Меркаванні1313

НЛА над Мінскам

Пра памяць сусвету піша Сяргей Ваганаў.

У гэтым было нешта сімфанічнае: агнявы шар… успышка на ўсё неба… далёкі выбух і супакоены, бы лёгкі ўспамін, шлейф…

Згадаўся Апалінэр: «Як ракеты прыгожы, калі яны ноч асвятляюць!.. І трэба так многа агню, каб засмажыць людскія целы!..»

Потым замільгацелі твары ў крыві, рукі і галовы ў бінтах, выбітыя шыбы, знесены дах…

Роўна тры дні страсалі інфармацыйную прастору касмічная сімфонія ў небе і жах на зямлі. Больш за стагоддзе чалавецтва затрымлівае дыханне, узгадваючы Тунгускі метэарыт. Між тым, навукоўцы сцвярджаюць, што абедзве катастрофы супастаўныя па паходжанні і маштабах.

Няўжо інфармацыйныя тэхналогіі так спрасавалі Час, што за тры дні магчыма даведацца амаль аб усім тым, на што не хапіла стагоддзя? Верагодна, так.

Тунгускі метэарыт бачыла толькі Усёвідушчае вока.

Чэлябінскі — тысячы мабільнікаў, сотні відэарэгістратараў…

Тунгускі выбух дасюль гучыць над маўклівай пустэчай Часу…

Чэлябінскі выбух закрэслены пісклявым «афігець!»

Чалавецтва пазбавілася страху. І гэта мо самае страшнае, што здарылася з ім.

У тыя ж дні, калі выбуховая хваля з гэтым моўным дасягненнем сучаснасці неслася па сеціве і тэлеэкранах, адбылася сціплая, амаль незаўважная падзея — былому савецкаму афіцэру Станіславу Пятрову ўручылі Дрэздэнскую міжнародную прэмію міру. Уначы з 25 на 26 верасня 1983 года падпалкоўнік Пятроў выратаваў свет ад ядзернага Армагедона.

Я вось думаю цяпер: што вымусіла дзяжурнага па савецкай сістэме ранняга папярэджвання аб ракетным нападзе тыя літаральна некалькі хвілін, што заставаліся да націскання чырвонай кнопкі, не верыць у тое, што пяць амерыканскіх міжбалістычных ракет ужо запушчаны і ляцяць?
Парушыць усе статуты, правілы, абавязкі і не верыць сістэме, яе фатальным падлікам, а спакойна, удумліва, не зважаючы на ліхаманкавы бег секунд, шукаць памылку…

Адказнасць? Безумоўна. Прафесійнасць? Бясспрэчна. Але найперш страх. Не за сябе. Нават не за дзяржаву. Бо калі б так, кнопка была б націснута.

Не, гэта быў іншы страх — за чалавецтва, за чалавечнасць у чалавецтве, за апошні момант яго жыцця…

Але ці не чалавецтва падвяло сябе да апошняй рысы і самаўпэўнена вырашыла, што ўтрымае самазнішчальную моц? І які сэнс страшыцца нябеснай кары, калі мы самі здольны наслаць яе на каго палічым патрэбным?

Якая там кара? Які Чарнобыль? Фігня… Афігець…

У 2011 пад тым жа Чэлябінскам быў выяўлены найвялікшы ў свеце геогліф — выкладзеная каменнямі 5–8 тысяч гадоў таму выява велізарнага лася. Навукоўцы не ведаюць, як тое было магчыма…

Я ўяўляю сабе таго мастака — з якім страхам углядаецца ён у бязмежнае зорнае неба, а з першымі промнямі сонца выкладвае свайго лася, каб параўнацца з таямнічым небам і пераадолець страх.

Уся чалавечая культура нарадзілася з таго першабытнага страху перад таямнічай неабсяжнасцю неба.

Сёння, калі і ёсць страх, дык толькі за тое, каб хто варожы не скраў інфармацыю, не авалодаў знішчальнымі тэхналогіямі і не стаў панаваць над светам.

Я добра памятаю, якога страху на савецкія ўлады нагнаў у 1985 годзе артыкул у газеце «Труд» пра НЛА, які бачылі экіпажы двух грамадзянскіх самалётаў амаль што над Мінскам. Хто цікавіцца, можа і зараз прачытаць яго і аб яго наступствах, калі заб’е ў пошукавік назву «Ровно в 4.10». Але там наўрад ці хто знойдзе паведамленне пра заўчасную смерць Іллі Мелянеўскага, загадчыка аддзела навукі, добрага і вельмі адказнага журналіста. Пра містычнае супадзенне назвы і нумара ягонага кабінета — 4–10 — знойдзе. Пра вымовы, тэлефонныя нагонкі і нават амаль што міжнародны скандал — знойдзе. Але пра скрамсаную душу Іллі і сэрца, што не вытрымала, — анічога…

Сёння НЛА сталіся ці не штодзённай кармушкай для СМІ — і тых, што адсвечваюць жаўцізной, і тых, што прэтэндуюць на разважлівую грунтоўнасць.
Я нават не ведаю, ці сапраўды ёсць цікавасць да іх — такой звыклай сталася іх прысутнасць у паўсядзённым жыцці…

Ды што НЛА, калі Апазнаны Лятаючы Аб’ект над Уралам хваляваў чалавецтва ўсяго тры дні і не стаў падставай, каб угледзецца не толькі ў неба, а і ў самога сябе?!

Ці не ў тым справа, што, авалодаўшы тэхналогіямі, якія здольны працяць паверхню Марса, яно застаецца няздольным адмовіцца ад ядзернай зброі і прадухіліць касмічны Армагедон?!

Ці не ў тым справа, што парушаны знакаміты кантаўскі імператыў пра зорнае неба над намі і маральны закон унутры нас?!

«Сёння раніцай, — з горыччу піша сучасны філосаф Эміль Чоран, — пачуўшы, як нейкі астраном распавядае пра мірыяды сонцаў, я не стаў прыводзіць сябе ў парадак: навошта цяпер мыцца?»

Афігець!

* * *

16 лютага, у суботу, у кожнага, з кім давялося размаўляць, я пытаўся, ці глядзеў хто жывую трансляцыю НАСА пра астэроід, што апоўначы рухаўся паблізу Зямлі. Нехта трохі глядзеў, але большасць супакоена адпачывала. «А што там такога было?! — усклікнуў прыяцель. — Ну, рухалася нейкая кропка…» — «Не баяўся, што жахне?» — «Ды кінь ты, усё ж пралічылі…»

Яна рухалася безупынна пагрозліва, бы жывая істота, што ўвабрала ў сябе дрыготкую памяць Сусвету.

Сцвярджаюць, праўда, што звычайны камень.

Каментары13

Цяпер чытаюць

Лукашэнка даручыў Рыжанкову пачаць перамовы з літоўцамі9

Лукашэнка даручыў Рыжанкову пачаць перамовы з літоўцамі

Усе навіны →
Усе навіны

Арына Сабаленка стала другой у гісторыі сусветнага жаночага тэнісу паводле памераў прызавых2

«Не магу праверыць, як мяне пераклалі». Алексіевіч адказала на крытыку за выказванне пра адмову ад рускай мовы54

Літва вырашыла яшчэ раз звярнуцца да беларускіх уладаў наконт пытання сваіх фураў18

«Прабачце ім, беларусы». Расіяне папрасілі прабачэння за растоўскую каманду КВЗ15

Чаму хамелеоны круцяць вачыма ва ўсе бакі? Навукоўцы растлумачылі таямніцу «фатаграфічнага» позірку1

«Нафіг візы. Я больш не буду ездзіць у краіны, якія не зацікаўленыя ў турыстах настолькі, што закрываюць межы»53

МАК збіраецца забараніць спартоўцам-трансгендарам удзельнічаць у жаночых спаборніцтвах10

У турме ў Эквадоры знайшлі дзясяткі павешаных вязняў1

Асудзілі мазырскага блогера Union Bell. Хлопец некалькі гадоў хаваўся, але пасля арышту бацькі быў вымушаны звярнуцца ў бальніцу8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнка даручыў Рыжанкову пачаць перамовы з літоўцамі9

Лукашэнка даручыў Рыжанкову пачаць перамовы з літоўцамі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць