмі спадзяюся (што праз год ва Украіне будзе мір). Мы зробім усё, што зможам. Гэта наш прыярытэт. Мой і маёй каманды. Мая каманда зараз вядзе перамовы. Наш прыярытэт — пакласці канец гэтай вайне».
Прэзідэнт падкрэсліў, што Расія спрабуе падаць свае ўльтыматумы як пошук кампрамісу, адначасова працягваючы атакаваць мірнае насельніцтва і выкарыстоўваць холад як зброю. Зяленскі адзначыў, што чым больш РФ забівае мірных жыхароў, тым далей адсоўваецца перспектыва рэальных дамоўленасцяў.
Зяленскі падкрэсліў, што дыпламатычны шлях не азначае капітуляцыі ці прыняцця расійскіх ультыматумаў. Паводле яго слоў, патрабаванне Масквы аб вывадзе Узброеных сіл Украіны з усяго Данбаса з’яўляецца «чырвонай лініяй».
Прэзідэнт Украіны адзначыў, што нават «замарожванне» лініі фронту на сённяшніх пазіцыях было б «велізарнай саступкай» з боку Украіны, аднак ён гатовы да дыялогу дзеля захавання незалежнасці дзяржавы.
Зяленскі таксама пракаментаваў ініцыятыву прэзідэнта Францыі Эманюэля Макрона адносна аднаўлення дыялогу з Пуціным. Украінскі лідар лічыць, што размаўляць варта, але «з вылучэннем умоў», паколькі пакуль ціск на РФ недастатковы, і Пуцін выкарыстоўвае перамовы толькі для прыніжэння Еўропы.
Таксама ў інтэрв’ю прэзідэнт Украіны заявіў, што за чатыры гады поўнамаштабнай вайны загінулі 55 тысяч украінскіх вайскоўцаў, пры гэтым значная колькасць абаронцаў лічыцца зніклымі без вестак. Год таму Зяленскі паведамляў пра больш як 46 тысяч загінулых.
Цяпер чытаюць
Агентка Кардаш выкарыстоўвала сэкс, каб збіраць інфармацыю пра каліноўцаў і завербаваць украінскага камандзіра. А куратару КДБ пісала пра яго: «Мой лох»
Каментары