«Некалькі шчытоў мы ў «Беркута» забралі. Потым вярнулі, навошта яны нам»
Удзельнік начной абароны Майдана расказаў, як дэманстрантам удалося адбіцца ад байцоў «Беркута».
Пачалося ўсё з таго, што міліцыянты зламалі частку барыкады. Байцы «Беркута» пралезлі праз пралом і пачалі цясніць людзей шчытамі. Нас першапачаткова было каля дзесяці шыхтоў. Мы выстраіліся ў шыхты і першы націск змаглі адбіць», — расказвае Іван, які ўсю ноч, па яго словах, «штурхаўся» са спецназам.
Іван прыехаў у Кіеў са Хмяльніччыны.
Ноч з 10 на 11 снежня была для яго апошняй на Майдане — трэба вяртацца дадому.
Кажа, што наступ «Беркута» быў нечаканым — у горадзе шмат еўрапейскіх і амерыканскіх дыпламатаў, сама Высокі прадстаўнік ЕС па знешняй палітыцы Кэтрын Эштан.
Але а першай уначы з боку вуліцы Інстытуцкай на Майдан рушыла калона спецназаўцаў. Іван гаворыць, што паводзілі яны сябе збольшага карэктна, дубінкі не выкарыстоўвалі.
«Агрэсіі не было, у прынцыпе. Ну… Некалькі шчытоў мы забралі ў іх. Потым вырашылі, што нам гэтыя шчыты не патрэбныя, і вярнулі іх назад «Беркуту».
Але без пацярпелых не абышлося. Двум дэпутатам ад апазіцыі, якія спрабавалі спыніць наступ міліцыянтаў, моцна пабілі галовы. Яшчэ некалькі хлопцаў пацярпелі ў цісканіне.
Праз чатыры гадзіны штурханіны міліцыянты змаглі часткова заняць Майдан і знішчыць некалькі намётаў з харчаваннем і палявымі кухнямі.
У адказ дэманстранты папрабівалі колы ў «КамАЗа», на якім камунальнікі вывозілі захопленае майно з Майдана. «Стаіць зараз у нас гэты «КамАЗ», як помнік», — жартуе Іван.
У выніку міліцыянтам удалося толькі разабраць дзве барыкады ды вывезці з Майдана частку правіянту. На досвітку яны сышлі з плошчы праз рэзкае павелічэнне колькасці рэвалюцыянераў — іх там сабралася некалькі дзясяткаў тысяч.
Усяго праз некалькі гадзінаў мітынгоўцы святкуюць яшчэ адну перамогу — няўдалы штурм «Беркутам» будынка гарадской адміністрацыі, захопленай дэманстрантамі. Замест штурму міліцыянты павінны былі самі ўцякаць з Хрышчаціка, мітынгоўцы нават падпалілі адзін з аўтобусаў, а з вокнаў будынка іх пастаянна палівалі ледзяной вадой.
Кіеўка Вікторыя пра спробу разгону Майдана даведалася толькі а 8-й раніцы, калі прачнулася. Адразу паехала ў цэнтр горада. Таксісты на Майдан усю ноч і раніцу вазілі людзей бясплатна.
Зараз на Майдане Незалежнасці пануе амаль эйфарыя.
«Насамрэч ніякага страху няма. Хутчэй, людзі ўспрымаюць усё як сваю невялікую перамогу. Удалося не пусціць «Беркут» у мэрыю, не дапусціць штурму. Гэта такі невялікі крок наперад, ён узняў людзям настрой».
Зараз у Кіеў людзі едуць з усёй Украіны, барыкады адноўленыя, а прадуктаў прывезлі больш, чым было да начных падзей. «Дэманстрацыя сілы», як ужо паспелі назваць спробу зачысткі Майдана эксперты, хутчэй, натхніла рэвалюцыянераў, чым напалохала.
Цяпер чытаюць
«На канцэртах няма месца радыкальнаму нацыяналізму, агрэсіі і гвалту». Макс Корж выказаўся наконт скандалу, які разгарэўся пасля яго выступу ў Варшаве

Каментары