Архіў

Памерла Мод...

№ 45 (202), 8 — 13 лістапада 2000 г.


 Памерла Мод...

Колькі разоў яна памірала на сцэне, і вось цяпер — у жыцьці. Катастрофа здарылася 12 кастрычніка: інсульт, шпіталь, безнадзейнасьць… А 6 лістапада надышоў непазьбежны фінал. І цяпер мы мусім жыць без Стэфаніі Станюты. Цяжка! У свае 95 гадоў яна была маяком – адзіным, і якім жа каштоўным аскепкам клясычнае акторскае традыцыі, носьбітамі якой былі калісьці і Рахленка, і Ржэцкая, і Глебаў-Сарокін.

Цяпер гэтая традыцыя скончылася, і, хаця нехта яшчэ самаўпэўнена прэтэндуе на яе спадчыну, на дварэ зусім іншая тэатральная эпоха. Тэатар стаўся цацкаю для багатых, а нам застаецца толькі настальгічна згадваць назовы тых даўніх, амаль забытых пастановак, у якіх блістала ў сваёй беспараўнана арыстакратычнай манеры Стэфанія Станюта. А было яшчэ кіно: 34 фільмы за няпоўныя 30 гадоў.

Адзіным домам Станюты заўжды заставаўся Купалаўскі тэатар. Яна прыйшла сюды ў 1932 г., маючы за плячыма 6 гадоў вучобы ў Беларускай драматычнай студыі пры Маскоўскім тэатры Станіслаўскага і 6 гадоў працы ў Віцебску. Тут яна сыграла свае лепшыя ролі і сустрэла сваю сапраўдную гераіню – Мод. Яны былі амаль аднагодкамі: Станюта і 79-гадовая Мод, якая жыве ў чыгуначным вагоне, крадзе аўтамабілі і ходзіць на ўсе хаўтуры, бо ведае, што ўсяму свой час, і зусім ня хоча спазьніцца на сваё пахаваньне. Тут, на хаўтурах, яна сустракае сваё каханьне – 19-гадовага багаценькага інтравэрта. Гэты хлопец – Гаральд – заляцаецца да яе і хоча зь ёй ажаніцца. Якой жа трэба быць кабетай, каб мы паверылі ў праўду гэтага каханьня! І якой трэба быць акторкай, каб удыхнуць жыцьцё ў бутафорска-ўмоўнае дрэва, якое становіцца сымбалем яе душы!

У фінале п’есы Мод памірае – добраахвотна, бо ёй адной дадзена зразумець непахісныя законы быцьця. Так паміраюць на сцэне. У жыцьці ўсё інакш – болей празаічна і напэўна больш трагічна. Мод памерла… Але назаўжды засталося каханьне. А калі не каханьне, дык несьмяротная памяць аб ім.

Юлія Андрэева

 

Мікалай Пінігін, рэжысэр:

— Пайшла цэлая эпоха, і ня толькі тэатральная — эпоха беларускай культуры. Чалавек, які бачыў спэктаклі Меерхольда, Таірава, Станіслаўскага, вельмі адукаваны, вельмі сьвядомы. Я ніколі не забуду, як мы ехалі на таксоўцы пасьля спэктаклю “Гаральд і Мод” і яна паказвала: “А вось тут цар Мікалай ІІ гладзіў мяне па галоўцы”. Гэта пайшла цэлая вялікая эпоха, і замяніць яе няма каму, няма чым.

Віктар Манаеў, актор, выканаўца ролі Гаральда:

— Скончылася цэлая эпоха Купалаўскага тэатру. Ёй удалося пражыць такое доўгае жыцьцё, такія цяжкія і трагічныя часы, калі такое адбывалася і зь Беларусяй, і з тэатрам, і застацца пры гэтым такім сьветлым чалавекам. Я думаю, што для Бога важней ня тое, наколькі ты таленавіты, а колькі сьвятла ты ствараеш вакол сябе, кім бы ты ні быў — артыстам ці рабочым сцэны. Яна была чалавек-сьвятло.


Каментары

Цяпер чытаюць

Бліжэйшым часам будуць вызвалены больш за 150 палітзняволеных39

Бліжэйшым часам будуць вызвалены больш за 150 палітзняволеных

Усе навіны →
Усе навіны

Абноўлена Рада па развіцці прадпрымальніцтва. З яе прапаў Тапузідзіс2

Пачаўся суд над забойцам Чарлі Кірка Тайлерам Робінсанам5

На 10 гадоў асудзілі мінчука за ДТЗ, у якім загінулі чатыры чалавекі

Запланаваныя перамовы Аляксандра Лукашэнкі з дэлегацыяй ЗША адбыліся4

Як цяпер жыве «суровы турыст» з Беларусі, які стаў знакамітым 12 гадоў таму7

55‑гадовага жыхара Мазыра адправілі за краты па папулярным палітычным артыкуле

Паглядзіце, як выглядае Мінск перад Усебеларускім народным сходам14

Карлас Алос: Звальненне са зборнай Беларусі — абсалютна нечаканае2

Дзясяткі краін ахапіла новая хваля грыпу, прыйшоў новы небяспечны штам3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Бліжэйшым часам будуць вызвалены больш за 150 палітзняволеных39

Бліжэйшым часам будуць вызвалены больш за 150 палітзняволеных

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць