Архіў

Адам Глёбус. Бездапаможны самазабойца — Акутагава Руноскэ

№ 22 (179), 29 траўня — 5 чэрвеня 2000 г.


 

Адам Глёбус

Бездапаможны самазабойца — Акутагава Руноскэ

Наўздагон тэкстаў

 

***

Нататкі Акутагавы Руноскэ вытанчаныя, як трэснутая бамбукавая вудачка, што прадаецца ў краме «Паляўнічы й рыбак».

 

***

Акутагава пісаў: «...нават калі адкінуць агіду гарадзкога жыхара да глухмені...» Падобнага я не сустракаў ні ў аднаго зь беларускіх літаратараў, яны — сена на асфальце, усе — родам з хатаў, а мне да душы японская агіда да глухмені.

 

***

«Хлусьня — праўда мінулага, яна роднасная грашам, што хадзілі ў часы старажытных княстваў», — выдатна заўважыў і параўнаў Акутагава. Грошы ня лепшыя за людзей і доўга не жывуць.

 

***

Акутагаву зьдзіўлялі ордэны і тое, што вайскоўцы ў цьвярозым стане гуляюць з начэпленымі на грудзі ордэнамі. Я з гэтаю зьяваю звыкся, толькі большасьць беларускіх вайскоўцаў і вэтэранаў, абчапляных шалупіньнем узнагародаў, разгульваюць у нецьвярозым стане.

 

***

Грошы добрыя хоць бы таму, што нянавісьць, сутыкаючыся з выгодамі, губляе вастрыню.

 

***

«Заўзятыя нацыяналісты, у большасьці сваёй, — людзі, якія пазбаўленыя радзімы. Нікому з нас ня трэба тое, што мы маем», - разважаў Акутагава Руноскэ. Не хацеў бы зь ім пагаджацца, але самыя пасьлядоўныя айчынныя нацыяналісты: Пазьняк, Сокалаў, Надсан — жывуць у чужых краінах.

 

***

На пачатку 20-х гадоў ХХ стагодзьдзя Акутагава выказаў наступную думку. Самая вялікая трагедыя сучаснага Кітаю палягае ў тым, што ў нацыяналістычных рамантыкаў няма чалавека, падобнага да Мусаліні, які быў бы здатны даць ім жалезнае выхаваньне. Цікава, што б сказаў той жа Акутагава, калі б пабачыў жалезнае выхаваньне, якое ўвёў у Кітаі адзін з самых крыважэрных тыранаў сьвету - Мао?

 

***

Жыцьцё падобнае да алімпійскіх гульняў, наладжаных вар’ятамі... Заўважыў Акутагава. І пэўна ж, яно нагадвае алімпійскія гульні, на якіх за судзьдзяў працуюць псыхічна хворыя людзі. А хто й калі стварыў нашае жыцьцё - пытаньне асобнае.

 

***

Калі жанчына выходзіць замуж, і ў яе пасяляецца душа хатняе жывёлы, пра што пісаў Акутагава, дык сям’я мае шанец захавацца й доўга жыць, пры ўмове, што муж мае душу паляўнічага. А калі ў жанчыны застанецца душа драпежнай і непрыручанай істоты, захаваць сям’ю немагчыма, нават калі ў мужа душа забойцы.

 

***

Адна з асаблівых рысаў генія - здатнасьць наладжваць скандалы. У гэтым назіраньні Акутагавы для мяне вельмі важна, што геній ня ўдзельнічае ў скандалах, а ладзіць іх.

 

***

Я ніколі не падаю жабракам. Ёсьць шмат іншых людзей, каму патрэбная мая дапамога. Вельмі хацелася б дапамагчы Акутагаву, які ў змрочны для сябе дзень напісаў: «Той, хто ня мае матэрыяльнага багацьця, ня мае й багацьця духоўнага - так было ў дзьвюхтысячагадовай старажытнасьці. Сягоньня інакш - той, хто мае багацьці матэрыяльныя, ня мае багацьцяў духоўных». А на мой розум, скарбы духоўныя не знаходяцца ў непасрэднай залежнасьці ад скарбаў матэрыяльных.

 

***

Акутагава пабачыў сінюю варону й напісаў пра яе занатоўку, а не хайку. Можа ён і сапраўды быў больш эўрапейцам, чым азіятам. Толькі за празаічнай мініятураю я ўсё адно бачу накід хайку пра сінюю варону на голай галіне.

 

***

Ці змогуць эўрапейцы, колькі ім ні тлумач, зразумець веліч Басё — гэта пытаньне з пытаньняў... Задумваўся Акутагава. А я думаю, што зразумець Басё зусім ня цяжка. Гэта як дакрануцца рукою да поўні, гэта можа зрабіць кожны.

 

***

Чым павучаць іншых, лепей вучыцца самім... Досыць спрэчнае сьцьверджаньне прачытаў у Акутагавы. Каб нечага навучыцца самому, трэба некага навучыць гэтага. Я так мяркую.

***

Акутагава разважае пра сьмяротнасьць усяго існага й цытуе Ван Шанчжэна: «Карціна жыве пяцьсот гадоў, кніга - васямсот». У маіх выдавецтвах за сем гадоў выйшла больш за тысячу дзьвесьце найменьняў кніжак. Шмат якія не пражылі й паўгода, непрададзеныя наклады былі адпраўленыя на фабрыку для пераваркі ў кардон. Таму маю поўнае права не пагадзіцца з Ван Шанчжэнам. Толькі асобныя кніжкі могуць мець доўгае жыцьцё. І не абавязкова гэта будзе лепшае ці горшае з напісанага і выдадзенага, гэта будуць кніжкі доўгажыхары, як і людзі-доўгажыхары зусім не абавязкова зьяўляюцца найлепшымі з роду чалавечага.

 

***

Што зьдзівіла ў занатоўках Акутагавы: ён ніколі не чытаў ні даоскіх, ні будыскіх твораў. Нават ня верыцца. Ён прачытаў безьліч другараднай замежнай, збольшага заходнеэўрапейскай, літаратуры, імправізаваў на матывы Гогаля й Суіфта, быў бясспрэчна адукаваны й выкшталцоны, але адкуль такая хранічная хвароба на сацыялізм, такое неразуменьне й непрыманьне ідэяў будызму й даасізму. Добра яшчэ тое, што, у адрозьненьне ад сваіх эўрапейскіх аднадумцаў, ён не паліў сабораў, а прызнаваўся, што недзе на сподзе душы ў яго тоіцца перайманая ад далёкіх продкаў ідэя адрошанасьці.

 

***

Зь вялікай ахвотаю я пагадзіўся б з наступным выказваньнем Акутагавы: «Зразумеў, што калі б нават у думках параўнаць створанае намі з творамі найвялікшых майстроў, дык напісанае намі, усё без выняткаў, не шкада шпурнуць у вогнішча», каб не адна акалічнасьць: кінуць у полымя мае рукапісы можна й безь мяне. Нашто час марнаваць?

 

***

Я займаюся вывучэньнем творчасьці Акутагавы зусім не таму, што ён блізкі мне, наадварот, я зраблю ўсё, каб спасьцігнуць ягоны шлях і не пайсьці ў тым накірунку.


Каментары

Цяпер чытаюць

Пад новыя санкцыі ЕС трапілі беларускія банкі. Што зменіцца на практыцы?9

Пад новыя санкцыі ЕС трапілі беларускія банкі. Што зменіцца на практыцы?

Усе навіны →
Усе навіны

«ІТ-бум, як у нас да 2020». Джун не знайшоў працу ў Мінску, а ў Ташкенце з рукамі адарвалі4

«Баста ўжо паклікаў на лэйбл». Хлопец з Гродна за месяц стаў рэперам, якога абмяркоўвае ўся постсавецкая прастора8

Завод «Гарызонт» і дочкі расійскіх банкаў трапілі пад санкцыі Еўрасаюза

Дзве трагедыі ў адной сям'і. Родная бабуля і суседзі пра зніклую ў М'янме Веру Краўцову і няшчасце, што здарылася чатыры гады таму8

Мядзведзеў пра Трампа: Гаваркі міратворац цяпер паўнавартасна стаў на сцежку вайны з Расіяй18

У Мінску склалі рэйтынг самых дарагіх і танных вуліц. Розніца ў цане значная4

ЕС збіраецца забараніць этанол у антысептыках для рук3

Гарыць пасля ўдару Разанскі нафтаперапрацоўчы завод — адзін з найбуйнейшых у Расіі4

За 12 гадоў колькасць беларускіх студэнтаў у Польшчы вырасла ў чатыры разы, у Расіі скарацілася ўтрая5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пад новыя санкцыі ЕС трапілі беларускія банкі. Што зменіцца на практыцы?9

Пад новыя санкцыі ЕС трапілі беларускія банкі. Што зменіцца на практыцы?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць