Свет44

У Нью-Ёрку пахавалі паліцыянта Цімашэнку — ураджэнца Беларусі

На пахаваньні прамаўляў мэр Нью-Ёрку. «Расэл Цімашэнка быў сапраўдным героем», заявіў мэр.

Сёньня ў Нью‑Ёрку на Мараўскіх могілках у Стэйтан‑Айлэндзе адбылося пахаваньне 23‑гадовага паліцыянта, ураджэнца Бабруйску Расэла Цімашэнкі. Словы спачуваньня бацькам Расэла выказалі мэр Нью‑Ёрку, палітыкі, калегі, жыхары гораду.

Сям’я Цімашэнкаў эмігравала зь Беларусі ў ЗША на пачатку 1990‑х. Пасьля сканчэньня паліцэйскай акадэміі ў студзені 2006‑га Расэл Цімашэнка трапіў на службу ў 71‑шы ўчастак Брукліну. За паўтара года афіцэр зрабіў пятнаццаць асабліва складаных затрыманьняў.

У панядзелак 9 ліпеня падчас патрульнай службы Расэл спрабаваў спыніць машыну са злачынцамі, аднак быў расстраляны ў твар. Увесь час пасьля раненьня паліцыянт знаходзіўся ў коме. Расэл Цімашэнка памёр у суботу 14 ліпеня.

У сваім спачувальным слове мэр Нью‑Ёрку Майкл Блумбэрг сказаў, што «сам ён, як бацька, нават блізка ня можа ўявіць сабе гора бацькоў Расэла — Леаніда і Тацяны Цімашэнкаў». «Гэтыя людзі страцілі адзінага сына, аднак я хачу, каб яны ведалі, што Расэл быў сапраўдным героем», заявіў мэр.

«Гэта ўжо дзявяты выпадак у час майго знаходжаньня на пасадзе мэра, калі злачынцы забіваюць паліцыянта. Я зраблю ўсё, што ў маіх сілах, каб у часе маёй далейшай працы не адбылося дзясятага пахаваньня. Мы зробім усё, што ад нас залежыць, у памяць пра гэтага цудоўнага паліцыянта», — сказаў Майкл Блумбэрг.

Паводле словаў нью‑ёрскага мэра, усе паліцыянты былі застрэленыя крымінальнікамі зь незаконна набытай зброі. Блумбэрг настойвае на жорсткіх заканадаўчых актах. Мэр крытыкуе тых палітыкаў з Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША, якія лічаць адпаведнае пакараньне на тры з паловай гады турмы вельмі жорсткім. Блумбэрг раіць гэтым палітыкам наведаць сям’ю загінулага паліцыянта.

У аўторак імёны забойцаў Расэла Цімашэнкі былі афіцыйна аб’яўленыя ў Бруклінскім акружным судзе. Гэта афраамэрыканцы Дэкстэр Бостык, Робэрт Эліс і Лі Вудз, якія належаць да адной зь нью‑ёркскіх крымінальных груповак.

Лі Вудз у часе затрыманьня прызнаўся дэтэктывам, што ў тую трагічную ноч, калі яны стралялі ў Цімашэнку і ягонага напарніка, яны мелі прадаць нелегальна набытыя пісталеты іншым крымінальнікам. Бостыку, Элісу і Вудзу выставілі абвінавачаньне ў наўмысным забойстве.

Паводле фэдэральнага заканадаўства, такія дзеяньні караюцца электрычным крэслам альбо ўвядзеньнем сьмяротнай іньекцыі. Аднак некалькі гадоў таму у штаце Нью‑Ёрк аб’явілі мараторый на сьмяротнае пакараньне. Максымум, што чакае абвінавачаных — пажыцьцёвае зьняволеньне бяз права на амністыю.

На агучваньне абвінавачаньня ў Бруклінскі суд прыйшлі чатырыста нью‑ёркскіх паліцыянтаў, Тацяна і Леанід Цімашэнкі, а таксама сваякі злачынцаў.

Паводле нью‑ёркскіх выданьняў, калі ў залю ўвялі абвінавачаных, многія паліцыянты не вытрымлівалі і называлі іх «нелюдзямі», «падонкамі» й «адкідамі».

«Мне трэба ўсяго пяць хвілінаў. Мне ня трэба ні пісталета, ні нажа. Я проста парву іх на кавалкі», — гаварыла Тацяна Цімашэнка.

Пасьля абвяшчэньня абвінавачаньня, калі скутых ланцугом злачынцаў накіравалі ў турму, бацька забітага паліцыянта Леанід Цімашэнка сказаў:

«Іхныя сваякі праходзілі паўз нас і глядзелі на нас так, быццам мы вінаватыя ва ўсім».

Паводле нью‑ёркскіх паліцыянтаў, яны не пакінуць без увагі сям’ю загіблага калегі.

У аўторак і сераду ў Дом рытуальных паслугаў ў Брукліне, дзе знаходзілася труна зь целам паліцыянта, на разьвітаньне з Расэлам прыйшлі сотні ўдзячных яму жыхароў Нью‑Ёрку.

Шмат людзей прысутнічалі на адпяваньні Цімашэнкі ў Бруклінскай праваслаўнай царкве ды на сёньняшняй урачыстай цырымоніі пахаваньня на Мараўскіх могілках у Стэйтан‑Айлэндзе.

Алена Струвэ, Радыё Свабода

Каментары4

Цяпер чытаюць

Мінскі школьнік праспаў прыпынак. Але кіроўца аўтобуса давёз яго дадому!1

Мінскі школьнік праспаў прыпынак. Але кіроўца аўтобуса давёз яго дадому!

Усе навіны →
Усе навіны

Беларусь увайшла ў топ-40 сусветных імпарцёраў зброі

Яшчэ адна аплатная сістэма стала блакаваць беларусаў4

«Пазнаёмілася з дзядулем з Англіі». Юная гамяльчанка ўжо 6 гадоў адпраўляе і атрымлівае паштоўкі з іншых краін1

Галоўчанка загаварыў пра перспектыўнасць валюты БРІКС1

Ціханоўская сустрэлася з Мелоні17

«Напэўна, горш не будзе». Лукашэнка вынайшаў спосаб, як збіраць вялікія ўраджаі на пяску15

«Чаму я павінен даказваць, што не дармаед?» Прадпрымальніка з Гомеля памылкова запісалі ў незанятыя — ён даведаўся толькі пасля вялізных рахункаў за камуналку24

Падземны пераход пад галоўным скрыжаваннем Мінска ўтрымліваюць падпоркамі. Ці ёсць тут небяспека для людзей?

Прызналі «экстрэмісцкай» кнігу з успамінамі экс-супрацоўніка НКВД, арыштаванага ў 1937 годзе6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Мінскі школьнік праспаў прыпынак. Але кіроўца аўтобуса давёз яго дадому!1

Мінскі школьнік праспаў прыпынак. Але кіроўца аўтобуса давёз яго дадому!

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць