Літаратура77

Айцішнік напісаў раман. Нічога падобнага па-беларуску яшчэ не стваралася

«Пентаквантар» называюць і тэхнафанкам, і тэхнапопам. Што за кніга хаваецца за гэтымі тэрмінамі і хто такі Арцём Шуканаў, які яе напісаў, расказвае Зося Лугавая.

Арцём Шуканаў напісаў раман «Пентаквантар». Фота: Наша Ніва

Калі гугліць на «Арцём Шуканаў», то акрамя звестак пра выхад рамана і спасылак на некалькі нядаўніх інтэрв’ю, не надта што і знаходзіцца. Хіба што штраф за «парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў (23:34)» у лістападзе 2020 года. А таксама матэрыял Еўрарадыё 2013 года пра размеркаванне маладых спецыялістаў, дзе Арцём Шуканаў, выпускнік энергетычнага факультэта БНТУ, расказвае, як уцёк у войска ад размеркавання ў Політэхнічны каледж. 

На прэзентацыях Арцём кажа, што ён айцішнік, «але не толькі». Што даўно цікавіцца навуковай фантастыкай і яе паджанрам — (пост)кіберпанкам. Ідэя кнігі ў яго ўзнікла гадоў 10 таму і ўвесь гэты час абрастала дэталямі і нюансамі. Напісанне кнігі аказалася падобным да вырашэння задач на асноўнай працы: вялікія аб’ёмы разрозненай інфармацыі трэба было арганізаваць так, каб яны не супярэчылі адно аднаму і склаліся ўрэшце ў гарманічную гісторыю.

«Пентаквантар» — цікавы прэцэдэнт. Гэта малараспрацаваны ў беларускай літаратуры жанр. Гэта напраўду вялікі тэкст — раман выйшаў у дзвюх кнігах, агульным аб’ёмам амаль 650 старонак. 

Таксама гэтая кніга — суцэльныя тэхналогіі, і месцамі тэкст выглядае вось так:

«Саматужны рэверс сістэмы відэаназірання — штука сур’ёзная і дакладна незаконная. Такія дроны самі сабою могуць прыцягнуць увагу, а крадзены абанемент — зусім забароненая тэма. Красці ў іэлаў вельмі складана, але ёсць бясстрашныя асобы, якія зрабілі гэта сваёй працай. Яны скупляюць падпіскі ў іэлаў і здымаюць столькі звестак, колькі могуць, пакуль не нарвуцца на бан, а потым круцяць іх на статыстычных прымітывах, пакуль не выйдзе гэткая зомбі-падпіска. Яна не такая разумная, як сапраўдная, але затое ніяк не звязаная з харэакагнітыўным ядром і таму не абцяжараная маральна-этычнымі межамі, у якія сябе загналі іэлы». 

І тым не менш, «Пентаквантар» — гэта кніга, напісаная чалавекам для людзей. Яна створана без ужывання штучнага інтэлекту. На прэзентацыі ў Вільні Арцём нават іранічна адзначыў, што штучны інтэлект яго, як нервовага чалавека з трывожным разладам, пужае. 

Каму кніга можа быць цікавая? У першую чаргу аматарам навуковай фантастыкі і айцішнікам — так кажа сам аўтар. Але я выкажу меркаванне чытачкі, не заангажаванай ані ў навуковую фантастыку, ані ў айці-сферу. Мяркую, кніга можа быць цікавая ўсім, хто хаця б зрэдчас думае пра развіццё сучасных тэхналогій і куды яны нас вядуць. Тым, каго турбуюць пытанні свабоды выбару, а таксама супрацьстаянне індывідуума і безаблічных карпарацый. 

Важныя персанажы кнігі — іэлы, так званыя штучныя асобы (individualitas electronica). Але яны паводзяцца на дзіва чалавечна. Менавіта яны шукаюць адказы на пытанні, звязаныя з выбарам, асабістай адказнасцю, сумняюцца ў эфектыўнасці калектыўнага кіравання. 

«— Іэлы — не людзі.

— Вядома, не людзі. Таму яны ніколі не здолеюць зрабіцца такімі бесчалавечнымі, як мы».

«Самая бяздушная машына — тая, што складаецца з людзей. Яна можа быць камерцыйнаю фірмаю, урадам цэлай краіны ці таталітарнаю сектаю. Няважна. Па сваёй прыродзе гэта безаблічная карпаратыўная сутнасць, дзе асоба цалкам адхіленая ад прыняцця рашэнняў. Важны толькі працэс, самаўзнаўляльны і бясконцы».

У кнізе няма смерцяў і няма кахання, але ёсць чалавечыя адносіны — складаныя, шматаблічныя. Ёсць сутыкненне людзей з вельмі розным досведам, светапоглядам і перакананнямі, якія тым не менш супадаюць у адным ключавым прынцыпе: непрычыненне шкоды.

Авантурыстка-шпіёнка армянска-японскага паходжання, буддыйскі манах, айцішнік з усходняга Інтэрмарыуму (чытай: сучаснай Беларусі) — іх гісторыі разгортваюцца паралельна, каб пасля зліцца ў адну. У якой знойдзецца месца і незямным цывілізацыям, і штучным асобам. Адсюль і пентаквантар, дзе квантар — лагічна-матэматычная аперацыя з удзелам пяцёх галоўных герояў.

Што яшчэ незвычайнага і цікавага ў кнізе? Вы здівіцеся, але — танцы. Пяць штучных асобаў носяць імёны Чарлстан, Буг’і, Гастл, Джытэрбаг’ і Факстрот. Танцамі займаецца адна з галоўных гераінь і нават у далёкім космасе, на планеце Джуніпер, героі будуць вучыцца танцаваць, каб уратаваць свет.

«Трыццаць пяць гадоў таму невялікая фірма, цяпер вядомая як «Яслі», атрымала інвестыцыі пад праект персаналізаваных чат-ботаў… Стартаперы пайшлі далей і, каб зрабіць сваіх ботаў не проста персаналізаванымі, а яшчэ і стылёвымі, прамадулявалі ўваходныя звесткі вельмі арыгінальным спосабам. Яны запрасілі танцораў розных стыляў. Атрыманыя звесткі канвертавалі ў матрыцы, якія падмяшалі ў табліцы ініцыялізацыі генетычных алгарытмаў… Дынаміку размеркаваных сістэм яшчэ задоўга да іх эксперыментаў апісвалі ў тэрмінах харэаграфіі і аркестравання. Такая стылізацыя павінна была мець эфект хутчэй маркетынгавы, чым архітэктурны, але вынік выйшаў такі, якога ніхто і ўявіць не мог». 

У кнізе шырокая геаграфія: Еўропа, Японія, Лаос, Індыйскі акіян, адкуль ідзе касмічны ліфт, баржы ў космасе, якія імітуюць звычайныя сельскія ўмовы для фермераў. Але сярод усёй гэтай разнастайнасці знаходзіцца месца Мінску. Дакладней, Мінску-3, аднаму з важных цэнтраў дзяржаўнага ўтварэння Інтэрмарыум. Гэта ўжо штосьці значна большае па памерах, чым сучасны Мінск. Але найчасцей падзеі адбываюцца ў старой частцы горада, таму лакацыі пазнавальныя. Напрыклад, закінуты гандлёвы цэнтр «Сталіца» пад плошчай Незалежнасці, адкуль героі ўцякаюць праз тунэль пад зямлёй і раку Нямігу. 

Арцём Шуканаў, аўтар рамана «Пентаквантар». Фота з інстаграма выдавецтва Gutenberg Publisher

Аўтар прасоўвае зразумелыя рэчы: сяброўства, падтрымку, непрычыненне шкоды, здаровую фізічную нагрузку і шпацыры. Разам з іэламі сумняецца ў калектыўнай адказнасці, разам з іншымі героямі — у веры ў Бога і людзей. 

«Непапулярны факт заключаецца ў тым, што богу нахран не здалася нічыя вера. Богу важнае стварэнне. Вельмі прыкра, што пытанне веры так шчыльна звязваецца з паняткам боскага, калі насамрэч яны і побач не валяліся. Стварайце тое, што ўласціва вашай прыродзе, і вы дагадзіце любому богу». 

«— Верыць у кагосьці — амаль заўсёды памылка.

— А верыць у нешта? Гэта таксама памылка?

Гэта выбар». 

Па словах самога аўтара, «Пентаквантар» — гэта частка значна большай гісторыі. Таму можна спадзявацца на працяг. 

А Валянціна Андрэева, рэдактарка выдавецтва «Гутэнберг», у якім выйшла кніга, сцвярджае, што можна спадзявацца на бум у беларускай навуковай фантастыцы, створанай аўтарамі з айці-сферы (https://budzma.org/news/khvalya-fantastyki.html). Бо адначасова з прэзентацыяй «Пентаквантара» выдавецтва атрымала некалькі іншых прапаноў ад новых аўтараў sci-fi, кіберпанку і посткіберпанку.

Арцём Шуканаў. Пентаквантар. — Кракаў: Gutenberg Publisher, 2025

Каментары7

  • Імя
    11.11.2025
    Нарэшце па-беларуску пайшла фантастыка, а не ўсё гэтае паэтычнае ныццё, напісанае для сваіх і цікавае толькі літаратурнай тусовачцы.
  • ..
    11.11.2025
    Serge, да вы проста зленаваліся
  • Anna
    11.11.2025
    Імя, вы, напэўна, мала чытаеце - даўно ўжо сучасная беларуская літаратура выйшла за межы "паэтычнага ныцця".

Цяпер чытаюць

«Месца раней не правяралася». Раён, дзе знайшлі загінулага Максіма Зяньковіча, першапачаткова праігнаравалі

«Месца раней не правяралася». Раён, дзе знайшлі загінулага Максіма Зяньковіча, першапачаткова праігнаравалі

Усе навіны →
Усе навіны

Беларусь пагражае штрафамі кіроўцам, якія не перагналі літоўскія фуры на стаянкі4

Плот з пластыкавых бутэлек у Рэчыцкім раёне стаў хітом тыктоку4

У Віцебску заўважылі мядзведзяня2

«Абрэзаная шкарпэтка за 230 даляраў». У сетцы паднялі на смех навінку ад Apple — чахол-сумку4

У Беларусі можна пажыць ва ўласнай бурбалцы. Дзяўчына паказала незвычайны гатэль сярод лесу2

«Дзіця знікла — не змог застацца дома». Шосты дзень пошукаў Максіма Зяньковіча2

У Гомелі раскрылі забойства дзевяцігадовай дзяўчынкі, здзейсненае ў 1991-м. Яе забіў 11‑гадовы брат11

Нашто блогеркі практыкуюцца ў «славянскім позірку»? Усё пачалося з Меланіі Трамп11

«Пачынаў з чатырох рублёў». Беларус за сем месяцаў страціў амаль паўмільёна ў анлайн-казіно4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Месца раней не правяралася». Раён, дзе знайшлі загінулага Максіма Зяньковіча, першапачаткова праігнаравалі

«Месца раней не правяралася». Раён, дзе знайшлі загінулага Максіма Зяньковіча, першапачаткова праігнаравалі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць