Лаяць Буша, Эўразьвяз, Захад наагул, тамтэйшыя парадкі і адначасна стаяць у чарзе па візу (бо мне ж туды трэба!) — парадокс нашага часу.
Новая зьява — клопат беларускага МЗС аб грамадзянах Беларусі, правы якіх ушчамляюць чэргі ў заходнія консульствы. Ці ёсьць вырашэньне на праблему чэргаў?
Піша Віталь Тарас.
Пабочным асобам уезд забаронены!
Звыклай карцінай у цэнтры Менску зрабіліся даўжэзныя чэргі, якія штодня выстройваюцца, ці, хутчэй, таўкуцца, ля францускай амбасады. Людзі стаяць гадзінамі, днямі. Часам безвынікова. Пасольства Францыі выдае таксама візы на ўезд ва ўсе краіны шэнгенскай зоны.
Беларусам на францускую галянтнасьць лепей адразу забыцца. У нэрвовай атмасфэры прыхаванага процістаяньня натоўпу й чыноўнікаў, штату якіх яўна бракуе, не да рэвэрансаў і ветлівых усьмешак. У доўгім, амаль безнадзейным чаканьні, пры адсутнасьці інфармацыі нараджаюцца рознага роду пагалоскі. Накшталт таго, што нейкая супрацоўніца пасольства нібыта на шмат якія візы, ужо гатовыя ды падпісаныя вышэйшымі асобамі пасольства, з асалодай ставіць штамп: «annule» (анулявана). Не шкадуюць, маўляў, нікога — ані студэнтаў, ані спартоўцаў, ані звычайных турыстаў.
Дайце кнігу прапановаў
Чарга ля пасольства Францыі — зьява не ўнікальная. Тое самае адбываецца каля іншых эўрапейскіх пасольстваў. У якую краіну ні ехаць, на афармленьне візы цяпер трэба ахвяраваць ладны кавалак часу. (Выключэньне сёньня складаюць толькі Сэрбія й Чарнагорыя, куды беларускім грамадзянам візы не патрэбныя.) Нічога новага ў «папяровых» пакутах беларусаў, ахвотных паехаць за мяжу, няма. Адносна новай зьявай можна назваць хіба клопат беларускага замежнапалітычнага ведамства аб грамадзянах Беларусі, правы якіх быццам бы ўшчамляюць чэргі ў заходнія пасольствы ды консульствы. Клопат гэты праяўляецца ў выглядзе пэрыядычных нотаў МЗС з заклікам да адпаведных дыпляматычных прадстаўніцтваў навесьці належны парадак у афармленьні візаў. Дзіўна, што беларускія ўлады пакуль яшчэ не запатрабавалі завесьці ў пасольствах кнігі заўваг і прапановаў для наведнікаў. Праўда, наяўнасьць адпаведных такіх кніг у айчынных установах чэргі пакуль што не ліквідавала — дастаткова завітаць, напрыклад, у БРТІ ці якую іншую кантору ў Менску.
Усім у чаргу
Тое, што сама па сабе чарга як зьява апошнім часам адраджаецца цяпер амаль паўсюдна, заслугоўвае асобнай увагі. Слоганам «чаргі» можа служыць вядомы выраз: «Вас тут не стаяла!»
«Чэргі» ля заходніх амбасад зьявіліся яшчэ да распаду СССР — пры канцы 1980-х, як толькі была падарвана манаполія КПСС на кіраваньне асабістым жыцьцём грамадзян. Датуль простыя грамадзяне маглі скарыстацца сваім гарантаваным Канстытуцыяй правам паехаць за мяжу толькі з дазволу начальства, а таксама прафкаму і парткаму. Ды яшчэ трэба было прайсьці адмысловую камісію пры райкаме партыі, на якой пэнсіянэры цікавіліся вашым асабістым жыцьцём і вырашалі, ці маеце вы належную ідэалягічную падрыхтоўку, каб ехаць на курорт у Варну. Замежныя пашпарты мелі толькі дыпляматы, супрацоўнікі спэцслужбаў ды асобныя шчасьліўчыкі. Да таго ж існавалі яшчэ й строгія абмежаваньні ў набыцьці валюты. Мяркуючы па тым, як разьвіваюцца апошнім часам падзеі ў сувэрэннай Беларусі, усе гэтыя савецкія звычаі паціху вяртаюцца. Невыпадкова спроба скасаваць рэлікт савецкай эпохі — штамп «выезд ва ўсе краіны сьвету дазволены» — пакуль не ўдалося, нягледзячы на рашэньне Канстытуцыйнага суду, які прызнаў штамп неадпаведным Асноўнаму закону. А звычайнаму чыноўніку, згодна з новым указам, па сваёй волі паехаць за мяжу наагул цяпер няможна — толькі з дазволу начальства.
Другі бок справы
Ёсьць і другі бок справы. Як толькі жалезная заслона на межах СССР і сацлягеру ўпала, выявілася, што на Захадзе ня надта прагнулі ўбачыць мільёны новых гастарбайтэраў. Ды калі б толькі гастарбайтэраў! Свабодай перамяшчэньня першымі скарысталіся, вядома, крымінальныя структуры з былога СССР. Сярод тых, хто змог упершыню ў жыцьці паехаць за мяжу, апынуліся й навукоўцы, літаратары, мастакі, а таксама дробныя бізнэсоўцы-«чаўнакі». Але не яны прыцягнулі да сябе спэцыфічную ўвагу. Успомнім крымінальныя зводкі, якімі стракацелі газэты на пачатку 1990-х гадоў: выбухі ў Празе, нелегальная порнаіндустрыя ў Будапэшце, гангстэрскія разборкі ў Варшаве й Познані. Далей — болей.
Разбагацелыя «новыя рускія» (а таксама беларускія, украінскія й інш.) пачалі скупляць дарагія гатэлі, рэстараны, вілы, землі, футбольныя клюбы. І ня ў «блізкім замежжы» (так пэўны час грэбліва называлі ў Маскве краіны, што раней уваходзілі ў СССР), а ў Англіі, ЗША, Гішпаніі, Нямеччыне, Францыі. І вось ужо самы шыкоўны гарналыжны курорт у францускіх Альпах Куршавэль становіцца «рускім». І ня можна знайсьці ўвогуле ніводнага прыстойнага курорту, дзе не адпачывалі б расейцы, ніводнага прэстыжнага каледжу ці ўнівэрсытэту, дзе не вучыліся б расейцы. І ўсюды яны нясуць з сабой адпаведны ўзровень культуры, ведаў, адпаведныя манеры паводзінаў, стыль адзеньня, слэнг…
Беларусы, якія выэмігравалі ў Чэхію ці Польшчу, абураюцца, калі там іх называюць (таксама, як і ўкраінцаў) «рускімі». Але ж ці многія з эмігрантаў адрозьніваюцца ад іх сваімі манерамі паводзінаў, культурай, мовай?..
Ды справа ня толькі ў гэтым. Нядаўнія падзеі ва Ўкраіне прывялі да таго, што палякі сталі з большай павагай ці хаця б сымпатыяй ставіцца да ўкраінцаў — у тым ліку і тых, хто жыве цяпер у Польшчы. Магчыма, гэта часовая зьява: палітычныя сымпатыі — рэч зьменлівая. Але ніхто ня здольны паважаць прадстаўнікоў чужой нацыі больш, чым яны здольныя паважаць сябе самі.
Хто апошні?
Чарга — калі гэта сыстэма, а не выпадковая зьява — прыніжае чалавечую годнасьць. Але з другога боку, стаяньне ў чарзе многіх задавальняе, бо яна як бы сымбалізуе сабой роўнасьць і справядлівасьць. Ці хаця б замяняе гэтыя паняцьці. Таму кожны змагаецца за сваё «законнае месца» ў «чарзе» й сочыць, каб ніхто не парушаў парадак. Аднак кожны, каму будзе дадзены шанец прайсьці наперад па-за чаргой, скарыстаецца ім без ваганьняў. Такая вось дыялектыка паводзінаў постсавецкага чалавека.
Лаяць Амэрыку, Буша, Эўразьвяз, Захад наагул, тамтэйшыя парадкі і адначасна стаяць у чарзе па візу (бо мне ж туды трэба!) — вось яшчэ адзін звыклы парадокс. Кепска там, дзе нас няма. Магчымасьць езьдзіць па сьвеце, працаваць там, дзе ёсьць найлепшая магчымасьць раскрыць свае здольнасьці, — адна з найвялікшых заваёў новага часу.
Але калі адзіная пэрспэктыва бачыцца ў атрыманьні шматразовай візы — гэта ілюзія выйсьця. Да шматлікіх відаў псыхалягічнай залежнасьці, у тым ліку сярод калег-журналістаў, можа дадацца яшчэ адзін — залежнасьць ад візы, а лепей — адразу ад некалькіх візаў у пашпарце. Пашпарт у кішэні стварае адчуваньне хоць нейкай стабільнасьці. У крайнім выпадку — сеў на самалёт ці ў цягнік і пакінуў усе айчынныя праблемы разам з чэргамі дома. Хаця б на тыдзень, месяц, год. А тым часам чарга будзе расьці. Чарга людзей, праблем і няспраўджаных чаканьняў. Хто там апошні?
Каментары