Калі я прыйшоў на Дзяржтэлерадыё, у мяне была асабістая задача— зрабіць беларускае тэлебачанне нацыянальным.
Я адчуваў падтрымку Машэрава. А вось цяперашнія кіраўнікі тэлебачання беларускую мову дабіваюць. Той жа спартовы каментатар Навіцкі, якога я браў на працу, можа хораша весці рэпартажы па-беларуску. Але не робіць гэтага. Значыць, яму сказалі, што гэта не трэба.
Калі народ не зразумее, што такое мова, то хай рыхтуецца да таго, што спярша яго будуць абсмейваць, потым ім будуць пагарджаць, а пасля ён проста знікне.
Я не дужа разумею людзей, якія то з вялікім жаданнем прасіліся ў партыю, выкарыстоўвалі яе асаблівае становішча ў грамадстве, то потым пачыналі яе ўсяляк бэсціць і паліць партбілеты. Я проста «страціў сувязі з партыяй» — была некалі такая фармулёўка. Хоць да мяне прыходзілі ўжо новыя камуністы, запрашалі мяне ў партыю, калі я адмовіўся, папракалі, што я «здрадзіў партыі». Але я адказваў, штогэта партыя здрадзіла мне, бо тыя ідэалы, дзеля якіх я туды некалі ішоў, на практыцы не пацвярджаліся.
Дастаткова доўга я папрацаваў каля высокіх чыноўнікаў і скажу, што разумнаму кіраўніку халуі не падабаюцца, а яршыстыя людзі падабаюцца, яны хочуць перацягнуць іх на свой бок.
У мяне была адна сустрэча з Лукашэнкам у складзе групы творчай інтэлігенцыі. І я адкрыта выказаў сваю думку адносна сітуацыі з нашай нацыянальнай культурай.
Больш за 6—7 гадоў на адным месцы кіраўнік не павінен затрымлівацца. Па-першае, ён стамляецца. Ён ужо не можа выпрацоўваць новыя яркія ідэі. Па-другое — прыходзіць бюракратычны вопыт. Калі напачатку працы я не ўмеў ад таго-сяго адмовіцца, то напрыканцы, калі нешта не хацеў рабіць, ведаў, як гэтага дасягнуць. А гэта, калі казаць адкрытым тэкстам, застой.
Адказнасць перад прафесіяй і перад часам — роўная. Можна гаварыць пра нейкія дэталі — у адных была ініцыятыва, а іншыя выконвалі загад. Але маральная адказнасць аднолькавая. На Нюрнбергскім працэсе многія злачынцы казалі: «Мы выконвалі загад, мы ні ў чым не вінаватыя!» Дык вось, кожны, і ў тым ліку журналіст, павінен разумець, які загад ён выконвае. У войску і то ёсць правіла супрацьзаконны загад не выконваць.
Для мяне галоўнае вызначэнне — інтарэсы Беларусі.
Каментары