Гісторыя1111

Як беларусы са зброяй у руках адкрылі дарогу на Рым

Роўна 70 гадоў таму, падчас Другой сусветнай вайны, пачалася Бітва за Рым.

У складзе войска генерала Андэрса, якое адыграла ключавую ролю у апошняй, чацвёртай бітве пад Монтэ-Касіна, паводле некаторых ацэнак, кожны трэці жаўнер быў беларусам.

«Лінія Густава». Чатыры крывавыя бітвы

Артылерысты ля Монтэ-Касіна. фота nac.gov.pl

17 снежня пачаўся першы штурм «Лініі Густава» – цэлага абарончага комплексу, што закрываў саюзным войскам шлях да Рыму.

Нямецкія ды італьянскія войскі добра ўмацаваліся, а горны рэльеф даваў дадатковыя перавагі ў абароне ад тых, хто наступаў.

Больш за тое – гарыстая мясцовасць з артылерыяй і элітнымі нямецкімі дывізіямі пераўтварылася ў сапраўдную крэпасць. У першай атацы тры дывізіі 10-га корпусу арміі ЗША згубілі каля 4 тыс. жаўнераў.

У першай і наступных двух бітвах бралі ўдзел амерыканцы, індыйцы, французы і англічане, канадцы ды французы. Вермахт таксама нясе вялікія страты ад абстрэлаў і бамбёжак, тым не менш пазіцыяў не здае. Падчас усёй кампаніі саюзнікі страцілі больш за 300 тыс. жаўнераў, немцы ды італьянцы – больш за 400 тыс.

У аперацыі «Дыядэма» – апошняй і паспяховай спробе захапіць «Лінію Густава» бралі ўдзел амерыканскія і брытанскія войскі, а таксама войска Андэрса – польскае вайсковае фармаванне, створанае на тэрыторыі СССР.

Са сталінскіх лагераў – на фронт

Бітва пад Монтэ-Касіна. Фота wikipedia.org

У 1941 годзе польскі ўрад у выгнанні ды СССР падпісалі пагадненне пра ўзнаўленне дыпламатычных зносінаў і ўзаемадапамогу ў барацьбе з нацысткаю Нямеччынаю. Паводле гэтай дамовы права на амністыю атрымалі рэпрэсаваныя польскія грамадзяне, у тым ліку – нарадзінцы Заходняй Беларусі, якая да 1939 года ўваходзіла ў склад Польшчы.

Генерал Андэрс атрымаў дазвол набраць у войска грамадзянаў Польшчы, якія ўтрымліваліся ў сталінскіх лагерах. Шмат хто з беларусаў заяўляў аб сваім польскім паходжанні, каб вырвацца з ГУЛАГу.

Паводле некаторых ацэнак, колькасць беларусаў у войску Андэрса магла дасягаць 30 %.

У склад 2-га польскага корпусу пад камандаваннем Андэрса ўваходзілі пяхотная, танкавая дывізія і дывізія горных стралкоў. Агульная колькасць – каля 60 тыс. асобаў. У ліпені 1943 года іх уключылі ў склад брытанскага войска і перакінулі ў Іран.

Палякі, беларусы і мядзведзь-жаўнер

Мядзведзь Войтак. Фота wikipedia.org

У студзені 1944 года 2-гі польскі корпус перакінулі ў Італію. Вайсковае фармаванне ўзяло ўдзел у аперацыі «Дыядэма» – апошняй спробе ўзяць «Лінію Густава». Войска Андэрса штурмавала Монтэ-Касіна – разбамбаваны кляштар, які вермахт пераўтварыў у амаль непрыступную цытадэль.

Беларускі афіцэр 2-га польскага корпусу, пісьменнік Пётра Сыч, які сам браў удзел у гэтай бітве, гэтак апісвае Монтэ-Касіна: «Направа бачым Монтэ Кайро – найвышэйшы шчыт у гэтым раёне (1669 м.). Далей – Сан Анжэлё, далей тое, што мы пазней злілі крывёй – гара, якую амерыканцы назвалі «фантом». Палякі – «відмэм». Здань. Горы абніжаюцца й іхны масіў канчаецца разбітым манастыром на гары…

Бачныя вялікія чырвоныя плямы, быццам бы гара сцякала крывёю. Макі…

Колькі-ж тут макаў! Нават із шчыліны голай скалы вырываюцца вялікія, чырвоныя краскі. Хочуць жыць, цвісці, пладзіць насенне, цешыцца вясной, сонцам, начной расой і каскадамі салаўінай аркестры… Пад салаўіны вясняны марш мы, урэшце, пайшлі ў наступ».

Біліся да раніцы, але немцы адбівалі ўсе атакі.

Чарговая спроба ўзяць кляштар на гары – праз содні. Немцы да гэтага часу ўжо вывелі асноўныя сілы, пакінулі толькі некалькі аддзелаў у бункерах, каб тыя стрымлівалі наступ саюзнікаў, прыкрываючы тых, хто адступае.

Войска Андэрса страціла амаль 924 жаўнеры, амаль 3 тыс. былі параненыя. Аднак дарога на Рым была ўрэшце адкрытая для войскаў саюзнікаў.

Дзякуючы беларускім і польскім эмігрантам у Францыі сталі вядомыя прозвішчы загінулых.

Апублікаваны таксама спіс загінулых пад Монтэ-Касіна беларусаў – 180 асобаў. Гэта нарадзінцы Горадні, Ваўкавыску, Ліды, Валожыну, Слоніму ды іншых беларускіх гарадоў.

Быў у войску Андэрса яшчэ і незвычайны жаўнер. Вайскоўцы навучылі падносіць артылерыйскія снарады… мядзведзя. Гэта быў сірыйскі буры мядзведзь, якога падабралі ў Іране. Зверу далі імя Войтак, жаўнеры частавалі яго мармеладам і мёдам, але найбольш Войтак любіў… піва.Паводле ўспамінаў жаўнераў войска Андэрса,

падчас бітвы за Монтэ-Касіна Войтак разгружаў скрыні са снарадамі з цяжкавікоў, а таксама падносіў скрыні з харчамі да жаўнераў на гару.

Сотні людзей былі сведкамі таго, як мядзведзь-жаўнер дапамагаў палякам і беларусам ваяваць супраць вермахту.

Каментары11

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Пуцін: Дзе ступае нага рускага салдата, гэта наша

Пуцін: Дзе ступае нага рускага салдата, гэта наша

Усе навіны →
Усе навіны

На электробусах МАЗ пачнуць ставіць алказамкі. Што гэта такое?3

У Свята-Елісавецінскі манастыр прыйшлі з праверкамі6

Урад бярэ пад узмоцнены кантроль цэны на мяса, малако і кандытарскія вырабы6

Трамп узяў два тыдні, каб вызначыцца адносна Ірана24

У акупаваным Крыме зноў прадаюць знакамітую «Масандру»3

Кіраўніца расійскага Цэнтрабанка заявіла пра вычарпанне апошніх рэсурсаў росту расійскай эканомікі16

Ва Украіне прызначылі новага камандуючага Сухапутнымі войскамі2

З'явіўся ўказ, які дазваляе прыватызаваць арэнднае жыллё1

Іран і ЗША непублічна вялі прамыя перамовы пасля ўдараў Ізраіля

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пуцін: Дзе ступае нага рускага салдата, гэта наша

Пуцін: Дзе ступае нага рускага салдата, гэта наша

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць