Навука і тэхналогіі11

Чаму ў Венеры няма такога спадарожніка як Месяц? Бо сутыкненне з іншай планетай пайшло не па сцэнары Зямлі

Венера прыцягвае ўвагу незвычайна павольным кручэннем вакол сваёй восі ў процілеглым кірунку да звычайнага для планет Сонечнай сістэмы і тым, што не мае натуральнага спадарожніка, як у Зямлі ці Марса. На думку навукоўцаў, гэта можа тлумачыцца гіганцкім сутыкненнем з іншай планетай, якое адбылося прыкладна ў той жа час, калі Зямля сутыкнулася з целам памерам з Марс, але вынікі для Венеры былі супрацьлеглымі.

Венера на здымку з борта зонда Akatsuki у 2016 годзе. Фота: JAXA/ISAS/DARTS/Kevin M. Gill

Паводле найбольш распаўсюджанай гіпотэзы, больш за чатыры мільярды гадоў таму Зямля сутыкнулася з планетай памерам прыкладна з Марс. Мяркуецца, што ў выніку гэтая планета цалкам разбурылася, а ў навакольную прастору было выкінута шмат рэчыва. Згодна з гэтай версіяй, менавіта з яго пазней сфармаваўся Месяц.

Цяпер навукоўцы западозрылі, што падобная драматычная падзея прыкладна ў той жа час адбылася і з Венерай, толькі ў гэтым выпадку яна не прывяла да з’яўлення натуральнага спадарожніка, а наадварот, зрабіла планету безспадарожнікавай.

Гэтую версію навукоўцы са Швейцарыі выклалі ў нядаўнім артыкуле, апублікаваным на серверы прэпрынтаў arXiv.org, піша выданне Naked Science.

Навукоўцы тлумачаць, што на гэтую думку іх навялі два факты. Па-першае, добра вядомае вельмі своеасаблівае кручэнне Венеры вакол сваёй восі: яна робіць адзін абарот за цэлыя 243 зямныя дні. Цікава, што нават свой гадавы абарот вакол Сонца яна здзяйсняе хутчэй — менш чым за 225 зямных сутак. Такім чынам узнікае ўнікальная ў Сонечнай сістэме, амаль абсурдная сітуацыя, калі суткі на планеце доўжацца даўжэй, чым год. Пры гэтым Венера круціцца не ў тым напрамку, што і ўсе астатнія планеты, а ў процілеглым.

Другая асаблівасць Венеры, якая патрабуе тлумачэння, — тое, што, у адрозненне ад практычна ідэнтычнай па памерах Зямлі і нават значна меншага Марса, яна не мае ніводнага натуральнага спадарожніка. Навукоўцы вырашылі высветліць, ці можа прывесці да такіх наступстваў удар па Венеры іншага буйнага нябеснага цела, і прыйшлі да высновы: так, гэта цалкам магчыма.

Даследчыкі прамадэлявалі больш за 80 розных варыянтаў такога сутыкнення. Высветлілася, што лепш за ўсё сітуацыю тлумачаць два сцэнары: лабавы ўдар і «закрананне» планеты па датычнай. У абодвух выпадках, паводле разлікаў, роля ўдарніка павінна належаць целу масай не большай за прыблізна адну дзясятую Зямлі, гэта значыць, супастаўнай з Марсам — ён сапраўды важыць амаль у 10 разоў менш за нашу планету.

Здавалася б, пры лабавым сутыкненні ў космас павінна быць выкінута шмат матэрыялу. Але, як паказвае мадэляванне для Венеры і меркаванай невялікай планеты, такая сустрэча ў асноўным заканчваецца амаль поўным зліццём — на досыць высокай арбіце амаль не застаецца асколкаў. Пры ўдары па датычнай утвараецца доўгі шлейф, але шанцаў на з’яўленне спадарожніка гэта, ізноў жа, не дае: асколкі пераважна адлятаюць у космас або падаюць на Венеру.

Храналогія змадэляванага сутыкнення Венеры з гіпатэтычнай планетай, якая праходзіць па датычнай. Фота: M. Bussmann et al., 2025

Пры гэтым да цяперашняга рэтраграднага кручэння планеты прыводзяць толькі некалькі разгледжаных сцэнарыяў, і ўсе яны прадугледжваюць сутыкненне па датычнай. Як патлумачылі навукоўцы, калі гіпатэтычны ўдарнік ляцеў насустрач першапачатковаму «нармальнаму» напрамку кручэння Венеры, ён мог развярнуць гэта кручэнне ў процілеглы бок.

Каментары1

  • Жвір
    18.08.2025
    Цікава.

Цяпер чытаюць

Станцыю метро на праспекце Пераможцаў перадумалі будаваць?3

Станцыю метро на праспекце Пераможцаў перадумалі будаваць?

Усе навіны →
Усе навіны

Зяленскі пасля саміту ў Белым доме: «Гэта найлепшая наша сустрэча»8

Расійскія і лукашэнкаўскія каналы распаўсюдзілі два фэйкі пра сустрэчу ў Белым доме. Паказальна, якія13

На ebay з'явіўся бабруйскі зефір. Цана шакуе6

Трамп спадзяецца зладзіць сустрэчу Зяленскага і Пуціна «ўжо на выхадных»3

«Усё забаранілі». У Гродне музыкі раней выступалі ў цэнтральных дворыках, а цяпер не будуць8

Украіна ўдарыла па нафтаправодзе «Дружба», пастаўкі нафты спыненыя8

Электрасамакаты ў Мінску ўжо не забава, а сродак транспарту

Трамп і Зяленскі завяршылі «вельмі добрую» двухбаковую сустрэчу5

Трамп пахваліў пінжак Зяленскага і рассыпаўся ў кампліментах20

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Станцыю метро на праспекце Пераможцаў перадумалі будаваць?3

Станцыю метро на праспекце Пераможцаў перадумалі будаваць?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць