Архіў

Сяргей Харэўскі. Лысая Гара

№ 23 (180), 5 — 12 чэрвеня 2000 г.


 

Лысая Гара

Ува ўсіх народаў арыйскага паходжаньня, ад Ірану да Скандынавіі, ёсьць свае "лысыя горы". Іх назва трывала зьвязваецца з рознай чартаўшчынаю. Менавіта на гэтых гарах гойсаюць бесы й колькі разоў на год зьбіраюцца ведзьмы на свае шабашы. У Швэцыі – гэта Блакула, у Гішпаніі – Бараон, у Літве – Шатрыя пад Шаўлямі, у Італіі – Сьпінато й Патэрна, у немцаў з аўстрыякамі іх цэлая плойма – Блёксбэрг, Хорсэльбэрг, Бэхтельбэрг ды шмат іншых. Тое самае і ў славянаў. Ёсьць гэткая Лысая гара блізу Кіева, ёсьць каля Львова, ёсьць у Карпатах ля Закапанага. У польскіх Сьвятакрыскіх гарах іх нават дзьве. Адну перайменавалі ў гару Сьвятой Кацярыны, а другая засталася Лысіцай.

Расейскі гісторык ХІХ стагодзьдзя Хадоўскі налічыў больш за пятнаццаць гор з гэткай назвай у славянскіх краёх. Ён піша: "Лысыя горы, на якія зьбіраюцца баба-Яга зь нячыстымі духамі, зь ведунамі й ведзьмамі – месцы абавязкова прыгожыя. І шабашы творацца тут у чыстае бязвоблачнае надвор'е".

Што ж такое ведзьмін шабаш? Паводле эўрапейскіх традыцыяў, ведзьмы зь ведзьмакамі адпраўляюцца на шабаш вярхом на мятле ці на кіях. Яны выходзяць уначы на ростань. Каля тае ростані раскрываецца страшная пячора. Нячысьцікі станавіліся перад ёю й тройчы гукалі шатана, каб ён забраў іх на Лысую гару. Шатан зьяўляўся на покліч сваіх прыхільнікаў, апранёны ў шэры каптан, чырвоныя штаны й востраверхі капялюх. І барада ў яго вялікая, рудая... Ён падхопліваў сваіх гасьцей і яны небам адпраўляліся на баляваньне. На Лысую гару. Шатану дапамагае натоўп чартоў. Усе чарты набываюць выгляд казлоў, верхам на якіх і лятуць усе ахвочыя на шабаш. Многія вядзьмаркі прыводзяць з сабою дзяцей. Асаблівай была й пачостка на гары. Абавязковыя стравы: капуста з салам, аўсяная каша, масла, сыр ды малако. Зрэшты, што тут дзіўнага? Адсутнасьць алькагалю! Так.... паелі, папілі, парагаталі ды й разьляцеліся.

Мніх, тэоляг й гісторык Дэль Рыа у 1611 годзе пісаў: "Найперш там творацца скокі й вусьцішны рогат, пасьля сядаюць за стол".

Галоўны шабаш у Беларусі адбываўся на Лысай Гары на Купальле, а ў заходняй Эўропе – у ноч на Сьятога Вальпурга.

Чаму гара менавіта Лысая? Ці не ад чорта лысага? Ва ўсёй іранскай, юдэйскай, хрысьціянскай і мусульманскай дэманалёгіі чарты й сапраўды лысыя. Лысіна ў большасці старажытных народаў адназначна нэгатыўная прыкмета. Ня дзіва – ранейшая працягласьць жыцьця была ў палову цяперашняй. А лысіна ў гадоў 30 – паталёгія. Як кажуць у народзе – ад чужых падушак. Глядзі, і рогі вылезуць. Але гэтыя горы зусім неабавязкова голыя. Некаторыя пакрытыя дрымучым лесам, іншыя – голым скальным каменьнем і нічым не адрозьніваюцца ад суседніх. Падказку дае рымская назва гэткіх гор. У латыні іх завуць Calvus monts, альбо гара чэрапу. Дарэчы, менавіта адсюль этымалягічна вынікае й Кальварыя. Месца сьмерці. Менавіта на колішніх мясцовых Лысых горах і паўставалі пазьнейшыя каталіцкія Кальварыі – у Менску, у Вільні, у Жыровіцах і далей.

Цікава, што ў кожным краі побач з Лысай гарою ёсьць месцы чыстыя – горы Сьвятыя. Яны абавязкова складаюць пару. Як дабро й зло, цемрадзь і прасьвятленьне. Сьвятая гара абавязкова вышэйшыя. Хоць крыху. Гэткія месцы абіралі для сьвяцілішчаў. Але з 1958 году нашая Сьвятая гара, зусім недалёкая ад Лысай, была перайменаваная ў Дзяржынскую.

Сяргей Харэўскі


Каментары

Цяпер чытаюць

Беларус з ізраільскага Бат-Яма паказаў сваё жыллё пасля ўдару іранскіх ракет9

Беларус з ізраільскага Бат-Яма паказаў сваё жыллё пасля ўдару іранскіх ракет

Усе навіны →
Усе навіны

На «Камунарцы» новы генеральны дырэктар1

Іран заявіў, што гатовы заключыць пагадненне, якое гарантуе адсутнасць у яго ядзернай зброі, і патрабуе спыніць Ізраіль2

Выпускніца з Баранавічаў, якая набрала 400 балаў з 400, расказала, куды думае паступаць і што не разглядае замежныя ВНУ26

Частка іранскіх ракет ізноў прабіла «Жалезны шчыт» Ізраіля, адзін гмах разбураны дашчэнту5

На фоне вайсковага парада Трампа ў Вашынгтоне па ўсёй Амерыцы прайшлі пратэсты1

Патрыярх Кірыл драматычна расказаў, як натаўцы адправілі насустрач яму грозны знішчальнік F-165

Трамп прагразіў Ірану атакай «на ўзроўні, які ніколі раней не бачылі», калі той нападзе на ЗША2

Ці сапраўды ў Турцыі сёлета паўпустыя пляжы?

Пентагон павіншаваў амерыканцаў з Днём Сцяга выявай расійскага флага4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларус з ізраільскага Бат-Яма паказаў сваё жыллё пасля ўдару іранскіх ракет9

Беларус з ізраільскага Бат-Яма паказаў сваё жыллё пасля ўдару іранскіх ракет

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць