Архіў

Незайздросны лёс БЦР

Лёс дзяржаўных органаў, створаных акупантамі ў паняволеных краінах, зазвычай незайздросны. У памяці народу гэтыя марыянэткавыя структуры застаюцца нечым штучным і варожым. Так адбылося і з створанай у 1943 г. у акупаваным немцамі Менску Беларускай цэнтральнай радай (БЦР). Тым ня менш, яна выявілася доўгажыхаркай — апошні яе прэзыдэнт памёр у 1995 г.

Беларуская цэнтральная рада на чале з Радаславам Астроўскім была заснаваная 21 сьнежня 1943 г. Яна стваралася са згоды немцаў як галоўная інстытуцыя беларускай адміністрацыі ў генэральным камісарыяце «Беларусь». Менавіта Рада ладзіла вясной 1944-га мабілізацыю ў Беларускую краёвую абарону. У чэрвені 1944 г. паўнамоцтвы БЦР пацьвердзіў II Усебеларускі кангрэс, які праходзіў у Менску пад нямецкім кантролем. У 1944—45 г. БЦР дзейнічала ў Нямеччыне, спрычынілася да стварэньня беларускіх вайсковых аддзелаў, частка якіх перайшла на бок заходніх саюзьнікаў.

У чаканьні 3-га кангрэсу

Распушчаная Р.Астроўскім у верасьні 1945-га, БЦР была адноўленая ў 1948 г. у Заходняй Нямеччыне. Вакол яе аб’ядналіся апазыцыйна настроеныя да Рады БНР і яе палітыкі беларускія эмігранты, пераважна праваслаўнага веравызнаньня. Паводле Статуту Беларускай цэнтральнай рады, зацьверджанага 14-м Пленумам БЦР у 1954 г., Рада «заступае сабою часова найвышэйшыя дзяржаўныя ворганы Беларускай Народнай Рэспублікі». Артыкул 3 Статуту сьведчыў: «Атрыманыя ад 2-га Ўсебеларускага Кангрэсу паўнамоцтвы Беларускай Цэнтральнай Рады трываюць да часу скліканьня 3-га Ўсебеларускага Кангрэсу. 3-ці Ўсебеларускі Кангрэс Беларуская Цэнтральная Рада абавязаная склікаць неадкладна пасьля вызваленьня Беларусі» (Бюлетэнь 14-га Пленуму Беларускай Цэнтральнай Рады. Нью-Ёрк, 1959, с.25).

Прэзыдэнты

Прэзыдэнтаў БЦР было тры: Радаслаў Астроўскі (1887—1976), Нікандар Мядзейка (1914—1987) ды Міхась Зуй (1912—1995). Усе яны захоўвалі прэзыдэнцкія паўнамоцтвы да сваёй сьмерці. Астроўскі запомніўся заклікам да беларускіх эмігрантаў ісьці ў шэрагі амэрыканскага войска, каб ваяваць з камуністамі ў Карэі. Мядзейка падвышаў сябрам і прыхільнікам БЦР вайсковыя рангі (зьявіліся новыя «генэралы» і «палкоўнікі»). Гэтым жа займаўся ў канцы 40-х — пачатку 50-х і старшыня Рады БНР Мікола Абрамчык, але рангі атрымлівалі пераважна ўдзельнікі антысавецкай барацьбы.

З асобай Зуя зьвязаная кароткая актывізацыя дзейнасьці Рады ў канцы 1980-х. Ягоныя віншавальныя лісты з нагоды нацыянальных сьвятаў у пачатку 90-х друкаваліся ў незалежным друку ў Беларусі (напрыклад, у «Навінах БНФ»). Рада БНР тады не была такая актыўная, як цяпер, але мела свой друкаваны орган — газэту «Беларус», якая распаўсюджвалася і на Бацькаўшчыне. Зрэшты, канкурэнтная барацьба паміж імі ўжо адыходзіла ў нябыт.

Тэстамэнт

24 красавіка 1995 г. у Аўстраліі, у Сыднэі, памёр апошні прэзыдэнт БЦР Міхась Зуй. Ён пасьпеў скласьці дакумэнт, якім у выпадку ягонай сьмерці паўнамоцтвы прэзыдэнта перадаваліся кіраўніку выканаўчага органу БЦР Віталю Цярпіцкаму. З далёкай Аўстраліі мы атрымалі ксэракопію гэтага дакумэнту:

«Упаўнаважаньне.

У сувязі з маім цяжкім станам здароўя і па прапанове сяброў Беларускай Цэнтральнай Рады, у выпадку маёй сьмерці, усе па[ў]намоцтвы і абавязкі Прэзыдэнта БЦР узложаныя на мяне 19-м Пленумам БЦР даручаю да выкананьня Старшыні ВВБЦР сп.Віталю Цярпіцкаму да 20-га Пленуму БЦР альбо перадачы іх 3-му Усебеларускаму Кангрэсу ў Вольнай і Незалежна[й] Беларусі.

Жыве Беларусь!!!

Міхась Зуй

Прэзыд[э]нт».

На дакумэнце няма даты, але почырк ідэнтычны почырку М.Зуя. Ягонае аўтарства гэтага дакумэнту пацьвярджаецца сп.Паўлам Гузом-Дуброўскім, які, на просьбу Зуя, зрабіў машынапісную копію «Ўпаўнаважаньня» і адаслаў для выкарыстаньня прэзыдэнту БЦР.

«Гультайства» ці палітычнае рашэньне?

Усе намаганьні даведацца ад сп.Цярпіцкага пра лёс Беларускай цэнтральнай рады ні да чога не прывялі. Адзін з прыхільнікаў БЦР пісаў нам у ліпені 2001-га: «Вы слушна гаворыце аб гультайству Цярпіцкага, але нічога ня зробім, бо калісьці сьв. памяці Астроўскі сказаў (цытую): «Чаму заўсягды мне падсоўваеце да працы толькі фігурантаў, зь імі працаваць нельга!». Калі сп.М.Зуй адышоў, то Цярпіцкі ў бездну кануў і нават не сазволіў напісаць [пра яго] пару слоў».

Такім чынам, ад 1995 г. абавязкі прэзыдэнта БЦР фармальна выконвае сп.Віталь Цярпіцкі з ЗША, які ніякай дзейнасьці не праводзіць і, праўдападобна, да лёсу БЦР ставіцца абыякава. Паводле іншай вэрсіі, ён вырашыў ціха пахаваць адзін з беларускіх «эміграцыйных урадаў». «Маладых сілаў» у Раду ня ўводзілі, таму рана ці позна яна мусіла зьнікнуць. А пэрспэктыва перадачы паўнамоцтваў БЦР ураду незалежнай Беларусі выглядала цьмянай. Дый не было гарантыі, што паўнамоцтвы гэтыя будуць прынятыя, — з прычыны калябарацыйнага мінулага БЦР...

Такі невясёлы фінал напаткаў адзін з палітычных цэнтраў беларускай эміграцыі, заснаваны яшчэ ў часы другой сусьветнай вайны. Супрацьстаяньне паміж прыхільнікамі Рады Беларускай Народнай Рэспублікі і Беларускай цэнтральнай рады працягвалася некалькі дзесяцігодзьдзяў, аж пакуль не адышлі старэйшыя пакаленьні беларускіх дзеячоў. Рада БНР, амаладзіўшы свой склад, працягвае існаваць і сёньня, мае свайго раднага ў Беларусі. Пра БЦР ужо даўно нічога не чуваць, як і пра драбнейшыя палітычныя групы (Беларуская народная грамада, Беларускі вызвольны рух), якія зьніклі са сьмерцю сваіх лідэраў і большасьці сяброў.

Сяргей Ёрш

Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Журналіст Ігар Карней расказаў пра здымкі для прапагандысцкага фільма і нечаканую сустрэчу з Дзярждэпам падчас зняволення1

Журналіст Ігар Карней расказаў пра здымкі для прапагандысцкага фільма і нечаканую сустрэчу з Дзярждэпам падчас зняволення

Усе навіны →
Усе навіны

Хто той беларус, які загаласіў на мітынгу, што Сяргей і Святлана Ціханоўскія — «ганьба і пагроза нацыянальнай бяспекі Літвы»30

Дэмакратычная Рэспубліка Конга і Руанда падпісалі ў кабінеце Трампа мірнае пагадненне4

«Радзівілава» мяжа ВКЛ з Лівоніяй значна супадае з сучаснай мяжой Беларусі9

Знікла жанчына, якая ехала з Беларусі ў Германію праз Варшаву

«Ускладняюць працэс рэгістрацыі». Для запісу на польскія візы з'явіліся новыя патрабаванні4

«Вельмі падобна на Беларусь». Як жывуць рэлаканты ў Балгарыі5

Ідэальны фінал. Паглядзелі трэці сезон «Гульні ў кальмара»

Былы вязень здзівіў Ціханоўскага — яны сядзелі ў суседніх камерах2

Сунічныя клубніцы, першыя чарніцы, маладая бульба, нектары і не толькі. Што прадаецца на Камароўцы ў выходныя

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Журналіст Ігар Карней расказаў пра здымкі для прапагандысцкага фільма і нечаканую сустрэчу з Дзярждэпам падчас зняволення1

Журналіст Ігар Карней расказаў пра здымкі для прапагандысцкага фільма і нечаканую сустрэчу з Дзярждэпам падчас зняволення

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць