Архіў

Гары і Гарэцкі (У Вільні адкрылі мэмарыяльную дошку на доме, дзе правёў маленства францускі пісьменьнік Рамэн Гары)

№ 45 (202), 8 — 13 лістапада 2000 г.


 

Гары і Гарэцкі

У Вільні адкрылі мэмарыяльную дошку на доме, дзе правёў маленства францускі пісьменьнік Рамэн Гары

Надоечы ў Вільні зьявілася яшчэ адна новая мэмарыяльная табліца, з брунатнага мармуру. Надпісы па-літоўску й па-француску сьведчаць, што ў гэтым доме нумар 16 на колішняй Вялікай Пагулянцы з 1917-га да 27-га году жыў славуты францускі пісьменьнік і дыплямат Рамэн Гары, а тады маленькі Раманчык Касеў са сваёй «maman Nina». Гэтыя гады ён у раманах “Абяцаньне на досьвітку” і “Эўрапейскае выхаваньне” зрабіў здабыткам сусьветнае літаратурнае клясыкі, у якую сам увайшоў ажно пад двума імёнамі – Рамэна Гары й Эміля Ажара. «Паляк з расейскім акцэнтам», «расейскі француз», «расейска-літоўскі жыд»... якіх толькі цэтлікаў не напрышчаплялі яму крытыкі й дасьледчыкі.

«Двор дому №16 па вуліцы Вялікая Пагулянка здаваўся мне вялізарнай арэнаю, на якой я засвойваў майстэрства глядыятара, рыхтуючыся да будучых баталіяў. Патрапіўшы сюды праз старую браму, вы бачылі пасярод двара агромністую крушню цэглы – рэшткі заводу боепрыпасаў, узарванага партызанамі падчас патрыятычных баёў паміж польскімі й літоўскімі войскамі; крыху далей – дрывотня й вялікая прастора, зарослая крапівой, на якой я здабываў самыя слаўныя перамогі ў сваім жыцьці. Далей, за высокай агароджаю, цягнуліся сады. У двор выходзілі дамы, што стаялі на дзьвюх суседніх вуліцах. Направа былі паветкі, у якія я часта забіраўся па страсе, рассунуўшы пару дошак. Жыхары скарыстоўвалі гэтыя павеці для перахоўваньня мэблі, яны былі забітыя куфрамі й валізамі, якія я багавейна адчыняў. Разам з пахам нафталіну ад іх патыхала загадкавым жыцьцём старамодных рэчаў. Як зачараваны, я гадзінамі праседжваў сярод знойдзеных скарбаў, раскіданых на падлозе, нібы пасьля крушэньня карабля...”

Тут, на Пагулянцы, мала зьмянілася з тых гадоў. Адно што няма цяпер тых паветак. Але атмасфэра старое Вільні засталася.

У Вільні ў той час рабіліся сапраўды грандыёзныя рэчы. Паводле твораў Гары літаральна гэта прасачыць немагчыма – ён апісвае сьвет свайго маленства. Але магчыма па творах Максіма Гарэцкага, напрыклад, у артыкуле «Смаленск-Менск-Вільня»:

«Пасьля панаваньня немцаў Вільня спусьцела, людзей было мала, конка не хадзіла, фурманоў не відаць, гандляры керанак ня хочуць браць, усё надта дорага, а хлеба і зусім не дастаць. У савецкіх установах чулася найбольш польская й літоўская мова, на вуліцах – польская і жыдоўская, а калі я зварочваўся да газэтніка, фурмана, нумарнога ў гатэлі па-беларуску, дык яны кідалі мову польскую ці расейскую і гаварылі па-беларуску. Тым часам белыя былі недалёка: станцыі за тры ад Вільні ці бліжэй. Іх то адганялі, то яны ізноў бліжэй падсоўваліся. Над Вільняю лёталі часта аэрапляны, кідалі, як мне прыходзілася чуць ад людзей, праклямацыі з заклікам бунтавацца супроць Саветаў. Усюды было шмат шаптуноў; шапталі самае фантастычнае...»

Рамэн Гары са сваёй маці патрапілі спачатку ў літоўскую Вільню, а затым акурат у савецкую, у Літоўска-Беларускую ССР, якая скончылася паходам Люцыяна Жалігоўскага і стала польскай. Ад тых трывогаў, якім Гарэцкі быў сьведамы сьведка, у Гары застаўся адно цьмяны ўспамін. Матчына ўсьмешка давала малому Гары адчуваньне бездакорнае чысьціні й абароненасьці. Ягоная Вільня – гэта сонечны горад дзіцячых летуценьняў: «Кожную раніцу пад адзінаццаць гадзін маці ўбірала мяне ў найлепшыя строі, шафёр адчыняў дзьверку, мы сядалі ў машыну і цягам пары гадзін аўтамабіль з адкрытым верхам катаў нас па горадзе, дастаўляючы ва ўсе людныя месцы, дзе зьбіралася «прыстойная публіка»: у Рудніцкую кавярню, у батанічны сад і гэтак далей...»

Земавіт Фэдэцкі, перакладчык і крытык, цяперашні рэдактар аддзелу крытыкі варшаўскага часопіса «Twórczość», – адзін з тых людзей, што яшчэ маглі памятаць тую віленскую эпоху. А мо й самога Гары. Як быў малы, сп.Фэдэцкі жыў па суседзтву з Гары, на рагу Пагулянкі й Тэатральнай, каля Польскага тэатру. Ён уважае, што напісанае Гары не дае дакладнага вобразу Вільні. Ані гораду, ані тых колішніх часоў.

І праўда, вобраз гораду маленства – вельмі асабісты. Для нас важна ўбачыць тое канкрэтнае адзінства часу і месца вачыма розных сьведкаў. І такую магчымасьць дае нам Мацей Мышка, ад імя якога Максім Гарэцкі вядзе расповед у сваім рамане «Віленскія камунары»:

«Вільня, як вядома, — самы прыгожы горад у сьвеце. У самым цэнтры гораду, там, дзе бурлівая Вялейка ўліваецца ў шырока-плаўную Вяльлю, стаіць высачэзная, круглая замкавая гара – як вялізарная капа сена. Кожны князь, ці княгіня, ці хоць гетман, каб праславіцца, абавязкова будавалі ў Вільні прыгожую старынную царкву альбо касьцёл, пра што цяпер пішуць усе энцыкляпэдыі ва ўсім сьвеце. Напрыклад, другая жонка Вітаўта, Ганна, княгіня Смаленская, збудавала касьцёл Сьвятой Ганны – у чыстым гатыцкім стылі, чырвоны, цагляны. Кажуць, што нават Напалеон разявіў рот на гэтае дзіва. Ён так залюбаваўся, што сказаў: «Каб мая сіла, узяў бы яго на далоньку і перанес бы яго ў Парыж». Энцыкляпэдыі пра гэта нічога ня пішуць, а ў Вільні гэта вядома кожнаму хлапчуку».

Гары, як і Гарэцкі, меў немалы досьвед, каб трапна ахарактарызаваць этнічную фізыяномію гораду. Прынамсі, ён ведаў, чый гэта горад. Ягоны. Гары пісаў:

«Прызнацца, нават для гэткага мястэчка, як Вільня, гэтай ні літоўскай, ні польскай, ні расейскай правінцыі, дзе ў той час яшчэ не было фатаграфіі, хітрык, вынайдзены маёй маці, быў празьмерна сьмелым. І яна ў каторы раз магла змусіць нас на блуканьні па вялікіх шляхах, разам з усімі нашымі манаткамі.

Неўзабаве віленскім модніцам былі разасланыя запрашэньні на ўрачыстае адкрыцьцё «Новага дому парыскіх мадэляў» на вуліцы Вялікая Пагулянка, 16 а чацьвертай гадзіне...»

Матчын хітрык складаўся з чыстага пі-ару, пра які да вайны ў Вільні ня ведалі. Маці Ніна разаслала прыгожыя запрашэньні й зьмясьціла рэклямы ў газэтах яшчэ да таго, як яе афішаваньне напоўнілася рэальным зьместам. Але «Новы дом парыскіх мадэляў» на Вялікай Пагулянцы запрацаваў! А недзе побач пасяліўся й Мацей Мышка: «Прыехаўшы ў Вільню, я знайшоў сабе невялікі, толькі павярнуцца, але асобны пакойчык на Вялікай Пагулянцы, недалёка ад кватэры дзядзькі Туркевіча».

Людзі, што нас атачаюць, ці атачалі, кожны па-свойму, застаюцца з намі праз усё жыцьцё. Яны пакідаюць нам свой цень, якога ніхто ня мае магчымасьці пазбыцца. Што Гары, што Гарэцкага атачалі ў Вільні тысячы людзей, якія мудрагелістым чынам маюць магчымасьць трымаць і нас у абдоймах свае энэргіі. Ганна, Валянціна, Юзік, Ян... Альбо, напрыклад, нейкі пан Пякельны, пра якога Гары распавядаў і ангельскай каралеве Элізабэт ІІ, і генэралу дэ Голю, і цэламу сьвету з трыбуны ААН...

«Сярод жыхароў дома №16, на вуліцы Вялікая Пагулянка, быў нейкі пан Пякельны. Ня ведаю, пры якіх абставінах продкі гэтага найлагаднейшага чалавека атрымалі гэткае прозьвішча, але я ўпершыню бачыў, каб прозьвішча гэтак не вязалася з чалавекам, які яго насіў... Пан Пякельны быў падобны да самотнае, пэдантычнае й заклапочанае мышы. Ён аднойчы запрасіў мяне да сябе й шчодра пачаставаў цукеркамі й рахат-лукумам... І вось нарэшце прагучала кранальная просьба, крык душы, прызнаньне ў незацуглянай і таемнай ягонай амбіцыі, што затулілася ў ціхіх мышыных грудзях...

— Дык вось! Калі ты будзеш сустракацца з уплывовымі й выбітнымі людзьмі, паабяцай, што скажаш ім...

Раптоўна дзёрзкі агонь фанабэрыі бліснуў у вачах мышы.

— Абяцай, што скажаш ім: на вуліцы Вялікая Пагулянка, у доме №16, у Вільні, жыў пан Пякельны...»

Мышка Мацей, які жыў на Пагулянцы побач, бадай, ня меў гэткіх амбіцыяў. Яму бачыліся блізкія межы агульнага шчасьця й росквіту Бацькаўшчыны. Ён не пасьпеў зазірнуць за тыя далягляды, за якімі разгарнуліся найгалоўныя падзеі нашага стагодзьдзя. Ягоны стваральнік загінуў незадоўга да таго, як была сьцертая мяжа паміж Заходняй Беларусяй і БССР і задоўга да таго, як скончылася нечуваная вайна, і Вільня, паводле зьбегу акалічнасьцяў, стала сталіцаю іншага краю. Недзе прапаў і Мацей Мышка, той самы, што напісаў раман-хроніку-нарыс пра віленскіх камунараў, рукапіс якога выпадкова быў знойдзены ў Вільні ў 1961 годзе...

Лёсы, чалавечы й літаратурны, Рамэна Гары склаліся як найлепей. Філёляг, юрыст, авіятар, дыплямат, пісьменьнік, нават кінэматаграфіст. Як дыплямат, аб’езьдзіў паўсьвету ад Балівіі да Баўгарыі. Седзячы як францускі консул у Лос-Анджэлесе, сышоўся з Галівудам, напісаў па-ангельску 6 раманаў і тузін кінасцэнароў... Слава звалілася на яго ў 1956-м, калі ён атрымаў сваю першую Ганкураўскую прэмію – найвышэйшую францускую літаратурную ўзнагароду — за раман «Карані неба»...

Яму гэтага здавалася замала. І пад канец жыцьця ён дадаў сабе яшчэ адно жыцьцё. Гэтым разам пад імем Эміля Ажара. Першы раман маладога й не вядомага нікому пісьменьніка быў апублікаваны ў 1974 годзе. Калі ж праз год наступны раман Ажара «Жыцьцё перад сабою» быў узнагароджаны Ганкураўскай прэміяй, спатрэбілася і ўцелавіць аўтара – бо паводле статуту прэміі ніхто ня можа быць узнагароджаны ёю двойчы. І ніхто ў гісторыі ня быў узнагароджаны ёю двойчы.

“Целам” Эміля Ажара стаў беларускі сваяк Рамэна Гары, Павал Паўловіч, стрыечны пляменьнік, які таксама перабраўся па вайне ў Францыю. Поль Паўловіч выдатна згуляў сваю ролю. Гэтак выдатна, што, стаўшы дзякуючы дзядзьку заможным і славутым чалавекам, галоўным рэдактарам выдавецтва “Мэркюр дэ Франс”, ён стаў лічыць сябе сапраўдным аўтарам “Жыцьця перад сабою” і ўрэшце трапіў у псыхіятрычную лякарню. Пакуль Паўловіч хаваўся ў дацкай лякарні, ягоны двайнік выдаў новую кнігу «Псэўда», дзе ў адным з герояў чытачы пазнаюць ягонага дзядзьку, Гары...

«Галоўнае – ня я. А кніга. На аўтараў усім напляваць. У лік толькі тое, што аўтар падарыў свой твор сьвету.

Я адчуваў сябе добра.

Я адчуваў сябе чысьцюткім.

Я адчуваў сябе правільным.

Я аддаў сябе Францыі, чалавецтву. Чалавецтва дало мне свой боль, а я наўзамен даў яму кнігу. Мы квітыя.

Літаратура важнейшая за нас усіх».

Мо гэта і ёсьць запавет Гары. 20 гадоў таму, 2 сьнежня 1980 году ён зрабіў сабе сьмерць. Застаўся адно Паўловіч, які разгублена адказваў на пытаньні, раскрываючы адну з найвялікшых літаратурных містыфікацыяў нашага стагодзьдзя. Таго самага стагодзьдзя, што дашчэнту зруйнавала сьвет, у якім Гары дзіцём еў слодычы ў двары дому № 16, на вуліцы Вялікая Пагулянка...

Сяргей Харэўскі


Каментары

Цяпер чытаюць

Сілавікі затрымалі лідара гурта «Палац» Алега Хаменку4

Сілавікі затрымалі лідара гурта «Палац» Алега Хаменку

Усе навіны →
Усе навіны

Генерал Белаконеў не змог знайсці беларускую раскладку і сваіх слоў для віншавання выпускнікоў31

Золата, «Гелендваген» і $27 мільёнаў на руцэ — з'явіліся некалькі кадраў з вяселля Адама Кадырава16

Беларускі бізнесмен Бірукоў, які займаўся «ё-мабілем», запусціў новы праект у Расіі1

У Астраўцы ў калодзежы ліўнёўкі патануў 6-гадовы хлопчык

РФ захапіла другое з чатырох радовішчаў літыю ва Украіне1

У Беларусі выявілі айчынную прыправу з кішачнай палачкай і цвіллю1

«Становішча адчайнае». У «Газпраме» не ведаюць, куды падзець 60 мільярдаў кубаметраў нераспрададзенага газу10

У Беларусі знойдзены самы арыгінальны спосаб адпужвання кратоў11

Стала вядома пра зняволенне брэсцкага гісторыка Алега Зелянко2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сілавікі затрымалі лідара гурта «Палац» Алега Хаменку4

Сілавікі затрымалі лідара гурта «Палац» Алега Хаменку

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць