Свет99

Успрыманне Трампа Масквой змянілася, загаварылі пра вераломства і ненадзейнасць

Дырэктар Інстытута сусветнай ваеннай эканомікі і стратэгіі Вышэйшай школы эканомікі, былы кіраўнік маскоўскага Цэнтра Карнегі Дзмітрый Трэнін апублікаваў артыкул, у якім тлумачыць, як зараз Расіі варта ўспрымаць Трампа і палітыку ЗША ў цэлым. Трэнін — чалавек, чыё бачанне блізкае кіраўніцтву Расіі, таму ў яго варта ўдумацца.

Уладзімір Пуцін і Дональд Трамп у Анкорыджы на Алясцы 15 жніўня 2025 года. Фота: AP Photo/Julia Demaree Nikhinson

Свой артыкул Трэнін пачынае з аналізу трансфармацыі палітыкі Дональда Трампа. Ён нагадвае, што напачатку свайго другога тэрміну Трамп казаў пра сваю місію «вярнуць веліч Амерыцы», пра адмову ад ліберальнага глабалізму на карысць прагматызму, «ад абароны і прасоўвання інтарэсаў амерыканскай імперыі да павароту тварам да ўласнай краіны і яе праблем». Такая палітыка, на погляд эксперта, таксама ўключала «прызнанне разнастайнасці свету і наяўнасці ў ім некалькіх вялікіх дзяржаў, з якімі ЗША павінны дамаўляцца».

«Пачатак яго новага тэрміну атрымаўся бадзёры», — кажа Трэнін, маючы на ўвазе, што крокі Трампа далі Расіі надзею на перадзел свету на сферы ўплыву. Ён узгадвае аднаўленне кантактаў Вашынгтона з Крамлём і выпрацоўку паразумення наконт шляхоў вырашэння ўкраінскага крызісу («духу Анкорыджа»). Аднак гэты поспех аказаўся кароткачасовым, бо, як даводзіць аўтар, працэс урэгулявання хутка забуксаваў праз супраціў еўрапейскіх саюзнікаў і амерыканскага істэблішменту.

У выніку нават абмежаваныя крокі па паляпшэнні адносін паміж ЗША і Расіяй не адбыліся, а санкцыйны ціск на расійскі энергетычны сектар толькі ўзмацніўся.

Вашынгтон праігнараваў прапановы па захаванні Дамовы аб мерах па далейшым скарачэнні і абмежаванні стратэгічных наступальных узбраенняў (СНУ-3), дзеянне якой скончылася ў пачатку гэтага года, што канчаткова разбурыла сістэму ядзернай бяспекі.

Адначасова, як падкрэслівае Трэнін, замежная палітыка ЗША стала яшчэ больш рэзкай і сілавой. Сведчаннем гэтага з’яўляюцца аперацыя ў Венесуэле, удары па Іране і размовы пра «змену рэжымаў» у іншых краінах.

«Фактычна замест састарэлай гегемоніі калектыўнага Захаду, выбудаванай на ліберальна-глабалісцкіх пачатках, Трамп цяпер спрабуе ўсталяваць аднаасобную сусветную гегемонію ЗША, але ўжо на чыста сілавой аснове. (…)

Дзяржава, якая «засынала» пры Байдэне-«Чарненку», пры Трампе перайшла ў контрнаступ. Мэта Вашынгтона — не столькі ўсталяваць новы сусветны парадак, колькі спарадзіць сусветны хаос, каб панаваць у ім», — сцвярджае расійскі эксперт.

Як быць?

Адказваючы на пытанне «Як быць нам?», Трэнін даводзіць, што такая палітыка Вашынгтона «аб’ектыўна робіць Злучаныя Штаты геапалітычным і патэнцыйна ваенным праціўнікам Расіі». Ён падкрэслівае, што нават пасля вяртання Трампа ў Белы дом Вашынгтон не перастаў быць праціўнікам Масквы ва ўкраінскім канфлікце.

«Гэта не значыць, што ўслед за атакай на Іран абавязкова адбудзецца напад на Расію, але ў стратэгічным плане памкненні адміністрацыі Трампа вядуць ЗША да сутыкнення з нашай краінай», — даводзіць эксперт.

«Справа і права Вярхоўнага галоўнакамандуючага — вырашаць, як працягваць спецыяльную дыпламатычную аперацыю (дыялог з Трампам)», — адзначае Трэнін і заўважае, што гэты дыялог ужо прынёс пэўныя вынікі: дапамог часткова аддаліць Трампа ад украінскага канфлікту, узмацніць разыходжанні паміж ЗША і Еўропай і паказаць Расію як краіну, якая «імкнецца да трывалага міру».

Перамовы ў Анкорыджы. 15 жніўня 2025 года. Фота: AP Photo/Julia Demaree Nikhinson

Аднак перспектывы дыпламатыі эксперт ацэньвае скептычна, бо лічыць, што ўкраінскі прэзідэнт «цалкам і безнадзейна неадэкватны», «Еўропа рыхтуецца ваяваць з Расіяй», а сам Трамп можа аслабнуць пасля выбараў у Кангрэс у лістападзе і няўдалага развіцця іранскай кампаніі.

Асобна Трэнін папярэджвае пра ненадзейнасць Трампа як партнёра. У якасці прыкладу ён прыводзіць паводзіны ЗША ў адносінах да Ірана ў 2025 і 2026 гадах, якія называе «вераломствам».

«Дадатковую пікантнасць сітуацыі надае тое, што амерыканскія перамоўшчыкі на расійска-ўкраінскім і іранскім кірунках — гэта адны і тыя ж людзі, максімальна набліжаныя да кіраўніка Белага дома. Трамп у літаральным сэнсе гаспадар свайго слова, інакш кажучы — партнёр ненадзейны. Гэта не азначае, што з ім нельга мець зносіны; проста верыць яму (ці яго подпісу) зусім не абавязкова», — павучае эксперт і працягвае нагнятаць:

«Не варта таксама ні на хвіліну забываць, што рэальная амерыканская ваенная дактрына ставіць задачу нейтралізацыі (абезгалоўлівання — у літаральным сэнсе) вышэйшага кіраўніцтва дзяржавы-праціўніка ў самым пачатку канфлікту. Гарантыі бяспекі Расіі — у тым ліку на ўкраінскім кірунку — могуць быць забяспечаныя перш за ўсё вайсковымі сродкамі самой Расіі. Разлічваць тут давядзецца толькі на саміх сябе».

На погляд эксперта, расійска-амерыканскія адносіны ў найбліжэйшай будучыні будуць вельмі абмежаваныя. Ён адзначае, што эпоха кантролю над стратэгічнымі ўзбраеннямі фактычна завяршылася, а «стратэгічная стабільнасць у свеце крытычна аслабла».

«Патрабуецца пераасэнсаванне сітуацыі ва ўмовах шматпалярнага ядзернага свету, і перш за ўсё распрацоўка новых мадэляў стрымлівання і стабільнасці сумесна з азіяцкімі партнёрамі Расіі — Кітаем, Індыяй, Пакістанам, Паўночнай Карэяй. З Вашынгтонам неабходна пастаянна знаходзіцца ў кантакце для выключэння небяспечнага непаразумення ў крызісных сітуацыях, але перамовы і нават кансультацыі, якія вядуцца па старых формах, канчаткова страцілі рэлевантнасць», — піша Трэнін.

На яго думку, войны ЗША і Ізраіля супраць Ірана нанеслі моцны ўдар па сістэме нераспаўсюджання ядзернай зброі, якая «сёння больш, чым калі-небудзь, служыць адзінай рэальнай гарантыяй ад нападу з боку ЗША». У той жа час, «фактычная адмова Вашынгтона ад ядзерных гарантый бяспекі сваім саюзнікам у Еўропе, Азіі і на Блізкім Усходзе штурхае гэтых саюзнікаў да стварэння ўласных ядзерных арсеналаў або пашырэння наяўных».

Прэс-канферэнцыя Трампа і Пуціна пасля перамоў у Анкорыджы. 15 жніўня 2025 года. Здымак ілюстрацыйны. Фота: AP Photo/Jae C. Hong

А што з эканомікай?

У эканамічнай сферы Трэнін таксама не бачыць хуткага паляпшэння адносін. Хоць патэнцыял супрацоўніцтва паміж Расіяй і ЗША тэарэтычна вялікі, ён лічыць, што на практыцы гэта малаімаверна.

«Антырасійскія санкцыі — гэта «ўсур’ёз і надоўга». Большая іх частка ўведзеная законамі ЗША — гэтыя санкцыі і не могуць быць перагледжаныя прэзідэнтам. Большасць цяпер жывучых грамадзян Расіі не дачакаюцца ні адмены, ні нават істотнага паслаблення гэтых абмежаванняў. Нам мае сэнс прыняць цяперашняе становішча спраў як доўгатэрміновую рэальнасць і выбудоўваць сваю геаэканамічную стратэгію з упорам на ўнутранае развіццё і адносіны з незаходнімі партнёрамі».

Трэнін падкрэслівае, што супрацоўніцтва паміж Масквой і Вашынгтонам у рэгіянальных пытаннях фактычна змянілася канфрантацыяй. Ён прыводзіць прыклады Венесуэлы, Ірана (гэтую краіну ён называе «стратэгічным партнёрам Расіі»), Кубы, Паўночнай Карэі і Кітая («асноўнага міжнароднага партнёра Расіі»).

«На ўсіх пералічаных кірунках у нашых інтарэсах — умацоўваць адносіны з партнёрамі і саюзнікамі, якія падвяргаюцца ціску і пагрозам з боку ЗША. Іх супраціў можа затармазіць або спыніць контрнаступленне Трампа. Сама па сабе Амерыка не спыніцца ніколі», — заканчвае свой аналіз Трэнін.

Каментары9

  • .
    17.03.2026
    "Ён адзначае, што эпоха кантролю над стратэгічнымі ўзбраеннямі фактычна завяршылася, а «стратэгічная стабільнасць у свеце крытычна аслабла»"

    И кто же, [Рэд. Выдалена], такой коварный это все начал?

    [Зрэдагавана]
  • бабруйчанін
    17.03.2026
    Былы дырэктар " Цэнтра Карнэгі" )))
    Калісці ..5 год таму эксперт аналітык " цэнтр Карнэгі" Масква была як знак якасці дзля кагосці ...
    Але і 5 год таму было вядома і аб Тренеке дырэктаре і адкуль ен..
  • Типок Вагнерок
    18.03.2026
    Пережили Бидона, переживем и Т(р)ампона. А Русь вечная.

Цяпер чытаюць

Былога супрацоўніка контрразведкі КДБ арыштавалі за здраду дзяржаве9

Былога супрацоўніка контрразведкі КДБ арыштавалі за здраду дзяржаве

Усе навіны →
Усе навіны

Вынеслі прысуд Паліне Зыль — блогерцы, якая стала нулявым пацыентам справы Гаюна, бо ў яе знайшлі тую самую спасылку ад Матолькі35

Махляры прыдумалі новую прынаду — Telegram, які нібыта працуе без інтэрнэту1

Краіны Персідскага заліва пачынаюць сумнявацца ў гарантыях ЗША7

У Варшаве беларусы святкуюць Дзень Волі ФОТЫ17

У Мінску на праспекце Дзяржынскага мужчына вельмі дзіўна сябе паводзіў: бегаў па праезнай частцы і спыняў машыны ВІДЭА

Дзісна, Тураў і Васілевічы — самыя маленькія гарады Беларусі. А хто яшчэ ў топе?5

«Хачу наведаць бабулю ў Беларусі». Як жывуць і адаптуюцца дзеці беларусаў-эмігрантаў у Еўропе4

«Ён не думаў, што будзе цалаваць мяне ў сраку». Трамп выказаўся пра адносіны з наследным прынцам Саудаўскай Аравіі13

«Свае — гэта слова, якое для мяне вызначае тэатр». Вялікая гутарка з акцёрам Міхасём Зуем пра сцэну, каманду і тэатр у эміграцыі2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Былога супрацоўніка контрразведкі КДБ арыштавалі за здраду дзяржаве9

Былога супрацоўніка контрразведкі КДБ арыштавалі за здраду дзяржаве

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць