Архіў

Аляксандар Старыкевіч. Кубінскія казакі

№ 37 (194), 11 — 18 верасьня 2000 г.


 

Аляксандар Старыкевіч

Кубінскія казакі

 

Упершыню імя Лукашэнкі на Кубе пачулі гадоў пяць таму. У той час на «Востраве Свабоды» гасьціла група журналістаў зь Беларусі. Гэтая каманда наладзіла несанкцыянаваную дэманстрацыю па вуліцах знакамітага курорту Варадэра. Пад трапічнай залевай на арандаваным джыпе ехалі чацьвёра мужчын у адных плаўках і скандзіравалі: «Жыве Беларусь! Далоў Лукашэнку!» Відовішча, як сьведчылі тыя, хто бачыў яго на свае вочы, было экзатычнае нават па кубінскіх стандартах.

І вось нарэшце на Кубу ступіла нага беларускага сябра, хаўрусьніка і амаль што брата. Дзіўна, што дзьве такія сацыяльна блізкія асобы, як Лукашэнка з Кастрам, не сустрэліся значна раней. У новым сусьветным парадку абодва яны выглядаюць як апошнія прадстаўнікі своеасаблівай Запароскай Сечы, толькі ролю турэцкага султана ў гэтым выпадку адыгрывае амэрыканскі імпэрыялізм. Хоць гэтая вольніца гістарычна асуджаная і ейны час паступова сыходзіць, пакуль што яшчэ можна пацешыць сябе гарачымі пацалункамі «а-ля Брэжнеў», ордэнамі «за ўмацаваньне сувязяў паміж народамі» ды іншымі атавізмамі сацыялістычнай эпохі.

Кажуць, беларускага госьця бянтэжыла тое, што на фоне смуглявага рэвалюцыйнага камандантэ ён будзе выглядаць бледна ва ўсіх сэнсах. Так і адбылося, бо Кастра, як бы да яго ні ставіцца, постаць значна больш выбітная, чым сьціплы дырэктар саўгасу, якім Лукашэнка па вялікім рахунку застаўся дагэтуль. Істотная розьніца паміж імі палягае яшчэ і ў тым, што кубінскі лідэр усё ж такі бароніць незалежнасьць сваёй краіны, а не гандлюе ёй дзеля ўласнай выгоды. Лукашэнка падобны да Фідэля, як шашок да тыгра, і хутчэй стварае ўражаньне дрэннай пародыі, асабліва калі зьяўляецца на людзях у камуфляжцы.

Абмяркоўваць усур’ёз вынікі візыту Лукашэнкі на Кубу не выпадае з прычыны іх поўнай адсутнасьці. Заявы пра «рэзкую інтэнсыфікацыю» эканамічных сувязяў зьяўляюцца звычайнай пратакольнай лузгой. Папросту Кастра і Лукашэнка добра разумелі, што хоць іх і запрасілі на «саміт тысячагодзьдзя», на гэтым сьвяце яны будуць чужынцамі і таму напярэдадні наладзілі сваё асабістае — у сямейным коле.

Як і чакалася, «горад жоўтага д’ябла» сустрэў Кастра і Лукашэнку ня надта ласкава. Мэр Джуліяні без асаблівых цырымоніяў заявіў: «Удзельнікаў саміту будуць ахоўваць лепш, чым у любой іншай кропцы сьвету, аднак, па маім асабістым меркаваньні, некаторыя зь іх зьяўляюцца агіднымі жахлівымі істотамі, і пра гэта варта нагадваць ім кожны раз, калі ёсьць магчымасьць». Вашынгтонская адміністрацыя з гэтым цалкам пагадзілася і не запрасіла Лукашэнку на ўрачысты прыём. Але гэта здарылася не ў апошні момант, як падалі некаторыя сродкі масавай інфармацыі, а было вядома ўжо досыць даўно. Менавіта таму візыт Лукашэнкі ў Амэрыку быў сплянаваны такім кароткатэрміновым: трэ было адляцець у Менск як мага хутчэй, каб потым заявіць, што гэта ня Клінтан мяне адмовіўся частаваць, а я сам не пажадаў зь ім за адным сталом сядзець.

Сумясьціўшы паездку ў Вашынгтон з наведваньнем Кубы, Лукашэнка міжволі выразна акрэсьліў уласнае месца ў сучасным сьвеце. Крыўдзіцца тут няма на каго: Лукашэнка сам сябе загнаў у палітычнае гета, намаляваўшы чырвоную зорку на ілбе. Добра, што яшчэ хоць не распранулі дагала ў аэрапорце, як паўночных карэйцаў...


Каментары

Цяпер чытаюць

«Міс Беларусь» усё больш нагадвае конкурс прыгажосці ў гарэме22

«Міс Беларусь» усё больш нагадвае конкурс прыгажосці ў гарэме

Усе навіны →
Усе навіны

Затрыманы журналіст Кірыл Пазняк8

Ці сапраўды цыклічны сон дапамагае выспацца?4

Два прычалы і нафтавы танкер пашкоджаны ў нафтаналіўным порце Прыморск пад Пецярбургам пасля атакі БПЛА3

Расіяне праз газавую трубу заходзяць у Купянск, як колісь у Суджу2

«Усё — хлусня і маніпуляцыі». Спецыялісты рэзка адказалі на істэрыю вакол рэканструкцыі Чырвонага касцёла3

Украіна навучылася лепш супрацьстаяць расійскім «Кінжалам»

Марк Рутэ абвясціў пра запуск спецыяльнай праграмы НАТА для абароны ўсходняга флангу альянсу3

Трагедыя пад Бярозай: як 30 гадоў таму збілі паветраны шар з амерыканцамі1

Фіналістак конкурсу «Міс Беларусь — 2025» вывелі на сцэну ў касцюмах з цытатамі Лукашэнкі39

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Міс Беларусь» усё больш нагадвае конкурс прыгажосці ў гарэме22

«Міс Беларусь» усё больш нагадвае конкурс прыгажосці ў гарэме

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць