№ 14 (223), 2 — 9 красавіка 2001 г.
Інтэрнаваны лідэр апазыцыі
Вячорка на Акрэсьціна працуе над правапісам
Вінцука Вячорку, лідэра Народнага Фронту, пасадзілі на 15 сутак за «арганізацыю несанкцыянаванага шэсьця 25 сакавіка». Мы запрасілі ў рэдакцыю Арыну Вячорку, жонку Вінцука.
Арына Вячорка: Памятаю, упершыню Вінцука таксама затрымалі за падзеі 25 сакавіка. Былі перажываньні тады, і сёньняшнія перажываньні гэткія самыя – чалавека, які не зрабіў злачынства, зьмяшчаюць ва ўмовы, што проста прыніжаюць чалавечую годнасьць.
Зь пераказаў з Акрэсьціна мне вядома, што Вінцуку саступілі найлепшае месца – з краю, ля акна. Ставяцца да яго з павагай. Усёй камэры дзеля яго павялічылі рацыён – на адну катлету. І белы хлеб пачалі даваць. Але сядзець там цяжка, бо большасьць паліць, вельмі цяжкое паветра і маленькага акенца не хапае. Усю камэру займаюць нары, на якіх людзі цэлы дзень ляжаць. Між нарамі — толькі вузенькі праход, дзе можна разьмяцца. І ўсё ж адміністрацыя, відаць, з павагі пасадзіла яго ў адну з найлепшых камэраў: там няма вошай, няма ніякай пошасьці, няма бамжоў, таму асаблівых прэтэнзіяў да адміністрацыі турмы ў нас няма.
— Чым Вінцук займаецца ў зьняволеньні?
— Ён прасіў перадаць яму ў камэру ягоны рукапіс Зводу правілаў новаклясычнага правапісу, над якім ён хацеў бы там спакойна папрацаваць, а таксама кнігі “Кансэрватызм” Р.Нісбэта, “Беларусь на гістарычных скрыжаваньнях” Янкі Запрудніка, “Journal of Freedom” і “Беларускі банкаўскі весьнік” — відаць, зьбіраецца пісаць эканамічныя артыкулы. Прасіў перадаць чыстай паперы – ад вас едзем зь дзецьмі да яго.
Я бачыла, як засуджвалі за 25 сакавіка летась, але што можна палітычнага лідэра ўзяць і судзіць без падставаў і абгрунтаваньня... Гэта як суд “тройкі” — судзьдзя й два засядацелі, якія кажуць і робяць тое, што ад іх патрабуе судзьдзя. Ды судзьдзя яшчэ чытае падсуднаму мараль: Вы, маўляў, Вячорка, ня ўвільвайце. Вы – арганізатар! Ну і што, што “няма доказаў” – Вы ўсё адно арганізатар! Прыблізна ў такім духу гэта ўсё адбывалася. Урэшце ад судзьдзі залежала, колькі чалавеку сядзець у сьмярдзючым памяшканьні. Можа й быў нейкі загад зьверху, але, калі б яна захацела, магла б даць яму й 10 сутак, а не 15.
Пакуль ішоў суд, я да апошняй хвіліны ня верыла, што яго пасадзяць. Даказаць, што ён кіраваў шэсьцем, было практычна немагчыма. У часе перапынку я пайшла ў краму і купіла прадуктаў для ўсёй сям’і – малака, халвы, цукерак... Калі абвесьцілі прысуд, гэта ўсё паехала разам зь ім у камэру.
На наступны дзень мы перадалі яму цёплыя рэчы, сябры сабралі пад 30 кг ежы, але ўзялі ў нас толькі палову – як на 8 чалавек у камэры, дык і малавата.
— Што кажуць Вашыя дзеці пра бацькава затрыманьне?
— Калі маленькая дачка спыталася, дзе тата, ёй сказалі, што яго злыя дзядзькі забралі. Дык яна кажа: вазьму ў цёткі Тацяны сабаку Джыма і пайду вызваляць тату».
Гутарыў Сяргей Мікулевіч
Каментары