Топ-5 жанчын беларускай эміграцыі па версіі Канстанціна Каверына
«Гэта не рэйтынг самых сэксуальных ці самых жаданых альбо прыгожых. Гэта рэйтынг самых цудоўных жанчын Беларусі».

Адной з тэм для абмеркавання ў чарговым выпуску «Обычного вечера» стала навіна аб тым, што часопіс People назваў самага сэксуальнага мужчыну 2025 года. Ім стаў англійскі акцёр Джонатан Бэйлі.
Вядоўца праграмы Канстанцін Каверын у сваю чаргу агучыў асабісты топ-5 жанчын беларускай эміграцыі:
«Гэта не рэйтынг самых сэксуальных, ці самых жаданых альбо самых прыгожых, гэта, хутчэй, рэйтынг самых цудоўных жанчын беларускай эміграцыі.
Гэта мой асабісты топ-5. Ніякі фемпатруль тут не ўдзельнічаў, ніякі жаночы чацік, ніякія падпісчыкі. Гэта я пасядзеў сам з сабой і падумаў. Гэта выключна мой суб’ектыўны рэйтынг», — падкрэсліў Каверын.
Па словах вядучага, ён не браў жанчын з Беларусі, каб не ствараць для іх праблем:
«Калі б мы ўзялі каго-небудзь з Беларусі, то яе б расстралялі».
Акрамя гэтага, з рэйтынгу была выключана калега-сувядоўца Марына Ментусава.
На пытанне, ці ўзгадніў ён свой рэйтынг з жонкай, Каверын адказаў: «Размова была. І яшчэ, я думаю, будзе».
На пятае месца ў сваім рэйтынгу Канстанцін паставіў экспертку па камунікацыі, былую супрацоўніцу Офіса Святланы Ціханоўскай Настассю Касцюгову.

«У J:морса ёсць такая песня: «Ты молчишь, но говорят уголки дрожащих губ». Гэта цалкам магло бы быць спета і пра яе». І сваімі рысамі твару яна вельмі падобная да сваёй цудоўнай маці, неверагодна прыгожай таксама. І я бачу і знаходжу ў гэтым нейкую высакароднасць. Высакароднасць у сукупнасці са здаровым сэнсам, і ў выпадку вось менавіта гэтай жанчыны, гэтай дзяўчыны, гэта падкупляючая весялосць і натуральнасць», — так ахарактарызаваў Каверын Настассю.
Чацвёртае месца вядучы аддаў спявачцы Ганне Шаркуновай, якая, па яго словах, увасабляе «максімальную жаноцкасць»:
«Гэта якраз чалавек пра жаноцкасць і эмпатыю. Плюс эстэтыка, якую яна з сабой нясе. Гэта максімальная жаноцкасць, я б так гэта назваў».

На трэцім месцы апынулася Леся Руднік — дырэктарка Цэнтра новых ідэй. Каверын прызнаўся, што калі Руднік прыходзіць у эфір, яму «часам бывае цяжкавата яе слухаць».

«Яшчэ мне падабаецца момант, калі яна загаворваецца. Гэта значыць, што яна настолькі захопленая сваёй тэмай, што вось яна загаворваецца, і яе вельмі цяжка перапыніць ці неяк усунуцца паміж яе думкамі. І такое адчуванне, што калі яна загаворваецца, яна быццам бы ўжо не заўважае гэтай сваёй прыгажосці, што робіць яе яшчэ больш цудоўнай. Вось гэта яе захопленасць, памножаная на інтэлект і прыгажосць».

Другое месца дасталася Вользе Хіжынковай, якая, на думку вядучага, у гэтай намінацыі магла б паспаборнічаць з Ганнай Шаркуновай. Але Каверына падкупіла ў ёй нешта іншае:
«Я не ведаю, чаму Шаркунова на чацвёртым месцы, а яна на другім. Ведаеш, што мяне падкупляе ў гэтым чалавеку? Дабрыня. Дабрыня нейкая неверагодная, усёабдымная, такая вось прама дабрыня, дабрыня, дабрыня. І калі ты судакранаешся з ёй дзесьці, атрымліваеш зарад такой нейкай энергіі: цёплай, добрай, светлай».

На першае месца Канстанцін Каверын паставіў сваю жонку:
«Гэта непублічны чалавек. Яна шмат пераспрабавала розных прафесій, і ў дадзены момант яна займаецца нутрыцыялогіяй. Гэта вельмі прыгожая жанчына. Гэта вельмі моцная жанчына. Святлана Паўлоўская».
Каментары