«Для палітвязняў сённяшняя публікацыя Шустэра, на жаль, не абяцае нічога добрага»
Палітычны аналітык Аляксандр Фрыдман у сваім тэлеграм-канале падзяліўся думкамі адносна інтэрв'ю Лукашэнкі амерыканскаму выданню Time і таго, што звязана з ім кулуарна.

Інтэрв'ю Лукашэнкі з Сайманам Шустэрам (доўгае, але, на мой погляд, адно з самых цікавых у ягонай кар'еры), а таксама сённяшні артыкул Шустэра ў Time падводзяць рысу пад кансультацыямі паміж ЗША і Беларуссю.
У артыкуле, заснаваным не толькі на інтэрв'ю, але і на гутарках Шустэра з непасрэднымі ўдзельнікамі падзей, аўтар паказвае, што «Лука» (а менавіта так яго называлі паміж сабой амерыканскія госці) не столькі спрабаваў дамагчыся нармалізацыі адносін з ЗША ці адмены санкцый, колькі дзейнічаў у інтарэсах Расіі. Ён імкнуўся пераканаць амерыканцаў у тым, што з Пуціным можна і трэба дамаўляцца, і нават даваў парады, як трэба сябе паводзіць з гаспадаром Крамля.
Логіка Лукашэнкі вельмі простая: трэба прыняць умовы, якія выстаўляюцца Расіяй, інакш будзе яшчэ горш.
Місію Лукашэнкі можна лічыць адносна паспяховай. Яму ўдалося прыцягнуць да сябе ўвагу і дапамагчы Расіі выйграць дадатковыя месяцы для вядзення баявых дзеянняў. Магчыма, ён таксама адыграў сваю ролю ў арганізацыі амерыкана-расійскіх перамоў, якія павінны адбыцца найбліжэйшым часам.
Амерыканцы разглядалі Лукашэнку як дадатковы канал сувязі з РФ, а за выкарыстанне гэтага канала ён заплаціў вызваленнем шэрагу палітычных зняволеных, у тым ліку Сяргея Ціханоўскага.
Важныя даручэнні ў складаных сітуацыях Крэмль даручае Лукашэнку ўжо не першы раз — аналагічную функцыю ён выконваў падчас бунту Прыгожына. Гэта ягоная сённяшняя роля ў «сістэме Пуціна».
Ад амерыканцаў Лукашэнка, відавочна, нічога канкрэтнага не атрымаў (і наўрад ці атрымае), тады як Расія, хутчэй за ўсё, аддзячыць яму за выкананне «адказнага задання».
Для палітвязняў сённяшняя публікацыя Шустэра, на жаль, не абяцае нічога добрага. Новых перамоў з амерыканцамі ў агляднай будучыні, хутчэй за ўсё, не будзе. У выпадку з Лукашэнкам яны, падобна, дамагліся ўсяго, чаго хацелі.
«Пра сустрэчу Луку заўсёды прасілі перадаць Пуціну». Шустэр расказаў, як Лукашэнка прапаноўваў свае паслугі амерыканцам
«Нам здавалася, што мы мелі справу з сур'ёзнымі людзьмі». Эйсмант пакрыўдзілася на публікацыю Шустэра
«Вельмі заклапочаныя». Лукашэнка расказаў, як на ягоныя спробы перамаўляцца з амерыканцамі рэагуюць у Расіі
Лукашэнка: Трамп — балбатун, раніцай гаворыць адно, вечарам робіць іншае
Каментары