Архіў

Адкрыцьцё фатографа

Ягоныя творы ёсьць у кожнага старажыла Докшыцаў. Кажуць: «Вялікае відаць на адлегласьці». Патрэбен час, каб дарасьці да разуменьня тых тонкіх вібрацый душы, якімі пазначаныя творы сапраўднага талента.

Здымкі, зробленыя ў 1940—1950-х маэстра Вішнеўскім — мастаком школы Булгака, выстаўленыя ў кавярні «Добрыя мысьлі». З пажоўклых, часам амаль страчаных выяў на нас пазірае эпоха. Не такая страшная, як нам можа ўяўляцца. Эпоха духу, а не матэрыі.

Піша мастак Віктар Маркавец.

У паўночных Афінах

Пакліканьне да мастацтва Сяргей Вішнеўскі адчуў у дзяцінстве, якое прыпала на 1920-я. Пачалося ўсё з разгляданьня росьпісаў храмаў, куды малога брала з сабою маці. Выявы сьвятых захаплялі, абуджалі жаданьне маляваць. Сапраўды, талент ад Бога!

Здольнага юнака заўважыў вядомы мэцэнат, пан Слатвінскі. Дзякуючы яго падтрымцы Сяргей становіцца студэнтам мастацкай вучэльні ў Вільні. Гэта быў час перад так званым «узьяднаньнем» Заходняй Беларусі з БССР. Аднак хлопец яшчэ пасьпеў акунуцца ў творчую атмасфэру высокіх традыцый факультэту жывапісу, ці, па-тагачаснаму, аддзяленьня прыгожых мастацтваў, Віленскага ўнівэрсытэту.

Незадоўга да зьяўленьня ў Вільні Сяргея факультэтам кіраваў Фэрдынанд Рушчыц. У яго вучыўся настаўнік Вішнеўскага, Мар’ян Кулеша, што належаў да славутай мастацкай дынастыі віленскіх творцаў. Адначасова з Рушчыцам ва ўнівэрсытэце працаваў Ян Булгак — аўтар кніжак па мастацтве фатаграфіі, стваральнік школы фотамайстэрства. Жывучы ў Вільні, студэнт Вішнеўскі ня мог не адчуць іх уплыву.

Пад шкляным дахам

Ня тое было ў паваенных Докшыцах, куды мастак мусіў вярнуцца празь некалькі гадоў. Найбольш гняла яго адсутнасьць неабходнага для творчасьці культурнага асяродзьдзя. У паваенны час цяжка было знайсьці разуменьне сапраўднага майстэрства і яго запатрабаванасьці. Неабходнасьць дзеля выжываньня займацца далёкімі ад мастацтва справамі была цяжкім выпрабаваньнем.

Вішнеўскі выкладаў у школе. А выйсьце для сваёй творчай энэргіі знайшоў у створанай ім у Докшыцах фатастудыі. Гэта была прыбудова да аднаго з ацалелых у цэнтры гарадка старых будынкаў. Каб дабіцца натуральнага асьвятленьня, мастак зладзіў у студыі шкляны дах. Вішнеўскі рыхтаваў для сябе творчую мастацкую майстэрню, пабудаваную паводлі ўсіх правілаў, але афіцыйна быў вымушаны займацца фатасправай. У далейшым, калі стала цяжка ўтрымліваць фатастудыю ў невялікім гарадку зь бедным пасьля вайны дзьвюхтысячным насельніцтвам, Вішнеўскі пачаў браць афіцыйныя мастацка-агітацыйныя замовы.

Шыльды, плякаты, лёзунгі — гэтую агітку рабіў майстар-жывапісец. Але гэта давала шанец быць чалавекам вольным і мець хаця б нейкую магчымасьць зноў займацца працай з фарбамі. З захапленьнем пачынае ён пісаць зь дзяцінства вядомыя краявіды, зноў з асалодай акунаецца ў прыроду. Сталы чалавек з душой юнака, ён як сваіх калег і аднадумцаў успрымаў мясцовых падлеткаў, якія цягнуліся да мастацтва, стараўся разам зь імі трапіць на этуды, непасрэдна радаваўся хаця б нейкаму творчаму асяродку. Ён бясконца прагнуў творчай атмасфэры і ўсяляк імкнуўся да яе.

Майстэрня-студыя Вішнеўскага існавала да другой паловы 1960-х — пакуль не пачалася актыўная забудова гораду. Цяпер на месцы майстэрні стаіць будынак райвыканкаму. Вішнеўскаму ж давялося прыстасаваць пад майстэрню ўласную хату, уставіўшы незвычайна вялікія вокны. Дый увесь двор, сад, расьліны сьведчылі пра тое, што тут жыве мастак. А яшчэ Вішнеўскі ладаваў свой старэнькі ровар мальбэртам і самотна кіраваўся ў бок Гнязьдзілава, да ўлюбёных зь дзяцінства мясьцін.

Лісьце на падлозе

У тыя часы працэс фатаграфаваньня падаваўся нейкім рытуалам. Гэта быў эмацыйны момант для кожнага, хто меў намер зафіксаваць тую ці іншую падзею ў жыцьці. У нязвыклай атмасфэры студыі, поўнай мудрагелістых прыладаў, мастак падаваўся чараўніком, які нешта варожыць, накінуўшы чорнае палатно на сябе і на вялізную драўляную скрыню-апарат, усталяваны на масіўным драўляным штатыве. Усё гэта стварала асаблівы псыхалягічны настрой у партрэтаваных.

У залежнасьці ад тэмы фатаздымка, фатографы тае эпохі падбіралі дэкарацыі. Імітацыя неба, часам з элемэнтамі архітэктуры на далёкім пляне. Каб падкрэсьліць прастору, маляваліся галінкі дрэў. Потым умацоўваліся натуральныя галінкі, якімі аздабляўся пярэдні плян жывапіснага фону. Гэтыя дэталі надавалі кампазыцыі прасторавасьць. Часам, каб дасягнуць найбольшай выразнасьці ў выявах, першы плян падлогі пасыпаўся пяском або лісьцем. Ён бясконца захапляўся жывой прыродай — дрэвамі, расьлінамі, жывёламі.

Фатограф-дырыжор

Здымкі Вішнеўскага, героямі якіх малыя, зроблены з асаблівай пяшчотай. Калі партрэт здымаўся ў студыі, заўсёды знаходзілася нейкая цацка або кветка, якія арганічна дапаўнялі дзіцячы вобраз. Часта дзеці здымаліся з жывёламі — то курамі, то казьляткамі, то гускамі.

У майстэрні сярод рэквізыту быў нават трохколавы дзіцячы ровар. Родныя расказвалі, што калі мяне прынесьлі зрабіць першы здымак у некалькі месяцаў ад нараджэньня і думалі, што зацікавяць вялізнай лялькай мядзьведзя, які выдаваў нейкія гукі, то жорстка памыліліся. Прыйшлося доўга мяне суцяшаць і даводзіць, што гэта не сапраўдны, а лялечны мядзьведзь. Атрымаўся здымак хлапчука, які амаль плача — замест жывёліны прыйшлося супакойваць малога сапраўдным гадзіньнікам.

Фатаздымкам Вішнеўскага ўласьціва своеасаблівая кампазыцыйная рэжысура. Мастак знаходзіў развароты галавы, скіраванасьць позірку, падкрэсьліваў асаблівасьці вопраткі, знаходзіў найбольш выразнае асьвятленьне. Гэтым творы Вішнеўскага розьняцца ад звычайнага рамесьніцтва.

На групавых здымках мастак, як сапраўдны дырыжор, нібы смакуючы, з пранікнёнасьцю кампанаваў сваіх герояў.

Тэхналягічныя асаблівасьці фатасправы 1950-х патрабавалі рэтушы, і на фататворах Вішнеўскага час ад часу можна заўважыць яе прысутнасьць. Але гэта зроблена так далікатна, што нават спрактыкаваны чалавек насілу зможа разгледзець майстэрскія папраўкі.

Шчасьце ў Докшыцах

Творцу пашчасьціла ў шлюбе. З жонкай Антанінай ён пазнаёміўся падчас вучобы ў Вільні. Яна таксама была з Докшыц і працавала ў Вільні служанкай. Яна добра разумела мужа, таму праз усё жыцьцё ў сям’і была гармонія. Да самае сьмерці майстра вабілі людзі з творчым характарам, што адчувалі прыгажосьць у жыцьці і прыродзе.

Творчая спадчына маэстра Вішнеўскага захавалася ў мностве фоташэдэўраў, што па сёньня захоўваюцца ў сямейных фотаальбомах — невялікіх, пажоўклых ад часу фатаздымках. Гэтая спадчына вяртаецца. Мы адкрылі яшчэ аднаго талента.

Каментары

Цяпер чытаюць

«Я гатовая стаць міністрам эканомікі Беларусі». Новы твар у Кабінеце Аліса Рыжычэнка — пра карупцыю на карысць Лукашэнак, Зарэцкую і рэформы58

«Я гатовая стаць міністрам эканомікі Беларусі». Новы твар у Кабінеце Аліса Рыжычэнка — пра карупцыю на карысць Лукашэнак, Зарэцкую і рэформы

Усе навіны →
Усе навіны

Берасцеец расказаў і паказаў, як займаўся адмываннем даляраў

Звярнулася 11 ліпеня, запісалі на 22 верасня. У Жодзіне абмяркоўваюць чэргі ў бальніцу1

Брэнд Mark Formelle трапіў у скандал, нахаміўшы кліентцы на роўным месцы8

За пяць гадоў Германія выдала беларусам 267 гуманітарных віз. Больш не будуць13

У галасаванні за птушку 2026 года перамог чорны бусел2

Колькасць загінулых ад расійскага ўдару па Кіеве дасягнула 13 чалавек

«Склалі на ўскрайку лесу — і цішыня». Лукашэнка запатрабаваў здабываць прыбытак з бураломаў2

Памэла Андэрсан пачала сустракацца з вядомым галівудскім акцёрам, старэйшым за яе на 15 гадоў3

Зафіксаваная рэкордная за апошні час колькасць расійскіх дронаў, якія за ноч заляцелі ў Беларусь1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Я гатовая стаць міністрам эканомікі Беларусі». Новы твар у Кабінеце Аліса Рыжычэнка — пра карупцыю на карысць Лукашэнак, Зарэцкую і рэформы58

«Я гатовая стаць міністрам эканомікі Беларусі». Новы твар у Кабінеце Аліса Рыжычэнка — пра карупцыю на карысць Лукашэнак, Зарэцкую і рэформы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць