Гісторыя99

65 гадоў таму ў Мінску забілі Саламона Міхоэлса

Піша Альгерд Бахарэвіч.

Менск і Гамбург. Збудаваць паміж імі масты амаль немагчыма, калі яны і ўзнікаюць, то не там, дзе іх чакаюць, ды ўсё нейкія вяровачныя, здрадлівыя, часовыя... Такія хісткія, амаль уяўныя, яны пагойдваюцца над прорвай гісторыі — хутчэй ранішні міраж, чым надзейная апора. Канчаткова прачнуўшыся, у здаровым розуме на такія ўжо не ступіш. Але ў тумане зімовай раніцы, у ачмурэнні ад прачытанага ўчора іх раптам заўважаеш, і вось ужо ідзеш, упэўнена, як лунатык, на той бераг, быццам нехта паклікаў.

​​Вось жа, на станцыі Гольстэнштрасэ вісіць вялізная рэклама ніжняй бялізны. Сумны спецдзядзька ў спецадзеньні становіцца на свае спецдрабіны, мачае свой спецпэндзаль у спецклей і пачынае вадзіць ім па азадку азяблай прыгажуні, гіганцкі здымак якой так нахабна зазірае ў вокны цягнікоў. Збіраецца наклеіць паўзверх яе новую сяброўку снежня. Ён лашчыць пэндзлем адсырэлыя сцёгны... Хто ляжа на яе месца? Не, гэта будзе тэатральная афіша. У Гамбургу ідзе «Анатэўка» — мюзікл паводле твора Шолэм-Алейхема «Тэў’е-малочнік». І раптам туман радзее, мост проста перад табой, а на тым беразе ўжо шарэе Менск, Менск канца саракавых гадоў мінулага стагоддзя. З усімі ягонымі сумётамі і грузавікамі, з усімі ягонымі начамі і таямніцамі.

...Раніцай 13 студзеня 1948 году ў Менску на вуліцы Беларускай, недалёка ад яе перасячэння з Гарбарнай (цяпер Ульянаўская), мінакі пабачылі пры дарозе ў сумёце два трупы. Адзін з іх, як высветлілася ў той самы дзень, належаў літаратару Голубаву, другі — знакамітаму актору і рэжысёру Саламону Міхоэлсу. Паводле версіі ўладаў, уначы іх збіла машына. Што адбылося насамрэч, стала вядома пазней, калі ўлады змяніліся і на месца версіяў прыйшла праўда, ці паўпраўда — бо і ўлада ж ніколі не змяняецца да поўнае непазнавальнасці.

Міхоэлс прыехаў у Менск з Масквы 8 студзеня. Гэта была службовая паездка, ён меўся паглядзець два спектаклі, што прэтэндавалі на Сталінскую прэмію: 10-га «Заслонава» ў Расейскім тэатры, 11-га «Алесю» у Оперным. 9-га ён пайшоў у Беларускі дзяржаўны яўрэйскі тэатр на таго самага «Тэўе-малочніка» паводле Шолэм-Алейхема.

Таго самага Тэўе, які сказаў: «Ці ведаеце вы, што Бог на свеце ёсць? Я не кажу: ваш Бог, ці: мой Бог, я кажу пра таго нашага агульнага Бога, які сядзіць там наверсе і бачыць усе подласці, што робяцца тут, унізе!»

Тут, унізе, усё ішло паводле плану. «Я, відаць, хутка памру», — сказаў Міхоэлс у той дзень менскім знаёмым. Сказаў, яшчэ не ведаючы, што яму падрыхтаваная роля ахвяры ў іншым спектаклі — спецаперацыі па ліквідацыі амерыканскага шпіёна Міхоэлса, то бок яго самога. Кіраваў апэрацыяй генэрал МГБ Агальцоў. 12 студзеня ўвечары Міхоэлса і літаратара Голубава, які быў няштатным агентам МГБ, не падазраючы, які канец яму падрыхтаваны, завезлі на дачу Цанавы ў Сцяпянцы і раздушылі там коламі грузавіка. А потым выкінулі трупы на вуліцы Беларускай, недалёка ад гатэлю.

Тут, унізе. Менчукі не паверылі ў афіцыйную версію. У яе не паверылі ўжо самыя першыя экспэрты-медыкі, бо сляды на целах недвухсэнсоўна сведчылі пра забойства, а не пра выпадковы наезд. Пасля смерці Сталіна ўсё высветліцца. На жаргоне тых гадоў, сацыялістычная законнасць будзе адноўленая. Пацвердзіць версію забойства потым і Хрушчоў у сваіх мемуарах: «Міхоэлса тады забілі, а забойцаў узнагародзілі». А ўжо праз чатыры месяцы пасля забойства Міхоэлса будзе абвешчаная Дзяржава Ізраіль. Якую не так проста будзе раздушыць пад коламі грузавіка і выкінуць на сумёт гісторыі. Ці спіхнуць у мора.

​​Здавалася б, час мусіць няўхільна аддаляць гэтыя падзеі і зрабіць іх нарэшце гісторыяй. Тыя месцы ў Менску, якія звязаныя з гібельлю Міхоэлса, маглі б калі-небудзь зрабіцца турыстычнымі адметнасцямі. Або, на ўзор Гамбурга, тут мусілі б узнікнуць свае штольперштайнэ, камяні, аб якія павінна спатыкацца памяць бесклапотнага мінака: яны ўбудаваныя ў вулічны брук, і на кожным — імя замучанай некалі ў горадзе ахвяры... Каб кожны мог па сваім мосце дайсці да таго, сталінскага Менску і падумаць пра нешта сваё. Калі-небудзь такое стане магчымым, але не цяпер. Бо і сучасны Менск, у якім так цяжка аб нешта спатыкнуцца, за апошнія пятнаццаць гадоў некалькі разоў рабіўся месцам спецаперацый па ліквідацыі розных «варожых шпіёнаў». Якіх да гэтага часу ніхто не знайшоў — як і саміх выканаўцаў. Тут, унізе, дагэтуль знікаюць людзі, і іх не адшукваюць ні на Беларускай, ні на Гарбарнай, ні ў Сцяпянцы. Наогул, нідзе.

Затое усе ведаюць, дзе Нацыянальная бібліятэка.

Каментары9

Цяпер чытаюць

Дзмітрый Лукашэнка хоча паставіць пад кантроль усе мабільныя тэлефоны6

Дзмітрый Лукашэнка хоча паставіць пад кантроль усе мабільныя тэлефоны

Усе навіны →
Усе навіны

Расія моцна пашкодзіла важны мост у Херсоне. Ці кажа гэта пра падрыхтоўку да дэсанту на правы бераг?2

Лукашысты вераць, што змогуць зняць санкцыі ні за што. Гэта рэальна?25

У Вільні ў смеццевым кантэйнеры непадалёк ад амбасады Расіі знайшлі часткі цела забітага падлетка7

Японцы з дапамогай 3D-друку пабудавалі дом з зямлі, а не бетону

У Беларусі з'явілася вакансія з заробкам 33 тысячы рублёў. Каго шукаюць?1

У Празе на хакейным турніры на лёд выбегла раз'юшаная маці аднаго з гульцоў ВІДЭА1

У Сочы затрымалі дзяўчат і хлопца, якія рабілі сэлфі на фоне палаючай нафтабазы5

«Дар Марэны». На Дзятлаўшчыне знайшлі неапаганскае надмагілле6

Ціханоўскі насмажыў катлет для еўрапейскіх дыпламатаў15

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дзмітрый Лукашэнка хоча паставіць пад кантроль усе мабільныя тэлефоны6

Дзмітрый Лукашэнка хоча паставіць пад кантроль усе мабільныя тэлефоны

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць