Архіў

Вера Бурлак

Беражыце вочы!

Яны і мы

Гендэрны верш

Яны апранулі нас у прыгожыя строі,

Яны нас паставілі, каб у нас на вачах,

Пасеўшы на коней, пахапаўшы зброю

Закутымі ў жалеза біцца на мячах.

Яны прыпісалі нам адмысловую мову,

Якою мы быццам бы ня можам не размаўляць.

А мы з гэтай мовы ня ведаем ані слова,

А зь іхняй два ведаем: на тры літары і на пяць.

Яны паселі на коней, узброіліся і, строга

Зірнуўшы на нас, паехалі — нашыя палядзіны, —

Напэўна, каб прывезьці нам адмысловага Бога.

Як быццам яны ня ведаюць, што Бог — адзіны.

Паэту

Пакуль тваіх ахвяраў Фэб ня просіць,

Князь Цемры іх атрымлівае ўсмак,

І нема з-за дажджэзных хмар галосіць

Галодны і зьдзічэлы задыяк.

Стыхіі прэч з палону Апалёна

Прарваліся па твой крывавы труп,

І вецер грае трэш на саксафонах

І вадасьцёкаў, і астатніх труб.

Паэце, ведай: вершык на паперцы

Мацнейшы за крышталеўскі бальзам.

Слабенькі вершык рве слабыя сэрцы,

А моцны сэрцам — моцна піша сам.

Чытаў газэты? Дасьпяваюць ружы,

У гэтым годзе неблагі ўраджай.

Вунь далакоп ідзе — вясёлы, дужы,

Ўсіх закапае, толькі нараджай!

А потым будуць буры і ўраганы,

Наганы, рэкі, поўныя крыві:

Што ты равеш? Плыві! Ты ж беззаганны,

Адзіны ў сьвеце — ты за ўсіх жыві!

За ўсіх адказвай ты, як той вучыў, —

За ўсіх казлоў, якіх ты прыручыў,

Каго зьняважыў і па кім тужыў,

Адзін — за ўсіх, каго ты перажыў!

Бо ўжо чацьвёрка чарапах памерла,

І тры сланы, і нават тры кіты.

І над табою плача Мэльпамэна,

Адказная за ўсіх такіх, як ты.

* * *

Я даўно нежывая, даўно мне пара ў труну,

Толькі ранак мяне нацягвае, як струну

І ўвесь дзень на мне нешта грае.

Я выходжу на двор, дзе з дакладнасьцю да хвілін

Шпацыруюць штодня суседзі — Зомбі і сын —

І праседжваюць лаўкі Граі.

А з акенца дому насупраць глядзіць Жыцьцё:

Ўжо старое, бяззубае, з лапкамі, як асьцё,

І з усьмешкай, як мех трухі.

Я схаджу для яго ў гастраном па кефір і батон,

Бо яно — гэта мой мэтраном, і мой камэртон,

І адзіны слухач…

Аб’ява

На плоце — бы сэрца, што прагне разьбіцца, —

Трапеча паперка ў цямрэчы сырой:

«Сябры! Суайчыньнікі! Госьці сталіцы!

Ратуйце! Згубіўся лірычны герой.

Прыгожы, як вы, дваццацідвухгадовы

(Бульдожка, бабулька ці брудны гіпар),

Калі ён да вас зазірне выпадкова,

Яго вы дакладна пазнаеце ў твар.

Тады, я прашу, набярыце мой нумар.

Я дам што заўгодна — хоць золата воз!..»

Чытаю — і шэрань сьціскае мой гумар,

І фары вясёлкай квітнеюць ад сьлёз.

* * *

А на нашай плянэце ўсё ня так, як у вас.

Нашы дзеці жывуць менш за год,

Дарослыя — тры як найболей.

Мы ня ведаем цьвёрдай сушы і вадкіх вод,

Як і вы — смаку мяккіх цьвікоў і салодкай солі.

Мы ляталі на Месяц, бо мы тонкія, быццам шкло,

І лятаем па прынцыпе бумэрангу.

А ў вольны час мы зьбіраем усё сяло

І танчым сатурніянскае танга.

У гэтым танцы толькі адзін рух — паварот галавы

Пад кутом, няісным як зьява.

А ўранку мы прачынаемся, як і вы,

І сьняданак у нас падобны: каша і кава.

Каментары

Цяпер чытаюць

«Вельмі добра разумею беларускую мову. Нават не думаў». З'явілася ВІДЭА размовы беларускіх палітвязняў з Зяленскім12

«Вельмі добра разумею беларускую мову. Нават не думаў». З'явілася ВІДЭА размовы беларускіх палітвязняў з Зяленскім

Усе навіны →
Усе навіны

Журналіст Дзмітрый Семчанка расказаў, як яго спрабавалі зламаць у СІЗА9

Справай вертухая Шынвізэ занялася крымінальная паліцыя Германіі9

На палітвязняў ужо сабралі ўдвая больш за запланаваную суму. Збор яшчэ можна падтрымаць

Памёр кампазітар Віктар Капыцько

Сярод вызваленых 13 снежня — самая пажылая палітзняволеная

Як выглядае касцёл у Сапоцкіне пасля пажару ВІДЭА2

Максім Рыжанкоў трапіў у базу ўкраінскага «Міратворца»3

Запрацавала гарачая лінія па пытаннях вызваленых палітвязняў

Інжынера, які запускаў трэцюю лінію мінскага метро, асудзілі за «Гаюна»4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Вельмі добра разумею беларускую мову. Нават не думаў». З'явілася ВІДЭА размовы беларускіх палітвязняў з Зяленскім12

«Вельмі добра разумею беларускую мову. Нават не думаў». З'явілася ВІДЭА размовы беларускіх палітвязняў з Зяленскім

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць