Культура

Міколу Савіцкаму — 80

У юбілейны дзень 4 лютага ў кватэры гэтага незвычайнага чалавека не сціхалі званкі: мноства сяброў і знаёмых не забыліся пра адметную дату, зычылі доўгіх год і плену ва ўсіх справах. Бо ён — першапраходца не толькі ў сваей прафесіі.

Імя прафесара Міколы Савіцкага добра вядома і ў коле навукоўцаў эканамічнага профілю, і сярод тых, хто напрыканцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя ўліўся ў плынь Нацыянальнага адраджэння, адшукаў сваю Беларусь.

Працоуная ж біяграфія Міколы Савіцкага звязана з Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэтам. Сюды, у тагачасны інстытут народнай гаспадаркі, ён паступіў пасля школы. Сюды вярнуўся пасля аспірантуры ў Маскве.

Там абараніў кандыдацкую дысертацыю па машыннай апрацоўцы эканамічнай іфармацыі, дысертацыя ў гэтай галіне была першай у Беларусі.

У 1982 годзе атрымаў званне прафесара на кафедры інфармацыі і вылічальнай тэхнікі, якой ён загадваў амаль 20 гадоў. Абраны правадзейным членам (акадэмікам) Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі, мае больш за 100 навуковых прац, а таксама шэраг публіцыстычных артыкулаў, прысвечаных адраджэнню беларускай мовы і культуры.

Цікава, што ў сваёй галіне Мікола Савіцкі першым у Беларусі стварыў комплекс навукова-метадычнага забеспячэння вучэбнай дысцыпліны «Вылічальныя машыны і праграмаванне» для эканамічных ВНУ. Аднайменны падручнік вытрымаў два выданні. Сааўтар першага навучальнага дапаможніка для курса «Машынная апрацоўка эканамічнай інфармацыі ў галінах народнай гаспадаркі», выдаў падручнік для тэхнікумаў «Тэхніка вылічэнняў і механізацыя ўліку», «Руска-беларуска-англійскі слоўнік па інфарматыцы і вылічальнай тэхніцы», дапаможнік на беларускай мове па профільных вучэбных прадметах, «Тлумачальны слоўнік па інфарматыцы». Тут я спыню пералічэнні, бо яны будуць занадта доўгія…

Толькі зазначу, што спадар Мікола адным з першых яшчэ ў 1989 годзе пачаў выкладаць іфарматыку і вылічальную тэхніку па-беларуску, ягоны прыклад перанялі шматлікія выкладчыкі з розных галін ведаў.

Аднак беларускамоўнае выкладанне інфарматыкі ў яго ўніверсітэце, і не толькі там, было спынена ў 2001 годзе. 3 адзіным на той час беларускамоўным прафесарам на кафедры інфармацыйных тэхналогій не прадоўжылі кантракт. Але навукоўца не прыпыняе творчай працы, друкуе ў Расіі вучэбныя дапаможнікі для студэнт ВНУ…

I ўсё гэта — пры адначаснай актыўнай грамадскай працы па Нацыянальным адраджэнні. З 1992-га па 1997 год ён узначальваў Мінскую гарадскую раду ТБШ Ф.Скарыны, дагэтуль з'яўляецца сябрам Рэспубліканскай рады. Яго пазнаюць на з'ездах і мітынгах, шэсцях, канферэнцыях, «круглых сталах», дзе ідзе размова аб беларускіх праблемах.

Дадам некалькі штрыхоў да яго жыццяпісу. Мікола Іванавіч, які нарадзіўся ў фальварку Гарадок (цяпер Глыбоцкі раён), так згадвае свой пачатак. У сям’і было пяцёра дзяцей. Мікола, старэйшы за усіх, даглядаў меншых братоў і сясцёр, бо бацькі былі пастаянна ў працы. Жылі бедна, аднак усё ж вырашылі ставіць сваю хату. Будавалі пасля вайны ўжо пяцісценку, ды да канца не дабудавалі: бацька памёр у 55 гадоў. У Міколы Іванавіча ўсё не знікае адчуванне, што іх печку клаў ці бацька Васіля Быкава — Гарадок стаяў блізка ад Бычкоў.

Тады ён яшчэ не ведаў, што неўпрыкмет спрычыніцца да беларускага пісьменства ў прасторавай акалічнасці, яно адкрые яму шлях у Адраджэнне. Юнак з увагай слухаў аповеды старэйшых людзей пра землякоў, якія потым стануць славай Беларусі. Бабуля Марфа расказвала, як яна калісьці танцавала кадрылю з самім Ігнатам Буйніцкім. А маці Надзея жыла больш за 90 гадоў і нават ужо ў паважаным узросце хадзіла на мітынгі. Калі ўжо не магла, то пыталася ў сына: «Ну і калі мы ўжо дойдзем да Беларусі?»

На пытанне, як у яго пачынаўся гэты шлях, ён прыгадвае Маскву, дзе стараўся пазбавіцца беларускага акцэнту. Напачатку яму было сорамна, што «не такі», як усе, у Белакаменнай. А потым, калі апынуўся у Чэхіі, то было ўжо сорамна, што не ведае сваёй Радзімы… За суседнім сталом працаваў чэшскі інжынер, прафесар Гіб — высокаадукаваны чалавек, які стажыраваўся ў Англіі. Той ведаў шмат чаго і пра чэшскія, і пра звязаныя з яго краінай беларускія акалічнасці — пра БНР, пра Забэйду-Суміцкага…

І беларускі хлопец прыняў на ўсё астатняе жыццё адзінае рашэнне: сваё, роднае — гэта не сорам, гэта — гонар. І любіць, і ведаць свае — пачэсна. Уласнае Міколава адраджэнне пачало набываць сілу.

Я пазнаёмілася з Міколам Савіцкім на пачатку 1990-х на шматлікіх мітынгах дэмакратычнай грамадскасці, мне надзвычай спадабаўся гэты чалавек, які без аглядкі на свой статус загадчыка кафедры самага папулярнага тады ўніверсітэта быў запалены бунтарскай энергіяй пераўтварэнняў. Гэта было сугучна з адчуваннямі многіх, бо беларусы — пакорныя толькі да пары. І вось ужо больш за 20 гадоў мы, у нялёгкіх варунках, апантана робім агульную нацыянальную справу — асветніцтва. Сям'я шчыра дапамагае спадару Міколу у ягонай рупнасці. З жонкай Глафірай ён пазнаёміўся яшчэ на кафедры Эканамічнага ўніверсітэта, яны аднадумцы, дзеляць і душэўныя страты, і набыткі.

Дачка Насця таксама працуе ў эканоміцы, кандыдат навук. Падаравала бацькам трох цудоўных унучак — Альжбету, Марыльку і Анэльку. I толькі адно засмучае дзеда і бабулю — гімназія, дзе вучацца унучкі, — рускамоўная.

Калі я спытала, што змяніў бы спадар Мікола ў сваім жыцці, адгарнуўшы назад два дзесяцігоддзі, то ён прызнаўся: вельмі шкадуе аб сваім познім прыходзе ў беларушчыну. Бо ў Радзіму трэба ўкладаць сэрца і сілы ад нараджэння. 

Каментары

Цяпер чытаюць

Раптоўна памёр папулярны блогер Мікіта Мелказёраў

Усе навіны →
Усе навіны

«На сёння магчымая справядлівая версія — стаім там, дзе стаім». Зяленскі выказаўся наконт тэрытарыяльнага пытання7

Аб’ект «Участак». Што напраўду будуюць на былой ракетнай базе пад Слуцкам паводле сакрэтнага распараджэння Лукашэнкі7

Былога фігуранта справы «Белага легіёна» зноў арыштавалі па крымінальнай справе6

У Індыі хуткасны цягнік сутыкнуўся са статкам дзікіх сланоў1

У Валожынскім раёне пад коламі аўто загінула дзіця

Кіроўца ехаў па МКАД на аварыйнай машыне. Яго пакаралі1

Каталікам Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі дазволілі не пасціць 2 студзеня3

Спявак Дзмітрый Калдун паказаў сваю мінскую кватэру недалёка ад Драздоў ШМАТ ФОТА22

Біл Клінтан, Майкл Джэксан і Мік Джагер. Каго можна знайсці ў новых дакументах са справы Джэфры Эпштэйна10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Раптоўна памёр папулярны блогер Мікіта Мелказёраў60

Раптоўна памёр папулярны блогер Мікіта Мелказёраў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць