Шуневіч: Правакатар, які выйшаў у дзень выбараў з расійскім сцягам, затрыманы

Фота Сяргея Гудзіліна
Малады чалавек, які правакаваў удзельнікаў несанкцыянаванай акцыі 11 кастрычніка ў цэнтры Мінска, у тым ліку расійскім сцягам і агрэсіўным паводзінамі, затрыманы міліцыяй. Пра гэта паведаміў сёння журналістам міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч, перадае БелТА.
Міністр растлумачыў, што гэты хлопец знаходзіўся ў стане алкагольнага ап'янення.

Фота Улада Швядовіча
Нагадаем, што вечарам 11 кастрычніка (нядзеля) у дзень выбараў прайшла стыхійная маніфестацыя ад Кастрычніцкай плошчы да плошчы Незалежнасці, у якой узялі каля 250—300 чалавек. Людзі, што пратэставалі супраць вынікаў выбараў, дайшлі праспектам Незалежнасці да Чырвонага касцёла, але разгубіліся, што рабіць далей.
Тут з'явіўся нейкі чалавек, загорнуты ў расійскі сцяг. Як паведамлялі журналісты, ён паспрабаваў чапляцца да ўдзельнікаў шэсця. Па словах журналістаў, людзі ў цывільным, параілі яму сысці, і ён пад крыкі ўдзельнікаў акцыі хуценька пайшоў да гатэля «Мінск».
Супала так ці не, але ўвага дэманстрантаў пераключылася, што дапамагло некалькім іншым «падазроным асобам» таксама знікнуць.
Каментары