Улада1313

Спадчына на продаж

Адзін з найпрыгажэйшых беларускіх палацаў з паркам таемна прадаюць расейцам.

Адзін з найпрыгажэйшых беларускіх палацаў з паркам таемна прадаюць расейцам.

Ваўкавышчыне пакуль пашанцавала з помнікамі старасьвеччыны. Дзясяткі зь іх уключаныя ў «Збор помнікаў», у Сьпіс гісторыка‑культурных каштоўнасьцяў. Сярод іх багата й старадаўніх панскіх сядзібаў. Напрыклад, у мястэчку Гнезна захаваўся будынак палацу з флігелямі і рэшткі рамантычнага парку з арыгінальнай воднай сыстэмай.

Старасьвецкі парк і аднапавярховы палац сярэдзіны ХІХ ст. роду Сцыпіё дэль Кампа, што гаспадарылі тут да апошняй вайны, ёсьць у вёсцы Падароск. Да верасьня 1939 году тут віравала іншае жыцьцё. А Рось да 1939 г. належыла Патоцкім, якія яшчэ ў пачатку XVIII ст. заклалі тут сядзібу й цудоўны парк, фрагмэнты якога захаваліся.

Некаторыя сядзібы былі сапраўднымі агменямі асьветы й культуры. Гэтак у вёсцы Ярылаўка пакуль яшчэ знаходзіцца панскі дом, у якім у 1885‑1890 гг. жыў вядомы беларускі мастак А.Каменскі.

На жаль, бальшыня гэтых выбітных помнікаў гісторыі й прыроды сёньня ў гаротным стане. За апошнія тузін гадоў сытуацыя толькі пагоршылася. Не перапала тут нічога на рэстаўрацыю ў 2004 годзе, калі ў райцэнтры бурна праводзіўся рэспубліканскі фэст «Дажынкі‑2004». Але ў аддзеле культуры Ваўкавыскага райвыканкаму знайшлі выйсьце. Цяпер тамтэйшае начальства шукае пакупнікоў на помнікі нашае спадчыны, якімі яны вольна распараджаюцца.

Гэтак палацава‑паркавы комлекс у вёсцы Краскі, дзе пакуль месьціцца дзіцячы санаторый, маняцца прадаць з «аўкцыёну». Пра адкрытасьць і празрыстасьць апэрацыі тут нават не вядзецца. У райаддзеле культуры кажуць, што пакупнік ужо вядомы. «Канечне ж, расейцы. У нашых жа такіх грошай няма!» — зь веданьнем справы кажуць у чыноўніцкіх кабінэтах. Насамрэч, расейцы ўжо даўно скупляюць нерухомасьць у самых каштоўных, запаведных кутках Беларусі. Але гэтым разам вядзецца пра помнік выключнае каштоўнасьці.

Нэагатычны палац ХІХ ст. роду Сегеняў — адзін з найлепшых узораў свайго стылю. Сама старая ягоная частка была ўзьведзеная ажно ў 1839 годзе! А шыкоўны тамтэйшы прысядзібны парк пазамінулага стагодзьдзя, у якім расьце нямала рэдкіх старадаўніх дрэваў, стаіць на 6 га. Тут растуць такія дзівосы, як воцатнае дрэва, хвоя вэймутава, ламанос, скумпія, лістоўніцы…

Шыкоўны парк, што сыходзіць у стары хваёвы лес, ёсьць помнікам рэспубліканскага значэньня. Як і ў іншых выпадках, такі статус нікога ні да нічога не абавязвае. Усё тут дзічэе. Як паўсюль…

Таму скінуць зь сябе клопат пра ўнікальны помнік — сур’ёзная матывацыя для раённага начальства. Але сума, якую яны хочуць атрымаць з «аўкцыёну», відавочна, несур’ёзная — 450 млн. беларускіх рублёў. Столькі сёньня каштуе дамы ў нейкай Ратамцы. Нават для раённага бюджэту гэта мізэр. На «Дажынках» у Ваўкавыску Лукашэнка раздаў 9 прэміяў па 30 мільёнаў рублёў, 9 прэміяў па 20 мільёнаў, 6 — па 15! Ну й дэлегацыі Магілёўшчыны ўручыў у Ваўкавыску 50 мільёнаў рублёў.

Калі ўсё ж Краскаўская сядзіба апынецца ў прыватных руках расейцаў, то, па‑першае, баюся, патрапіць туды беларусу, каб спрычыніцца да хараства й духу гісторыі, будзе праблематычна; па‑другое, зьдзяйсьняць кантроль за станам помніку будзе немагчыма. Лішне казаць, шта ані раённыя ўлады, ані Міністэрства культуры, ані, пагатоў, ужо вядомы ў райаддзеле пакупнік з Расеі, нічога не гарантуюць у справе аховы спадчыны.

Калі авантура ўдасца, то ў ваўкавыскага начальства яшчэ застануцца помнікі прыроды й гісторыі, старасьвецкія сядзібы й паркі ў вёсках Вярэйкі, Шніпава, Мачульна, Тэалін, Субачы… Ёсьць яшчэ што прапанаваць расейскім пакупнікам! Пакуль улада ня стане беларускай, на іх век хопіць.

Наш кар., Ваўкавыск

Здымак radzima.org

Каментары13

Цяпер чытаюць

«Пенсіянерам дзеці перашкаджаюць!» У Брэсце не першы месяц ідуць спрэчкі наконт месца для будаўніцтва дзіцячага сада5

«Пенсіянерам дзеці перашкаджаюць!» У Брэсце не першы месяц ідуць спрэчкі наконт месца для будаўніцтва дзіцячага сада

Усе навіны →
Усе навіны

У Беларусі зарэгістравалі новы від птушак2

Ва Уруччы высекуць сквер пад праваслаўную царкву. Натхняліся раннехрысціянскай архітэктурай Рыма22

Трамп адмяніў сустрэчу з Пуціным у Будапешце1

ЗША абвясцілі пра санкцыі супраць «Раснафты» і «Лукойла»8

На вайне з Украінай загінуў сын былога міліцэйскага начальніка з Віцебска23

ЗША знялі ключавое абмежаванне на ўдары дальнабойнымі ракетамі па Расіі — WSJ5

Выбух адбыўся на абаронным заводзе ў Чалябінскай вобласці. Ёсць ахвяры6

Як Фядыніч адкрыў аўтобус Статкевічу на мяжы і як Вінярскі таксама выйшаў, каб застацца ў Беларусі. Новыя падрабязнасці3

Генеральны сакратар НАТА падтрымаў ідэю Трампа спыніць вайну ва Украіне па лініі фронту

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Пенсіянерам дзеці перашкаджаюць!» У Брэсце не першы месяц ідуць спрэчкі наконт месца для будаўніцтва дзіцячага сада5

«Пенсіянерам дзеці перашкаджаюць!» У Брэсце не першы месяц ідуць спрэчкі наконт месца для будаўніцтва дзіцячага сада

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць