19:14
«Некалькі чалавек сёння ў залі запыталіся па сутнасці пра адно і тое ж: як у вашым плане ўлічаны самі беларусы, усе тыя, хто па розных напрамках зрабілі 2020 год магчымым», — заўважыла Ціханоўская.
«Калі ад мяне чакаюць рашэння ў гэты тэрмін, дык хтосьці павінен стаяць побач са мной і дзяліць не толькі сцэну, але і адказнасць», — дадала яна.
Пасля выступу Ціханоўскай афіцыйная частка перашага дня канферэнцыі скончылася.
19:09
Святлана Ціханоўская адказала Вераніцы Цапкала:
«Я гатова адказаць на ўсе пытанні, усе крыўды, якія назапасіліся ў цябе да мяне. Калі мне ставяць ультыматумам твае саратніцы, якія пасля паўгадзіннага палівання мяне брудам кажуць: «Давай, Ціханоўская, прыходзь да нас на батл», — гэта не выйсце са становішча. У цябе ёсць мой кантакт. Я абсалютна гатова».
19:03
«Можа, палітыкі перастануць ставіцца да журналістаў, як да абслугоўваючага персаналу?» — адрэагавала ў залі Сабіна Аліева, вядоўца ютуб-канала «Краіна для жыцця».
18:52
«Гэта найлепшае стэндап-выступленне 2022 года. Прабач, Слава Камісаранка, ты цяпер не лепшы», — з'явіўся каментар кагосьці з прысутных на канферэнцыі на панэлі за выступоўцамі, калі яны пачалі высвятляць адносіны і спрачацца.
18:48
Прапанова Веранікі Цапкалы — прайсці аўдыт усім дэмакратычным структурам, найперш Офісу Ціханоўскай.
18:41

18:33
Сярод прэтэнзій Веранікі Цапкалы — поўная адсутнасць каардынацыі дзеянняў, разрозненасць, непразрыстасць прыняцця рашэнняў, адсутнасць транспарэнтнасці ў расходаванні і размеркаванні фінансаў, непадтрыманне альтэрнатыўных ініцыятыў, замыльванне працы іншых лідараў.
І прайшлася па незалежных медыя: «Чаму адсутнічае крытыка Лукашэнкі?»
18:29
Цапкала выказала прэтэнзію да празрыстасці фармавання Офісу.
«Хто гэтыя людзі? Я не бачыла іх на мітынгах», — выказалася яна.
Новыя выбары і вызваленне палітвязняў так і не адбылося, звярнула ўвагу Цапкала.
«Мы павінны паглядзець праўдзе ў вочы і сказаць сабе: за два гады мы нічога не дасягнулі, а сітуацыя ўнутры краіны значна пагоршылася».
«Света, чаму калі мы табе задаём пытанне, за цябе адказваюць твае дарадцы?» — спыталася з трыбуны Вераніка Цапкала.
18:25
Вераніка Цапкала:
«Апошнім часам нам пастаянна кажуць: давайце не выносіць смецце з хаты. Але з іншага боку, калі не выносіць смецце, тады ваша кватэра ператворыцца ў смеццевую скрыню ці звалку».

18:21
Мадэратар дыскусіі спытаў Вячорку, ці не варта яму падаць у адстаўку, заклікаць да адказнасці вінаватых у няўдачах.
«Пакараць прадстаўніка дэмакратычнага руху, калі ў нас і так недахоп людзей, кадраў?» — адрэагаваў Вячорка.
18:14
Іван Краўцоў, прадстаўнік штаба Бабарыкі і аргкамітэта партыі «Разам»:
«Сусветны кантэкст цяпер вельмі складаны. І грамадства сустракаецца цяпер з выклікамі ад аўтарытарных сістэм новага тыпу. І вайна ва Украіне — вельмі добры прыклад, як вельмі хутка могуць змяшчацца акцэнты ў парадку дня і як хутка змяняюцца прыярытэты цэлага рэгіёна.

Самае важнае — быць гатовым дзейнічаць у сітуацыі нявызначанасці. І сітуацыя нявызначанасці мае на ўвазе не дасканалае планаванне ці пералічэнне абавязкаў, а працу над сабой — ці ёсць у нас падтрымка ў дэмакратычным грамадстве, ці паказваем мы прыклад людзям, як трэба сябе весці і рабіць сваю працу, якія ў нас механізмы абмеркавання ў выпадку, калі здараецца нешта нечаканае.
Гэтыя рэчы — здольнасць да адаптацыі да сітуацыі — я лічу, будуць крытычна важнымі ў бліжэйшы час, бо не факт, што спрацуе нейкі адзін хуткі варыянт, магчымая доўгія варыянты».
Ён кажа, што штаб не прэтэндуе на ўдзел у новым кабінеце, бо іх лідар знаходзіцца ў турме.
«Дзейнічаць павінен той, хто да гэтых дзеянняў прыстасаваны ў цяперашняй сітуацыі».
17:57
Франак Вячорка: «Я не прэтэндую на месца ў Кабінеце, калі гэта дапаможа ўсіх аб'яднаць».

17:55
Валер Мацкевіч, член каманды НАУ, параўноўвае Каардынацыйную раду і Кабінет міністраў з парламентам і ўрадам.

17:51
Вольга Кавалькова, сябра Прэзідыуму Каардынацыйнай рады:
«Зараз мы абмяркоўваем, якім чынам будзе адбывацца пашырэнне і дэлегаванне Каардынацыйнай рады. Нам трэба імкнуццца ўцягваць ў прыняцце рашэнняў як мага больш актывістаў.

Зараз парадак дня фармуецца наверсе — важна зрабіць так, каб ён фармаваўся знізу і перадаваўся наверх і ў беларусаў былі мехінізмы ўплыву на палітыкаў і лідараў. Прамыя выбары — гэта тое, да чаго мы мусім імкнуцца».
Кавалькова лічыць, што Каардынацыйная рада павінна заставацца асобнай структурай, каб ствараць баланс.
17:43
Тэма чацвёртай дыскусіі — як рэфармаваць дэмакратычныя сілы. Удзельнікі абмеркавання — Вольга Кавалькова, Іван Краўцоў, Валер Мацкевіч (член каманды НАУ), Франак Вячорка, Вераніка Цапкала.
17:41

17:41

17:40
Эканаміст Дзмітрый Крук выдзяліў два прыярытэты ў эканамічным развіцці.

Першы — нацыянальны бізнэс.
«У нас вельмі круты прыватны бізнэс. Дырэктыўныя лічбы, якая доля яго павінна быць, гэта, на маю думку, — глупства. Колькі атрымаецца, столькі атрымаецца».
Ён падкрэслівае, што бізнэс — гэта не толькі ІТ.
Другі прыярытэт — чалавечы капітал.
Гэтыя два прыярытэты павінен змацоўваць давер.
Крук выказаўся і наконт залежнасці беларускай эканомікі ад Расіі:
«Расія становіцца баластам, які будзе цягнуць нас на дно. І адным з дадатковых прыярытэтаў павінна стаць эканамічнае адмежаванне ад Расіі. Гэта сёння надзвычай важна.
У нас сапраўды вялікая ступень залежнасці не толькі ад расійскіх энергарэсурсаў. Таму важна праграма паступовага зніжэння гэтай залежнасці. Каардынацыяй, напрыклад, з Казахстанам, Кыргызстанам, наконт стандартаў функцыянавання ЕАЭС. І выразным мусіць быць меседж аб выхадзе з Саюзнай дзяржавы.
Другі бок медаля — ці можам мы прывязацца да іншага каркасу? Я думаю было б дарэчы, хоць бы на ўзроўні ідэі, казаць пра пагадненне аб асацыяцыі з ЕС».
17:27
Эканамістка Ірына Сазановіч мяркуе, што адной з першых рэформ мусіць быць рэформа сістэма адукацыі, бо праз гэта можна навучыць людзей дэмакратыі, каб яны разумелі прычынныя сувязі.

17:02

17:01
У кулуарах канферэнцыі «Новая Беларусь» ў Вільні Вераніка Цапкала заявіла журналісту «Нашай Нівы», што ў дадзены момант група актывістаў, блізкая да штабу Цапкалы, робіць кантэнт-аналіз беларусіх недзяржаўных СМІ на прадмет згадак розных палітычных сіл.

Калі акажацца, кажа Вераніка, што ў асобным СМІ дамінуе пазіцыя толькі адной палітычнай плыні, то яна збіраецца напісаць лісты да кіраўнікоў заходніх дзяржаў і фондаў з патрабаваннем спыніць фінансаванне і падтрымку гэтага СМІ.
Недзяржаўныя СМІ яна называе «гэтак званымі незалежнымі» — ёй не падабаецца, што пра дзейнасць яе мужа і яе самой мала пішуць.
На пытанне, што рабіць, яна сказала, што прапануе стварыць камітэт кантролю над СМІ.
16:55
Прадстаўнік Рабочага Руху Юрый Рававы лічыць, што патрэбна будзе працуючая Нацыянальная рада па сацыяльных і працоўных пытаннях — там павінны быць прадстаўлены аб'яданні супрацоўнікаў, наймальнікаў, працадаўцаў і выканаўчая ўлада. Гэта, на яго думку, дапаможа будаваць дыялог і пазбягаць напружансці ў складаны эканамічны перыяд.
Ён выступае таксама за перафарматаванне праўладных прафсаюзаў.

16:42
Трэцяя дыскусія — пра тое, як пераадолець эканамічны крызіс. Спікеры — эканамісты Ірына Сазановіч і Дзмітрый Крук і прадстаўнік Рабочага Руху Юрый Рававы.

16:26

16:25

16:25
Так праходзіла рэгістрацыя ўдзельнікаў канферэнцыі.

16:22
На канферэнцыі быў заўважаны Валерый Сахашчык — падпалкоўнік паветрана-дэсантных войскаў запасу, заснавальнік руху «Чорны арол» і былы камандзір вядомай сярод спецназаўцаў 38-й гвардзейскай мабільнай брыгады.

16:09
Прадстаўнік «Байпол» Алег Талерчык расказаў пра комплекс мер для аховы парадку на транзітны перыяд, якім яго бачыць «Байпол».
Першы пункт у плане «Байпола» — адхіліць ад высокіх пасад прадстаўнікоў сілавых структур. Талерчык лічыць, што зняць трэба будзе кіраўнікоў МУС, Мінабароны, Рады бяспекі, МНС, ААЦ, Службы бяспекі прэзідэнта, Дзяржпагранкамітэта, СК.
На іх месцы прызначаць кіраўнікоў, якія будуць часова выконваць абавязкі.
«Кандыдаты падбіраюцца з ліку дзейных супрацоўнікаў, якія выкажуць згоду падпісаць спецыяльную дэкларацыю аднаўлення законнасці і аховы парадку. Кожнаму чыноўніку, сілавіку, пракурору і іншым служачым дзяржапарата будзе прапанавана падпісаць яе», — кажа Талерчык.
Прапануецца часовая строгая іерархічная сістэма падпарадкавання з трыма ўзроўнямі — кіраўнік рэспубліканскага, абласнога і раённага ўзроўню. Кожны зможа даваць указанні толькі ў рамках свайго ўзроўню, распарадчых дзеянняў у адносінах да ніжэйшых структур рабіць не змогуць.
Таксама «Байпол» прапануе вывесці са штату вайсковыя і сілавыя падраздзяленні, якія чынілі злачынствы супраць народа.
«Гэта можа быць зроблена з прыцягненнем армейскіх сіл спецыяльнага прызначэння, каб не дапусціць мяцяжу», — пракаментаваў Алег Талерчык.
На яго думку, важна таксама стварыць грамадзянскія ўзброеныя фармаванні для перадухілення акупіравання і магчымых рэваншысцкіх спробаў рэжыму. Фармаванне, па задуме, будзе стварацца па тэрытарыяльным прынцыпе з ліку ўдзельнікаў плана «Перамога» і іншых актывістаў. Гэта трэба, каб звольненыя камандзіры не стварылі сваё фармаванне і не выступілі супраць новай улады.
«Байпол» таксама лічыць вартым у транзітны перыяд усталяваць памежны кантроль на ўсёй мяжы з Расіяй і ўзмацніць мяжу.
«Для гэтага ў пагранічныя войскі варта перадаць сілы і сродкі ўнутраных войскаў, за выключэннем канвойнай службы. Пры гэтым камандаванне ўнутраных войскаў адхіляецца, а Карпянкоў — пад арышт», — падзяліўся бачаннем Талерчык.
З тымі, хто выведзены са штату, плануецца праводзіць індывідуальныя гутаркі, разведвальныя апытанні з паліграфам.
15:55

15:34
Эканаміст Леў Львоўскі лічыць, што важна забяспечыць эканамічную стабільнасць на транзітны перыяд.
«Рэформы мусяць прапрацоўвацца ўжо цяпер, людзі павінны ведаць, што ім чакаць у той ці іншай сітуацыі».
Самай складанай будзе сітуацыя, калі на той момант прадпрыемствы будуць на мяжы банкруцтва. Людзі будуць думаць: маўляў, было ўсё стабільна, а прыйшла Ціханоўская, і раптам у нас пазакрываліся прадпрыемствы.
«У гэтай сітуацыі трэба рабіць ухіл на тлумачэнне таго, што адбываецца ў эканоміцы, публікацыю адкрытай статыстыка», — лічыць Львоўскі. Ён дадае, што так званы «план Маршала» для Беларусі зможа дапамагчы прайсці гэты перыяд бязбольна і не дапусціць вострых шокаў.
15:25
Палітык Анатоль Лябедзька лічыць, што важным момантам пераходнага перыяду мусіць стаць правядзенне канстытуцыйнай рэформы.
«І вельмі важна не зацыклівацца на тым, каб памяняць прозвішчы тых людзей, якія стваралі сённяшнюю сістэму. Важна, каб у нас быў адказ на пытанне, а якая сістэма будзе ў новай Беларусі».

15:16
Святлана Ціханоўская адзначыла, што на транзітны перыяд бачыць шэсць асноўных задач:
— аднавіць законнасць і справядлівасць;
— аднавіць канстытуцыйны парадак;
— забяспечыць бесперабойную працу дзяржавы;
— забяспечыць устойлівасць эканомікі;
— выконваць міжнародныя абавязацельствы;
— як мага хутчэй правесці новыя сумленныя выбары.
15:06
Уладзімір Астапенка, намеснік кіраўніка НАУ:
«На маю думку, транзітны перыяд мусіць быць максімальна кароткім, бо беларускі народ доўгі час жыве без легітымных органаў, якія б прадстаўлялі яго інтарэсы».

15:01
Другая дыскусія — пра тое, якім павінен быць транзітны перыяд. Удзельнікі — Уладзімір Астапенка, Алег Талерчык, Леў Львоўскі, Анатоль Лябедзька.
14:12
Вадзім Пракоп'еў невысока ацаніў існуючыя беларускія СМІ і заклікаў да стварэння добрага тэлебачання: «Белсат глядзець немагчыма».
14:10
На канферэнцыі «Новая Беларусь» прадстаўнік BYPOL агучыў падрабязнасці нашумелага плана «Перамога».
13:45
Прадстаўнік «Байпола» Азараў у выступе сказаў, што не бачыць іншага шляху вызвалення, апроч сілавога.
«Мы паспрабавалі ўсе метады на працягу двух гадоў. Але сілавы метад павінен працаваць у сукупнасці з тымі метадамі, якія ўжываліся раней».
13:39
«Я чую сёння тое, што казаў яшчэ да выбараў 2020-га», — пахваліў сябе доктар Шчыгельскі.
13:36
Павел Латушка:
«Ні адна з дзейных структур не валодае дастатковымі рэсурсамі і магчымасцю, каб дасягнуць мэтаў дэмакратычнага пераўтварэння ў нашай краіне».

«Нам неабходна аб’яднаць усе сілы, каб стварыць агульную, адзіную выканаўчую структуру ўлады. Структуру, якая афіцыйна возьме на сябе абавязкі перад беларускім народам вызваліць і прывесці Беларусь да дэмакратычных пераменаў. Структуру, якая прыме на сябе адказнасць за эфектыўнае ўпраўленне рэсурсамі, якія ў нас ёсць, для дасягнення мэты. Для ўзгодненай, падсправаздачнай і сістэмнай працы. Сістэму можа перамагчы толькі сістэма».
Трэба стварыць адзіную выканаўчую структуру ўлады, упэўнены Латушка.
«Стварэнне пераходнага кабінета як пераходнага ўрада можа стаць ключавым фактарам для захавання і абароны суверэнітэту і дзяржаўнасці Рэспублікі Беларусь».
Латушка лічыць, што без такога кабінета немагчыма забяспечыць кіраванне краінай у транзітны перыяд і нацыянальна-вызвольны рух.
Асноўнымі прыярытэтамі для кабміна ён называе тры — захаванне суверэнітэту, стабільнае кіраванне краінай у транзітны перыяд і нацыянальна вызваленчы рух. Кандыдытуры членаў кабінету павінны быць унесены ў прадстаўнічы орган беларускага грамадства, які варта стварыць у бліжэйшы час, лічыць Латушка.
Таксама ён дадае, што павінны быць заведзены крымінальныя справы на Лукашэнку, а яго рэжым прызнаны тэрарыстычным.
13:34
«Прагулкі па вуліцах не далі ніякіх вынікаў, — кажа падпалкоўнік Азараў, кіраўнік «Байпола». — «Байпол» лічыць, што сістэму пераможа толькі сістэма, і яе трэба стварыць. Трэба стварыць кабінет — фактычна ўрад у выгнанні».
13:30

Гледачы могуць задаваць пытанні анлайн. «Ці гатовы Вадзім Пракоп'еў несці адказнасць за пачатак шматгадовай грамадзянскай вайны, калі Мінск не будзе захоплены за тры дні?» — пытае адзін з гледачоў.
«Я збіраюся падзяліць гэтую адказнасць з тымі, хто прыме такое рашэнне», — так пасля кароткага роздуму адказаў на гэтае пытанне Пракоп'еў.
13:29
Вадзім Пракоп'еў настойвае, што трэба стварыць альтэрнатыўныя органы ўлады і гэта мусіць быць урад, а не набор ініцыятыў і суполак.

«У складзе гэтага ўрада павінна быць грамадзянская і ваенная частка і ўсе неабходныя атрыбуты падобнай арганізацыі, уключаючы МЗС, дэпартамент фінансаў, падліковую палату, службу ўласнай бяспекі».
У падначаленні ў гэтага ўрада мусяць быць узброеныя сілы, лічыць Пракоп'еў.
13:23
«Загартаваная ў баях армія Украіны нават не заўважыць арміі Лукашэнкі. Мінск будзе ўзяты за тры дні — як Пуцін марыў пра Кіеў», — так малюе карціну магчымай будучыні Вадзім Пракоп'еў.

Але, на ягоную думку, так здарыцца толькі тады, калі Украіна будзе бачыць у беларускай апазіцыі сілу і лютае жаданне перамагчы. Пакуль, на думку Пракоп'ева, Кіеў такога не бачыць.
«Да нас будуць ставіцца сур'ёзна — і не толькі Украіна, хоць гэта наш галоўны стратэгічны саюзнік», калі мы «створым урад, у якім была б грамадзянская і сілавая часткі, — мяркуе Пракоп'еў, — і свой маленькі «Масад», — марыць ён.
«Кіраўніку такога ўрада трэба будзе прымаць непапулярныя рашэнні, магчыма, падымаць народ на паўстанні». І задае пытанне Ціханоўскай: вы гатовыя быць такім кіраўніком?
Ëн прапануе Ціханоўскай ужо заўтра «прыняць прысягу, паклаўшы руку на Канстытуцыю».
«Калі ваш адказ «не», мы вас зразумеем і не асудзім, але папросім вас перадаць частку паўнамоцтваў прэм'ер-міністру. Усё астатняе — дурасць і панты», — кажа Пракоп'еў.
13:22
Пракоп'еў: «У беларусаў быў шанец у 2020 годзе. Назапашаная прага жыцця, прага пераменаў, наша падушанае еўрапейства выплеснулася вонкі і праціўнік быў разгублены. Тыдні два ў нас было, каб знесці калгасную хунту і сесці за стол перамоваў з разгубленай Масквой. Мы ўпусцілі гэты шанец: таму што любаваліся народным пад'ёмам, так і не дадумаўшыся зрабіць рэзервовы камандны пункт.
Час сышоў, добрых сцэнарыяў не засталося. Цяпер толькі вайна, толькі хардкор».

13:16
Пракоп'еў: Калі вы чакаеце хуткага плана перамогі за 5 хвілін, я вас расчарую
«Калі вы чакаеце хуткага плана перамогі за 5 хвілін, я вас расчарую.
Мы на вайне з 2020 года, з тых часоў, як развеяліся апошнія надзеі на аксамітную рэвалюцыю, як не спрацавала тэорыя негвалтоўнага супраціву. Мы на вайне не з Лукашэнкам — мы на вайне з рускай імперыяй», — заявіў Пракоп'еў.
13:13
«Мы на вайне не з Лукашэнкам, мы на вайне з Расійскай Імперыяй, — кажа Пракоп'еў. — Лукашэнка проста зручная для Масквы фігура, самы прыдатны гаўляйтар».
13:12
Першая дыскусія прысвечаны стратэгіям выхаду з крызісу.
Абмяркоўваюць праблемы Павел Латушка, Дзмітрый Шчыгельскі, Аляксандр Дабравольскі, Вадзім Пракоп'еў, Аляксандр Азараў.

13:06
Пачынаецца першая дыскусія. На сцэне Дабравольскі, Азараў, Латушка, Пракоп'еў і Шчыгельскі.
Вядоўца — Сяргей Падсасонны з «Белсата» — запрасіў Святлану Ціханоўскую задаць першае пытанне.
Ціханоўская папрасіла рабіць не толькі прапановы, але і гаварыць пра гатоўнасць рэалізоўваць гэтыя прапановы.
13:02
«Мяне прадставілі прадпрымальнікам і грамадскім актывістам, але з 4 красавіка я найперш муж палітзняволенай Алесі Буневіч, якая зрабіла геройскі ўчынак», — сказаў Алег Мяцеліца. За 2020 — 2022 гады мы панеслі вялікія ахвяры, але тое, што адбылося ў гэтыя гады, было вартае таго, кажа Мяцеліца.

«Маўклівая большасць прачнулася, вось што адбылося, — сказаў Мяцеліца. — Гэта быў натуральны працэс абуджэння людзей».
«Людзі, якія ўпершыню расплюшчылі вочы, цяпер маюць нейкае расчараванне і безнадзейнасць. Адзінае, што можа іх натхніць і абудзіць, гэта нашы дзеянні, сумесныя дзеянні. У ёй яны пабачаць надзею», — мяркуе Мяцеліца.
«Мы большасцю галасоў абралі Святлану Ціханоўскую. Я дагэтуль не шкадую, што я склаў бюлетэнь гармонікам».
Ëн заклікаў людзей захоўваць адзінства вакол Ціханоўскай, а Ціханоўскую — не баяцца быць не проста сімвалам, але сапраўдным лідарам.
13:00
«Адзін чалавек не можа быць і ваенным генералам, і сімвалам пераменаў; і дыпламатам, і лідэрам супраціву; і абаронцам палітвязняў, і міністрам фінансаў. Менавіта таму ўсе людзі, якія сабраліся тут, якія глядзяць і слухаюць гэта, патрэбныя мне, патрэбныя адно аднаму і патрэбныя ўсім беларусам. І той мандат, які вы даверылі мне два гады таму, працуе толькі калі мне ёсць каго ўзяць за руку — і калі мы стаім побач, а не супраць адно аднаго. Усе вашыя таленты і здольнасці патрэбныя, каб дайсці да нашай мэты. Мы ж усе ведаем: у адзіночку гэтага не зробіць ніхто. Таму толькі ад нас залежыць: будзем мы наносіць адно аднаму ўдары ў спіну ці ўзмоцнім адзін аднаго — каб у будучыні народ Беларусі мог зрабіць свой выбар за вас — новых дэмакратычных лідэраў — без сумненняў», — выказалася Ціханоўская.

«Як бы мяне ні называлі-хатняй гаспадыняй, брытанскай каралевай, засланым агентам — на жыццё майго мінскага суседа па лесвічнай клетцы гэта не ўплывае ніяк.
Менавіта таму наша з вамі задача стварыць якое працуе аб'яднанне. Не дазволіць рэжыму, прапагандзе, асабістым крыўдам раз'яднаць нас і даць нашым апанентам падставу для трыумфу. І так, сёння і кожны наступны дзень агульнай працы кожнаму з нас прыйдзецца ісці на кампраміс. Нам усім трэба будзе памятаць, што ў палітыцы не існуе паняцця «мне не падабаецца», ёсць толькі паняцце «ці дапаможа гэта людзям, перад якімі мы нясем адказнасць?»
Мы павінны стварыць калектыўны орган кіраўніцтва і прыняцця рашэнняў. І там павінны быць прафесійныя, аўтарытэтныя і смелыя людзі. Там абавязкова патрэбныя людзі, якія адказваюць за бяспеку, за эканоміку, за службу выведкі», — працягнула яна.
12:53
Ціханоўская: Так, я павінна быць больш рашучай, дзейнічаць больш жорстка
«Кожны раз, калі ў мяне патрабуюць прыняць або агучыць пастановы, але пры гэтым не спрабуюць падумаць, як іх увасобіць і да якіх рэальных наступстваў яны могуць прывесці — я бяру на сябе адказнасць за новы боль, які прынясу людзям. Вось гэтая адказнасць адрознівае тое становішча, у якім я знаходжуся.

Так, Ціханоўская павінна рабіць больш, быць больш рашучай, дзейнічаць больш жорстка. Але гэта не гульня ў шахматы, Гэта жыцці людзей. Кожны дзень бачачы, што такое таталітарная сістэма, у якой рашэнні здабываюцца «любой цаной», — я ведаю, што ў мяне няма права ставіцца да лёсаў людзей як да цэнніка за дасягненне мэты. Таму што лічбы ў навінах — гэта не статыстыка», — казала Ціханоўская.
12:53
«А я не буду пераходзіць на расейскую мову», — падшпіліў папярэдніх выступоўцаў Алег Мяцеліца, муж палітзняволенай Алесі Буневіч. Зала сустрэла гэты жарт бурным воплескамі.
12:50
Аляксандр Дабраянік, актывіст штаба Святланы Ціханоўскай, «як просты чалавек, не аналітык, не палітык, хачу, каб не сварыліся нашы людзі, Офіс не Офіс, Валерыя Цапкалы ініцыятыва, Пал Палыча Латушкі. Людзі з Беларусі мае перадаюць, каб не сварыліся, бо мы тут уваходзім у дэпрэсіўны стан, калі яны сварацца».
12:47
Святлана Ціханоўская адкрыла канферэнцыю:
«Імя «Святлана Ціханоўская» перастала належаць толькі мне — яно стала палітычным інструментам цэлага народа.

Шчыра кажучы, калі б на маім месцы быў хто-небудзь іншы — магчыма, ён ці яна былі б больш гатовыя да гэтага. Я выдатна ўсведамляю, што я не такі лідар, як Віктар Бабарыка або Маша Калеснікава. У мяне не такая прыродная харызма, як у Сяргея Ціханоўскага, і не такі цвёрды характар, як у Веранікі Цапкала. Я не такая настойлівая, як Павел Латушка. У мяне няма і сотай долі вытрымкі Мікалая Аўтуховіча і вастрыні розуму Вадзіма Пракоп'ева. Я не валодаю такім досведам, як Мікалай Статкевіч ці Зянон Пазняк — і наогул мяркую, што калі б людзі ў 90-х чулі гэтых людзей лепш, наша краіна наогул магла не апынуцца перад пагрозай страты суверэнітэту.
Я не валодаю моцнымі якасцямі ўсіх гэтых і многіх іншых людзей. Тое, што ёсць у мяне, — пачуццё адказнасці і гатоўнасць працаваць, каб дасягнуць таго, чаго мне не хапае, чаму я не вучылася і што не было дадзена мне ад нараджэння».
12:47
«Калі Беларусь знаходзіцца пад акупацыяй, то чаму мы яе не вызваляем, як ва Украіне? Нам трэба стварыць сваю армію! Без вайсковага рэсурсу мы не зможам пераламіць гэтага рэжыму» — пад апладысменты часткі залы кажа былая палітзняволеная Наталля Паўлава з фонду «Краіна для жыцця».
12:42


Зала поўная. Канферэнцыю асвятляюць таксама дзясяткі журналістаў.
12:40
Канферэнцыя пачалася з выступу Святланы Ціханоўскай. Яна спынілася на пытанні адзінства руху за перамены і галоўных яго мэтаў на гэтым этапе. Частку выступу яна зрабіла на беларускай мове, а частку — на расейскай.
«Імя Святланы Ціханоўскай перастала належаць толькі мне, яно стала палітычным інструментам цэлага народа»,— сказала ў сваім выступе Святлана Ціханоўская. І пералічыла, у чым Віктар Бабарыка, Марыя Калеснікава, Сяргей Ціханоўскі, Павел Латушка, Вадзім Пракоп’еў, Мікалай Статкевіч і Зянон Пазняк мацнейшыя ці больш дасведчаныя за яе.
«У палітыцы няма паняцця «мне не падабаецца», ёсць толькі паняцце, «ці дапаможа гэта людзям, за якім мы нясём адказнасць»,— сказала Святлана Ціханоўская.
«Мы апынуліся ў новай рэальнасці, дзе мы вымушаныя адстойваць само існаванне нашай краіны», — адзначыла яна.
12:26
Канферэнцыя пачалася а 12:21, з невялікім спазненнем.
12:24
Сярод удзельнікаў — Павел Латушка, Святлана Ціханоўская, прадстаўнікі Байпол Алег Талерчык і Аляксандр Азараў.

11:57
Вядучая стрыму з канферэнцыі — Кацярына Раецкая. Яе муж Дзяніс Дудзінскі цяпер працуе ваенным карэспандэнтам ва Украіне.

Sustreča pravodzicca ŭ farmacie kanfierencyi, a nie kanhresu, a značyć nie płanujecca hałasavańnia pa dakumientach ci rašeńniach. Razam z tym, śpikiery kožnaj z panelaŭ, čakajecca, vyjduć z supolnym bačańniem pa stratehičnych pryjarytetach, tranzitnym pieryjadzie, reformie demakratyčnych siłaŭ, dapamozie hramadzianskaj supolnaści. Heta mohuć być peŭnyja dakumienty ci płany dalejšych dziejańniaŭ.
Čakajecca, što z Kanfierencyi pačniecca pierafarmatavańnie Kaardynacyjnaj rady i stvareńnie Abjadnanaha pierachodnaha kabinietu, u jaki ŭvojduć pradstaŭniki roznych strukturaŭ.
Ofis Cichanoŭskaj padkreślivaje, što asnoŭnymi metami demakratyčnych siłaŭ zastajucca nastupnyja piać:
Udzieł voźmuć zaŭvažnyja pradstaŭniki biełaruskaha hramadstva z roznych sacyjalnych hrup i roznych pohladaŭ. Zaprašeńni na ŭdzieł atrymali 48 ekśpiertaŭ, 45 pradstaŭnikoŭ biznesu, 128 pradstaŭnikoŭ hramadskaha siektaru, 49 pradstaŭnikoŭ miedyjasupolnaści (u tym liku błohiery), 25 byłych palitviaźniaŭ ci siemji ciapierašnich palityčnych viaźniaŭ, 59 pradstaŭnikoŭ palityčnych strukturaŭ. 153 zajaŭki pryjšło z formy svabodnaj rehistracyi. Udzieł u kanfierencyi paćvierdzili 321 čałaviek i 51 pradstaŭnik ŚMI.
Arhanizatary kanfierencyi — 18 čałaviek. Heta pradstaŭniki Ofisa Cichanoŭskaj, NAU, Kaardynacyjnaj rady, «Sumlennych ludziej», ruchu «Supraciŭ», Bypol, palityčnych partyj i ekśpiertnaj supolnaści, u tym liku: Pavieł Łatuška, Dźmitryj Ščyhielski, Alaksandr Dabravolski, Alaksandr Azaraŭ, Valery Mackievič, Alena Žyvahłod, Volha Kavalkova, Uładzimir Astapienka i inšyja. Usie imiony nie raskryvajucca ŭ tym liku z pryčyn biaśpieki.
Kamientary
Pačatak a 12-j.
mahli b i nie kazać. my aščucili. a 12-j u nas prapaŭ śviet. ludzi zhubili pracu. ranišniuju. u tym liku i ja. pajšła z hora kavy papić. i tam śvietu niama. pryjšłosia brać mors. i tam paŭzmrok. i cišynia... jak apaśla apakalipsisu. adzin mužčyna skazaŭ - takaja cišynia, što čuvać, jak jasi... paśla jaho słoŭ starałasia siorbać svoj vendžany mors cišej)
ale kali b byŭ śviet, to nie pakaštavała b vendžany mors. a jon prykolny