Архіў

Зачараваньне Барадуліным

Пра Р.Барадуліна шмат могуць расказаць назвы яго кніг.

Ён зачараваны сьветам прыроды: спавядаецца, што любіць і «маладзік над стэпам», і «спадчыннае возера маё, // Вечнасьцю прывечанае // Вечальле» («Вечальле»), і «вяртаньне ў першы сьнег», «і сонца сьмех, // і аблачынак апошні сьнег // п’ю зь неба, як з поўнага кубка, нагбом…» («Нагбом»), і «рум» на беразе ракі, адкуль сплаўлялі плыты, і «маўчаньне перуна», і «белую яблыню грому», і «сьвята пчалы».

Паэт апісвае чароўную краіну каханьня (кніга «Адам і Ева»): «А я выводжу, як школьнік, // Імя тваё на сьнягу» («Дзень пачынаю…»). Хоча, як і ў маладосьці, па-ранейшаму «рунець, красаваць, налівацца!» «Неруш» некранутых тэм і вобразаў ён з дапамогай высокай «Амплітуды сьмеласьці» ператварае ў «Абсяг» індывідуальна-непаўторнай паэзіі, якая пішацца цягам доўгай «Лініі перамены дат». А ягоная «Самота паломніцтва» з «Эвангельлем ад Мамы» нагадвае, што «Трэба дома бываць часцей…», і абяцае «Міласэрнасьць плахі», бо сапраўднае застаецца. Заканамерны працяг яго сяброўскіх шаржаў («Абразоў без абразы») — «Дуліны ад Барадуліна» (на нашых вачах нарадзіўся іранічны жанравы сынонім «барадулінскай эпіграмы» — «дуліна»!). А якія ўзьнёсла-чароўныя назвы барадулінскіх прысьвячэньняў жанчынам — «Рэвэрансны верш», «Акрамроя», «Акрааняменьне»!

Паэт экзыстэнцыйна-тонка адчувае самоту, шануе духоўнага Бацьку і родную Маці — крыніцу сваёй творчай моцы і магутнай моўнай стыхіі («Я цяпер як апошні колас. // З самых родных яшчэ засталіся // Бацька Бог ды ад мамы Голас»). Удзячны сын, які шмат вершаў прысьвяціў маці Куліне («Толькі ў мамы // Самы суровы дакор // І пяшчотнейшы самы»). Рыгор Іванавіч любіць і ўнучку Дамініку, якую ён вучыць і ў якой вучыцца: «Размову вяду з Дамінікаю, // Яна мне й кажа сакрэт: // — У каго сэрца вялікае, // Той пражыве ўвесь сьвет…» («Размову вяду з Дамінікаю…»). Толькі гэты паэт можа зь лёгкім гумарам, зь нечаканым вобразна-сытуацыйным паваротам так апісаць эратычныя жаданьні: «Дзе зор, // Дзе радзімак галяктыка? // Малю ў вечаровым запале, // Каб гузікі ўсе з халаціка, // Як зьнічкі, // З твайго апалі» («Маленьне да твайго халаціка»).

Узьнёсласьцю мілоснага пачуцьця кранае: «Я думаю ўвесь час // Ня думаць пра цябе» («Марнае стараньне»). Уздымае настрой ода-прысьвячэньне «Дзяўчатам філфаку»: «Ад абцасікаў да макаўкі // Вы ў сюжэтах, параўнаньнях, // Мройнавокія філфакаўкі, // Рыфма глухне перад вамі»; «Усьміхнецеся, філфакаўкі, — / У душы ўзыходзяць зоры». Калі паэт быў немаўлём, бацькі пратэсьціравалі яго па-сялянску, і дзіця выбрала бурак, а не паперыну (значыць, будзе аратым, сейбітам). «Пацьвердзіўся тэст: // Зь відна да цямна // Ару я даволі // І сею ўволю: // Насеньне чорнае, // Белае поле» («Тэст пацьвердзіўся»).

Ужо стаўшы валхвяцом Паэзіі, аўтар набліжаецца да разуменьня яе сутнасьці: «Лірычны верш — // Юнак дзівоснай моцы й // Мужчына, // Што адчуў сваю бяду, // Касьмічны сон // Усіх зямных эмоцый, // Табе на плаху // Галаву кладу» («Юнак і…»). У творах Р.Барадуліна «Асацыяцый караваны // Па ўсіх радках накіраваны» («Паэты»). Ён падказвае іншым творцам: «Сам дбацьмеш аб сяўбе // І думаць пра дакоскі. // Прадумай сам сябе // Ад кропкі і да коскі» («Паэты»). Як вопытны майстар, пісьменьнік з гумарам раіць маладзейшым, як церабіць шляхі да Парнасу («Выпускай па мікратому // І не саступай нікому», рабі самарэкляму, «модна фатаграфавацца // Навучыся тэрмінова: // Выгляд скажа больш, // Чым слова!», жаніся з дачушкай генія і інш.). Ня выйдзе — ня варта перажываць: «А ня ўдасца на літполі // Свой пакінуць вечны сьлед, — // Хоць бы насьлядзіць уволю!» («Як у геніі прабіцца?»).

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Тацяна Барысюк

Рэдакцыя далучаецца да віншаваньняў з 70-годзьдзем народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна.

Каментары

Цяпер чытаюць

«Я хачу справядлівасці — і для жанчын, і для сябе». Шчырая гутарка з Андрэем Стрыжаком пра скандал з дыкпікамі, залежнасці і будучыню55

«Я хачу справядлівасці — і для жанчын, і для сябе». Шчырая гутарка з Андрэем Стрыжаком пра скандал з дыкпікамі, залежнасці і будучыню

Усе навіны →
Усе навіны

На поўначы Брэста працягвае смярдзець, улады заклікаюць «не панікаваць»2

Са Швецыі дэпартуюць яшчэ адну беларускую сям'ю11

Пад Быхавам адкрылі помнік археалагічнай знаходцы 1960 года. Ён падобны да надмагілля

Ва Украіне пад уплывам пратэстаў вяртаюць незалежнасць антыкарупцыйным органам8

У Мёрах падлетак прадаваў парнаграфію, выкарыстаўшы нумар суседа

Берасцеец ператварыў сямітонны валун у каменную ванну5

Мінчукі скардзяцца на атручванне пасля наведвання вядомага рэстарана. Працу ўстановы прыпынілі7

«Саўт-парк» жорстка высмяяў Трампа. Белы дом рэзка асудзіў12

РПЦ запатрабавала ад Беларускай праваслаўнай царквы вярнуць у назвах згадванне Маскоўскага патрыярхата52

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Я хачу справядлівасці — і для жанчын, і для сябе». Шчырая гутарка з Андрэем Стрыжаком пра скандал з дыкпікамі, залежнасці і будучыню55

«Я хачу справядлівасці — і для жанчын, і для сябе». Шчырая гутарка з Андрэем Стрыжаком пра скандал з дыкпікамі, залежнасці і будучыню

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць