Архіў

Ізраільска-палестынскі канфлікт у ХХІ стагодзьдзі

НАША НІВА № 5 (214), 29 студзеня 2001 г.


 Ізраільска-палестынскі канфлікт у ХХІ стагодзьдзі

“Беларусь можа сказаць сваё слова”

Гутарка з палітолягам Вольфам Рубінчыкам пра пэрспэктывы ўрэгуляваньня палестынскага канфлікту

— Ці ёсьць канфлікт Ізраілю і арабаў вечным?

— Кожны канфлікт рана ці позна мусіць быць вырашаны, але гэты, пэўна, будзе цягнуцца яшчэ доўга. Шмат чаго залежыць ад псыхалягічных варункаў. Тут сапраўды прысутнічаюць рысы канфлікту цывілізацыяў – трэці сьвет супраць адносна разьвітай, арыентаванай перадусім на Захад краіны, і інтарэсы ў іх супрацьлеглыя. Трэба знаходзіць нейкія кропкі паразуменьня, але апошнім часам, на маю думку, прэм’ер-міністры Ізраілю ня здольныя вырашыць ня тое што доўгачасовыя канфлікты, але і сацыяльныя праблемы. 6 лютага адбудуцца выбары прэм’ер-міністра. Шчыра кажучы, я ня веру, што гэта прынясе нейкія пазітыўныя зьмены. Цяпер ізраільскі ўрад знаходзіцца ў разгубленым стане. Барак, мабыць, добры вайсковец, але як дыплямат ён ня змог пераканаць палестынцаў пайсьці на будзь-якія саступкі: іхныя патрабаваньні застаюцца нязьменныя практычна з 1967 г. і вельмі добра стасуюцца зь нібыта скасаванай хартыяй Арганізацыі Вызваленьня Палестыны, якая прадугледжвае паступовае зьнішчэньне Ізраілю.

— Якім чынам можа вырашыцца гэтая сытуацыя?

— Стварэньня палестынскай дзяржавы ўжо нельга перадухіліць, бо гэты працэс надта далёка зайшоў. У арабаў ёсьць свая праўда: насамрэч, цяжка жыць пад чужой уладаю. І ўсё пытаньне ў тым, колькі гэтая дзяржава зойме і наколькі габрэйскія інтарэсы будуць захаваныя. Прапановы Клінтана зводзяцца да таго, што Ізраіль мусіць саступіць 94% захопленых тэрыторый, уключаючы частку Усходняга Ерусаліму. Але палестынцы на гэтым этапе не пагаджаюцца нават на тое. Яны хочуць вярнуць усе тэрыторыі, якія належалі ім да 1967 г. У іх заўвагах да амэрыканскіх прапановаў ёсьць пункт, што тая частка тэрыторыі, якую яны атрымаюць у якасьці дзяржавы, мусіць быць абсалютна паўнавартаснай дзяржаваю – з усімі належнымі атрыбутамі, а ў першую чаргу – з войскам. І гэтае ўзброенае войска будзе знаходзіцца за некалькі дзясяткаў кілямэтраў ад Тэль-Авіва, на мяжы зь Ерусалімам. Наўрад ці Ізраіль пагодзіцца на такое, але палестынцы намякаюць, што гэта толькі 22% ад гістарычнай часткі Палестыны, і калі дадаць сюды пажаданьне, каб палестынскія ўцекачы 1948 і 1967 г. вярнуліся ня толькі ў адроджаную палестынскую дзяржаву, але і ў Ізраіль, дык гэта, натуральна, ёсьць вялікай пагрозай для самога існаваньня дзяржавы Ізраіль. Пакуль што Ізраіль толькі саступае. Можна было б прапанаваць жорсткі план: мы больш не адступаем, гэта канчатковае рашэньне, але і ад вас больш нічога патрабаваць ня будзем. Пагодзяцца – добра. Не пагодзяцца – вайна.

— А калі ня ставіць пытаньня гэтак востра?

— Можна замарудзіць гэты працэс. Гэта якраз тое, што робіць цяпер Ізраіль: маўляў, ні вайны, ні міру. Гэта таксама мэтад — чаканьне таго, каб з абодвух бакоў нарадзілася новае пакаленьне палітыкаў. Але пакуль гэта будзе цягнуцца, застанецца і тэрарызм, і ахвяры сярод мірнага насельніцтва.

— Ці магчыма ваеннае вырашэньне канфлікту?

— Шмат хто з ізраільцянаў добра ставіцца да Пуціна якраз таму, што той спрабуе змагацца з ісламістамі, патэнцыйнымі ворагамі Ізраілю і сябрамі палестынцаў. Але ўжо пры канцы 80-х інтыфада паказала, што такімі мэтадамі нічога ня зробіш, што заўсёды застанецца партызанскі рух, і гэта будуць ужо не партызаны-вызвольнікі, а партызаны-тэрарысты. Апрача таго, Ізраіль цяпер маральна не гатовы да агрэсіі. Калі парушаюцца падпісаныя пагадненьні, дык гэта, вядома, агрэсія, і гэта значыць — міжнароднае асуджэньне, прычым аднагалоснае, якое падтрымаюць нават ЗША. Канструктыўнай пазыцыяй было б разьмежаваньне габрэйскіх і арабскіх тэрыторыяў, нават у Ерусаліме. Саступаць усё адно прыйдзецца…

— Тым ня менш, частка ізраільскага грамадзтва непрыхільна ставіцца да саступак палестынцам, прычым сярод найбольш агрэсіўна настроеных — эмігранты з краінаў СНД. Якая ўвогуле пазыцыя эмігрантаў у гэтым канфлікце?

— У былых грамадзянаў Савецкага Саюзу ёсьць комплекс жыхара імпэрыі: не саступім ні кроку. Але мне здаецца, што якраз эмігранты — мільён расейскамоўных ізраільцянаў — здолеюць знайсьці нейкія канструктыўныя шляхі вырашэньня гэтай сытуацыі. У іх, акрамя імпэрскай сьвядомасьці, ёсьць пэўны досьвед жыцьця ў дзяржаве з аўтарытарным рэжымам. Ня тое каб Савецкі Саюз быў надта падобны да арабскай дзяржавы, але, тым ня менш, у эмігрантаў ёсьць вопыт выжываньня ў такіх умовах і з-за гэтага — больш аб’ектыўнае пачуцьцё пагрозы.

Эмігранцкая партыя “Наш дом — Ізраіль” прапануе нешта больш канструктыўнае, чым лёзунгі кшталту “Не саступім ні мэтру”: яна прапануе кансалідаваць нацыю, прыняць канстытуцыю, увесьці пасаду прэзыдэнта. Гэтая сыстэма чымсьці будзе нагадваць беларускую, хоць кажуць, што яна сьпісаная з амэрыканскай. Прапануюць жорсткія захады, але больш-менш пасьлядоўныя: калі вайна, дык вайна, калі мір, дык мір. І яшчэ. Ізраільскае грамадзтва сёньня надзвычай расколатае. Расколатае з-за эканамічных, рэлігійных і іншых непаразуменьняў. На маю думку, якраз эмігранты з усходнеславянскіх краінаў маглі б стаць цэнтрам прыцягненьня для ізраільцянаў.

— А наколькі верагодна, што грамадзяне Ізраілю беларускага паходжаньня пачнуць вяртацца ў Беларусь з-за таго, што там неспакойна?

— Вяртаньня з-за вайны ня будзе. Я шмат размаўляў з нашымі эмігрантамі ў Ізраілі — большасьць хоча трымацца да канца. Калі нехта вяртаецца, дык, хутчэй, з-за эканамічных праблем, прытым пераважна гэта людзі сталага веку.

— Што могуць зьмяніць эмігранты ў жыцьці ізраільскага грамадзтва?

— На мой погляд, Ізраілю трэба тэрмінова шукаць ідэалёгію. Сіянізм ужо не працуе, і ўскосна на гэта паўплывала амэрыканізацыя, якая прывяла да залежнасьці Ізраілю ад Злучаных Штатаў — пры Бэн-Гурыёну, напрыклад, такога не было. Да таго ж трэба ўлічваць, што Ізраіль ужо ня той, якім усе прывыклі яго ўяўляць: спэцслужбы, Масад і гэтак далей. Зараз часьцей можна пачуць аб правалах, чым аб посьпехах. Зноў жа, забойства Рабіна не змаглі прадухіліць…

Можа, эмігранты якраз паспрыяюць зьяўленьню новай ідэалёгіі, якая б магла кансалідаваць ізраільцянаў. Прыйшоў час пераарыентаваць грамадзтва. Сыстэма вартасьцяў, лад жыцця ЗША — вялікай дзяржавы, якая можа абараніць сябе, не падыходзіць для Ізраілю, плошча якога меншая за любую нашу вобласць. Да таго ж, хоць ЗША застаюцца галоўным спонсарам “мірнага працэсу”, араба-ізраільскі канфлікт усім у Амэрыцы ўжо надакучыў і Клінтан сказаў, што калі апошнія прапановы ня будуць прынятыя, ён новых рабіць ня будзе. Калі скончацца паўнамоцтвы Клінтана, вызваліцца прастора, якую, мне падаецца, магла б заняць якраз Беларусь. Беларусь — дзяржава ў дачыненьні да арабаў і да Ізраілю больш-менш нэўтральная — магла б ня тое што вырашыць гэты канфлікт, але сказаць сваё слова. Чаму б не зрабіць Блізкі Ўсход прасторай нашых прыярытэтаў? Гэта будзе каштаваць Беларусі часу і грошай, але ўсё акупіцца, бо такім чынам Беларусь падвысіць свой прэстыж на міжнароднай арэне. Гэта будзе ў пэўным сэнсе экзамэн на яе ініцыятыўнасьць, здольнасьць праявіць сябе на сусьветным узроўні. Да таго ж ёсьць вялікія шанцы, што 6 лютага прэм’ер-міністрам Ізраілю абяруць Арыка Шарона, які мае карані ў Беларусі.

Гутарыла Ганна Штэйнман


Каментары

Цяпер чытаюць

«Не вайне!» Як Макс Корж разрываў Варшаву і пра што казаў на сваім канцэрце? РЭПАРТАЖ23

«Не вайне!» Як Макс Корж разрываў Варшаву і пра што казаў на сваім канцэрце? РЭПАРТАЖ

Усе навіны →
Усе навіны

Святлана Ціханоўская расказала, чаму не праверыла змест канверта ад Паўлючэнкі па прыездзе ў Літву13

У Варшаве шматдзетную беларускую сям’ю высяляюць з кватэры за неаплату. Але яны ўпэўненыя, што нават пераплацілі

Дроны СБУ атакавалі тэрмінал захоўвання шахедаў у Татарстане3

У сакрэтным і футурыстычным мінскім шматпавярховіку прадаецца трохпакаёвая кватэра. Кошт квадрата ўражвае1

Эканаміст Крук: Жыць далей спадзяваннямі 2020-га — інфантыльна8

«Уіткаф не ведае, пра што кажа». Спецпасланнік Трампа няправільна зразумеў Пуціна — Крэмль усё яшчэ хоча атрымаць чатыры ўкраінскія вобласці7

У Херсонскай вобласці беспілотнікі атакавалі аўтобус. Загінулі два чалавекі, 16 параненых

«Ты яшчэ не стамілася?» Апублікавалі перапіску Мельнікавай, дзе ёй пагражалі11

Пад Мінскам кошка знікла падчас урагану і вярнулася праз тры дні2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Не вайне!» Як Макс Корж разрываў Варшаву і пра што казаў на сваім канцэрце? РЭПАРТАЖ23

«Не вайне!» Як Макс Корж разрываў Варшаву і пра што казаў на сваім канцэрце? РЭПАРТАЖ

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць