Тэатр1010

Ракіцкі пра «Пана Тадэвуша»: Дасканалая пастаноўка пра любоў да Радзімы

Найважнейшы матыў творчасьці Адама Міцкевіча — патрыятызм.

Напэўна ж, невыпадкова, што цягам году ў Менску зьявілася некалькі пастановак паводле яго твораў: «Дзяды» ў прыватным «Тэатры Ч.» і Дзяржаўным тэатры лялек, і вось — «Пан Тадэвуш» у купалаўцаў. Між іншым, сёлета ў лютым спаўняецца 180 гадоў з дня напісаньня ў Парыжы гэтага твору.

Рэжысэр Мікалай Пінігін у «шляхоцкай гісторыі», як сам вызначае жанр спэктаклю, найперш і адшуквае яе патрыятычны патас. Нават генэтычны дотык да гісторыі свайго роду, фальварку, замку імгненна выпраменьвае патрыятычныя адчуваньні.

Героі ўсьведамляюць сябе і ліцьвінамі, і грамадзянамі Рэчы Паспалітай.

Пінігін ва ўсіх інтэрвію падкрэсьлівае асьветніцкую задуму спэктакля – распавесьці пра ліцьвінскія карані і пра сфармаваную драматычнай гісторыяй псыхалёгію сучасных беларусаў, пра надзвычай важны пэрыяд айчыннай гісторыі, калі ліцьвінскі патрыятызм вельмі востра выявіўся.

Гэта той пэрыяд гісторыі, які фальсыфікаваўся і працягвае фальсыфікавацца сучаснымі ідэолягамі на карысьць расейскай вялікадзяржаўнай міталёгіі пра гэтак званую айчынную вайну 1812 году. Тэатар аднаўляе гістарычную праўду, расказваючы пра спадзяваньні нашай шляхты на Напалеона ў сваім вызваленьні з-пад расейскай акупацыі.

Ён пра тое, што разьяднанасьць згубная, а пераадоленьне амбіцыяў, пыхі на грунце патрыятызму вядзе да еднасьці, якая перамагае ворагаў.

Апісаныя Міцкевічам падзеі, сьведкам якіх ён быў і якія выкінулі яго ў эміграцыю, ёсьць важным урокам і для сучасных беларусаў.

Такім чынам, тэатар вяртае беларусам Літву, яе гісторыю, і яе вялікага паэта.

Рэжысура, сцэнаграфія, інсцэніроўка

Насамрэч жанр спэктаклю — эпічная паэма. Ён гучыць як гімн страчанай Літве.

Менавіта гімн, бо гімны ў народаў з глыбокай і даўняй гісторыяй напоўненыя драматычнымі, філязофскімі, нават шчымлівымі інтанацыямі. У іх не бравурнасьць, а асэнсаваньне, у іх у музыку і верш пераведзеная гісторыя нацыі. Гэтак жа спакойна і шчымліва разьвіваецца дзеяньне і ў купалаўскім спэктаклі. Разам з тэатрам усьлед за Міцкевічам мы задумваемся, што і калі мы страцілі, дзе карані патрыятызму і якая яго прырода, асэнсоўваем сваю гісторыю, у тым ліку і ва ўмоўным ладзе – дзе і якой магла б быць сёньня Беларусь.

Пінігін не збаяўся эпічнасьці (апавядальнасьці і маштабнасьці) твору.

Не збаяўся ілюстрацыйнасьці, якая спадарожнічае эпічнаму тэатру. Яму важна было прачытаць паэму зразумелымі сучаснаму чалавеку інтанацыямі, дапоўніць іх візуальным шэрагам, праілюстраваць выразнай тэатральнай мэтафарай. І скласьці ўсё гэта ў шляхоцкую гісторыю.

Спэктакль прыемна слухаць і глядзець. У пастаноўцы няма мітусьлівасьці, галавакружных пастановачных мэтафараў, што, як мы ведаем, Пінігін умее рабіць.

Я сказаў бы, што спэктакль разьвіваецца падкрэсьлена традыцыйна, з акцэнтамі на маляўнічасьць.

Гістарычна дакладныя касьцюмы, запраектаваныя мастачкай Аленай Ігрушай. Імі любуесься. Любуесься і праекцыяй гравюраў Напалеона Орды. Усё вабіць вока, не раздражняе. Слых ласкае Міцкевіча слова ў выдатным перакладзе Язэпа Семяжона.

Яно пераважна прамаўляецца інтанацыйна правільна, выразна.

Сцэнаграфія Зіновія Марголіна агаломшвае. Грандыёзная белая арка, якая наяжджае і ад'яжджае, раскрываючы і зачыняючы месцы дзеяньня. На ёй і ў яе праёме ўзьнікаюць фота і кінапраекцыі. Яна ўяўляе сабой то віленскую Вострую браму, то парыскую Трыюмфальную арку, то замкавы фасад. Яна нясе вобраз вялікай і магутнай дзяржавы, яе выбітнай культуры. У фінале ж спэктакля арка пачне рушыцца, гарэць. І запомніцца нам, як руіна колішняй велічы.

Пэсымістычна? Напэўна. Але ж гэта праўда пра нашу страту і нашы кволыя надзеі.

Увогуле з гледзішча пастановачнага, спэктакль зроблены амаль дасканала. Выразныя, зноў жа, стрыманыя, ляканічныя мізансцэны, яны амаль самадастатковыя.

Часам аж да такой ступені, што нібыта і Міцкевічаў тэкст не патрэбны, ня тое, што акторская гульня. Некалькі сцэнаў увогуле вызначаюцца зьместавай і эстэтычнай завершанасьцю, дасканаласьцю, нібы спэктакль у спэктаклі, які можна паказваць асобна.

Прыкладам, сапраўднай рэжысэрскай пэрлінаю можна назваць сцэну набору тутэйшых сялянаў у рэкруты расейскага войска, якое эфэктным тэатральным прыёмам становіцца для іх магілай.

Мантаж сцэн адбываецца праз зацямненьні і праз наезды і ад'езды той самай аркі, праекцыямі на яе батальных сцэнаў (у тым ліку, са знакамітага фільма Анджэя Вайды) ці вясковых ідылічных малюнкаў.

Але мне падаецца, што тым самым рэжысэр знаходзіць выйсьце з хібаў інсцэніроўкі. Тое, што магло быць сыграным на сцэне, або прадэклямаваным акторамі, пераўтвараецца ў ілюстрацыю, якая па ходу спэктакля становіцца надакучлівай і навязьлівай. Аўтар інсцэніроўкі Сяргей Кавалёў добра зьбіў падзеі у гісторыю, але яны не зацэмэнтаваліся ў сюжэт, бо паміж імі не пакінутае паветра для таго самага цэмэнту.

А цэмэнтам магло стаць Міцкевічава слова, яго паэзія, якая прагучала б больш эфэктна, чым малюнкі.

Акторы

Існуе праблема ў спэктаклі і з акторамі. У бальшыні сваёй яны адразу дэклямуюць ідэю спэктаклю, яго пасыл і патас.

Было б нашмат цікавей, калі б усё гэта паўставала з дачыненьняў паміж пэрсанажамі. Не, я ні ў якім выпадку не патрабую падкрэсьленага псыхалягізму. У гэтым вырашэньні спэктакля ён бы быў недарэчным. Але данесьці гісторыю дачыненьняў паміж пэрсанажамі, іх характары ў любым выпадку патрэбна. Рабіць гэта можна і не рвучы на сабе кашулі, але разумеючы, што і да чаго. На жаль, гэтага да канца не зразумелі і выканаўцы галоўных роляў.

Павал Харланчук-Южакоў пераканаўчы ў ролі Паэта. Але ж стомленым Паэтам-эмігрантам ён па сутнасьці застаецца і ў ролі Тадэвуша.

Пераўвасабленьня ў юнака зь першымі любоўнымі адчуваньнямі і рамантычнымі парываньнямі я ня ўбачыў.

Не пайшла далей тэксту і плястыкі у прапанаваных рэжысэрам мізансцэнах і Юлія Шпілеўская ў ролі Тэлімэны.

Побач са статычнымі, нягнуткімі ў любоўным трохкутніку Тадэвушам і Тэлімэнай няўцямна выглядала і Зося, вобраз якой у прынцыпе сыграны вынаходліва і абаяльна маладой артысткай Крысьцінай Казак.

Многім пэрсанажам у спэктаклі даецца толькі па некалькі рэплік, але яны вельмі важныя для разуменьня ідэі спэктакля, яго кампазыцыйных паваротаў. Аднак не з усіх вуснаў яны прагучалі ўцямна. Мне нават падалося, што акторы не прачыталі ўсёй паэмы Міцкевіча, таму і свае ролі, свае рэплікі не скіравалі ў агульную плынь пастаноўкі. Яны так і застаюцца ў памяці сваімі касьцюмамі і грымам.

Але ж нават дробны эпізод можна сыграць выпукла, як гэта зрабіла Валянціна Гарцуева ў невялічкай ролі Дзяўчыны-эмігранткі, якая спасьцігае сэнс вядомых словаў Паэта пра беларускую мову.

Нават у такім канцэптуальным, жорстка пастановачнай рэжысуры спэктаклі актор мусіць быць сааўтарам і драматурга, і рэжысэра.

Генадзь Аўсяньнікаў дадаў жа глыбіннага розуму, інтуіцыі і дабрыні свайму Судзьдзю, дадаў тайны Ксяндзу Робаку Сяргей Журавель, пашукаў цікавай характарнасьці для Графа Раман Падаляка! А іншыя?..

Ад актораў таксама шмат патрабуецца. Праблема гэтая ўжо даўно заўважаецца ў купалаўцаў.

Гістарызм і цэнзура

Безумоўны плюс спэктакля «Пан Тадэвуш» у яго гістарызьме: ад канстатацыі гістарычных фактаў да касьцюмаў і грыму. Але ў гістарызм перадусім, а не ў мастацкасьць пастаноўкі, нахабна ўмяшалася цэнзура. І нажніцамі невуцтва і халуйства выразала, як і ў падручніках гісторыі, харугву з старажытным літоўскім (беларускім) гербам — Пагоняй.

Ён быў у спэктаклі ня дзеля мастацкай аздобы, ня дзеля радасьці нейкіх апазыцыйных сілаў, а дзеля праўды.

Неаспрэчны гістарычны факт — на бок Напалеона ў ягоным вызвольным паходзе на Ўсход, супраць расейскай акупацыі Рэчы Паспалітай, і ў яе складзе Вялікага Княства Літоўскага, сталі разам польскі Белы Арол, літоўская Пагоня і жмудзкі Мядзьведзь.

Так было ў гісторыі, так ёсьць у Міцкевіча, так было ў Пінігіна. Але ўдар пад дых нанесла спэктаклю Міністэрства культуры. І гэта пры тым, што спэктакль вельмі далікатны, не зласьлівы, стрыманы ў эмоцыях у тым ліку і да маскалёў, якія паводле сюжэту і гістарычнай праўды зьяўляюцца ворагамі герояў. Гэты факт цэнзуры таксама стане фактам гістарычнай праўды. Як і той факт, што першая пастаноўка «Пана Тадэвуша» на беларускай сцэне становіцца фактам гісторыі беларускага тэатру.

Скрыўленая сьвядомасьць ідэолягаў і вартавых рэжыму не дазваляе ім зразумець, што менавіта патрыятызм спэктакля «Пан Тадэвуш» адпавядае кінутаму імі ж лёзунгу «За Беларусь!» Патрыятызм купалаўцаў сутнасны, выхаваўчы. Некалькі сотняў чалавек на кожным спэктаклі маюць магчымасьць атрымаць урок патрыятызму. Канцэрты ж расейскамоўнай беларускай папсы, якую песьціць сваімі абдымкамі і пацалункамі ўлада, наадварот разбураюць і патрыятызм, і густы.

Калі б я быў …-ам, я купалаўцаў за «Пана Тадэвуша» ўзнагародзіў, чым толькі мог. І ўжо ні ў якім разе не пагражаў бы ім пазбаўленьнем датацыяў, не папракаў бы дарагой рэстаўрацыяй будынку і новым абсталяваньнем. Ужо адным гэтым спэктаклем яны адпрацавалі патрачаныя на іх грошы. Патрыятызм каштуе дорага.

Каментары10

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Каспяровіч памёр тры дні таму, але цела знайшлі толькі цяпер2

Каспяровіч памёр тры дні таму, але цела знайшлі толькі цяпер

Усе навіны →
Усе навіны

З ААЭ ў Нідэрланды экстрадавалі былога гульца маскоўскага «Спартака». На радзіме яму пагражае сем гадоў турмы1

Кітай узломвае кампаніі Расіі ў пошуках ваенных сакрэтаў1

У 55 гадоў памёр стваральнік брэнду Serge Сяргей Атрошчанка18

У мінскіх аптэках размялі расійскі аналаг «Аземпіка». Людзей не палохала нават цана5

Прэзідэнт Ізраіля: Мы не ставім за мэту зрынуць Хаменеі, але гэта можа быць пабочным эфектам з вялікімі гістарычнымі наступствамі

Лукашэнка: Я прачытаў тое, што пісалі ў тыктоках, «тыктокаліся» нашы выкладчыкі12

Час праезду беларуска-літоўскай мяжы аўтобусамі павялічыўся да 10-12 гадзін5

Лукашэнка: Беларусь заўсёды была, ёсць і будзе разам з Расіяй64

Памёр Сямён Букчын20

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Каспяровіч памёр тры дні таму, але цела знайшлі толькі цяпер2

Каспяровіч памёр тры дні таму, але цела знайшлі толькі цяпер

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць