Грамадства1717

На магіле Жызнеўскага адкрылі помнік, грошы на які збіралі па ўсёй краіне ФОТА

7 ліпеня на родавых могілках у вёсцы Сьцяг Працы пад Гомелем урачыста адкрыты помнік герою Нябеснай Сотні, беларусу Міхасю Жызьнеўскаму.

Ва ўрачыстасьці ўзялі ўдзел грамадзкія актывісты з Гомеля, Менску, Гародні, госьці з Украіны.

Адкрыў жалобную цырымонію гомельскі палітык Уладзімер Кацора, які быў адным з тых, хто зьбіраў грошы на помнік герою Майдана:

«Калі мы хавалі Міхася Жызьнеўскага, то вырашылі, што зьбяром сродкі, каб у камені ўшанаваць памяць нашага земляка. Грошы зьбіралі па ўсёй Беларусі. І сям’я героя іх таксама давала. Міхась — народны герой, сапраўдны дэмакрат, патрыёт. Багата хто зь беларускіх палітыкаў, у тым ліку і тых, хто пры ўладзе, хацелі, каб патрыятызм і геройства было толькі ў тым рэчышчы, у якім яны гэта бачаць, — у рэчышчы нейкай іхняй ідэалёгіі, якую яны нават не змаглі выпрацаваць. Але перамены прыходзяць нечакана, зьнізу. Подзьвіг і жыцьцё Міхаіла таму пацьверджаньне. У нас багата людзей, якія жывуць Беларусьсю, жывуць ідэаламі дэмакратыі».

З помніка спадае белае пакрывала, што дагэтуль было перавязана чырвонай стужкай. Сьвятар Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Леанід Акаловіч чытае малітву і асьвячае помнік Міхаілу Жызьнеўскаму.

Паэт Эдуард Акулін, аўтар эпітафіі на помніку, дзякуе бацькам, што нарадзілі такога выдатнага сына:

«Кожны з нас — гаспадар свайго лёсу. Дыярыюш свайго жыцьця Міхась Жызьнеўскі напісаў уласнай крывёю на засьнежаным аркушы кіеўскага Майдана. І гэты ўчынак паставіў яго ў адзін шэраг з такімі нацыянальнымі змагарамі за свабоду, як Тадэвуш Касьцюшка, як Кастусь Каліноўскі, як Валеры Ўрублеўскі. Кажуць, што тыя, хто кіруе сёньняшнім днём, яны кіруюць мінулым. А тым, хто кіруе мінулым, падуладна будучыня. Сёньня мы тут — творцы гісторыі. І я проста перакананы, што пройдзе час, і наша будучае пакаленьне па-сапраўднаму ацэніць той учынак, той подзьвіг, які зьдзейсьніў Міхась Жызьнеўскі».

Паэт заявіў, што ніколі не пісаў вершаў на замову. Але калі забілі на Майдане стрэлам у сэрца Міхася Жызьнеўскага, паэт, які мае двух сыноў, успрыняў страту як сваю ўласную. І нарадзіўся верш «Памяці Міхася Жызьнеўскага», чатырохрадкоўе зь якога па выбары сям’і Жызьнеўскіх высечана на помніку:

Калі забіваюць сына —
Ня здацца сябе прымусь…
Па сэрца ў крыві Ўкраіна,
Па вочы ў сьлязах Беларусь…

Акулін упершыню публічна прачытаў верш над магілай Жызьнеўскага.

Выступіў і паплечнік Міхася Жызьнеўскага па абароне Майдана, беларус з Гародні Дзяніс Івашын:

«Для мяне вялікі гонар называць Міхася пабрацімам з Майдана. Мы разам трымалі абарону Майдана, былі на вуліцы Грушэўскага, калі там пачаліся баі. Сталася так, што куля абрала яго, а не мяне. Ён даказаў не на словах, а на справе, што варты сьвятых ідэалаў свабоды і дэмакратыі, гонару і годнасьці. Ён даказаў, што ён мужны рыцар гэтых чыньнікаў. Міхась адкрыў сабой Пантэон сучасных беларускіх герояў».

Ад украінцаў бацькоў Жызьнеўскага і яго сястру Наташу вітаў Сяргей Сіненка, які прыехаў на адкрыцьцё помніка з Запарожжа. Ягоны сын таксама загінуў падчас Рэвалюцыі годнасьці і свабоды ў Кіеве. Яны ўсе, як сказаў украінец, — героі нашага часу:

«Няхай Божанька аберагае ўсіх абаронцаў, што пайшлі на нябёсы дзеля волі і свабоды нашай дзяржавы — Украіны, а таксама і Беларусі. Мы павінны быць вольнымі».

Украінцы падрыхтавалі ліст-зварот да прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі, каб той як найхутчэй надаў званьне героя Міхасю Жызьнеўскаму і двум грузінам, якія загінулі на Майдане, хоць яны і не ўкраінскія грамадзяне. Пад зваротам падпісаліся і беларусы, якія прыехалі на ўрачыстае адкрыцьцё помніка Міхасю Жызьнеўскаму.

Урачыстасьць на могілках праходзіла пад беларускімі гістарычнымі бел-чырвона-белымі сьцягамі і ўкраінскім жоўта-блакітным. Завяршылася яна супольным выкананьнем украінскага дзяржаўнага гімну і беларускага рэлігійнага гімну «Магутны Божа».

Каментары17

Цяпер чытаюць

Стала вядома, па якім механізме спісваліся грошы з банкаўскіх картак беларусаў падчас маштабнага збою7

Стала вядома, па якім механізме спісваліся грошы з банкаўскіх картак беларусаў падчас маштабнага збою

Усе навіны →
Усе навіны

«Не хацелі пакутаваць з беларускімі картамі на Booking». А ў выніку ледзь не трапілі на 400 еўра4

Трамп заявіў, што выступіць з важнай заявай наконт Расіі4

Упершыню расійскія вайскоўцы здаліся ў палон робатам — наватарская аперацыя ўкраінскай штурмавой брыгады7

Самая дарагая сумачка ў свеце. Сумку для Джэйн Біркін прадалі за рэкордныя $10 мільёнаў

Трамп пахваліў прэзідэнта Ліберыі за англійскую, але там гэта мова афіцыйная2

За адзін вечар тры беларускія футбольныя клубы перамаглі супернікаў з Арменіі, Македоніі і Чарнагорыі. Гэта рэкорд7

У Гомелі з'явіўся сквер Міліцыі. Гараджан не пыталіся нават фармальна4

Вялікабрытанія і Украіна падпішуць гістарычную дамову аб пастаўцы тысяч ракет для СПА

«Са студзеня Расія страціла 100 тысяч салдат. Забітымі. Не ўсяго, а забітымі»8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядома, па якім механізме спісваліся грошы з банкаўскіх картак беларусаў падчас маштабнага збою7

Стала вядома, па якім механізме спісваліся грошы з банкаўскіх картак беларусаў падчас маштабнага збою

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць