Аляксандр Класкоўскі. Кропкі над «і»33

Віно мадэрнізацыі — у аўтарытарныя мяхі?

За часамі Сталіна зношаны вінцік без развагаў выкідалі на сьметнік, цяпер жа вінцікі рэкамэндуецца добра змазваць, каб лепей служылі. Прэзыдэнцкае пасланьне камэнтуе ў сваім блогу Аляксандар Класкоўскі.

Гэтым разам у традыцыйным пасланьні афіцыйны кіраўнік паставіў як ніколі амбіцыйную задачу. Я не пра патраеньне народанасельніцтва :), а пра ўваход Беларусі — ні многа ні мала — у лік усясьветных лідэраў.

Прамова, што прагучала 29 красавіка ў Авальнай залі, была мо' як ніколі насычаная прагрэсіўнай лексікай —тут вам і "мадэрнізацыя", і "якасны скачок", і нават "грамадзянская супольнасьць". То бок жыццё ўсё ж прымушае весьці свой народ за цывілізаваным сьветам. Ціснуць найперш эканамічныя імпэратывы. Хоцькі-няхоцькі вярхі прыходзяць да высновы, што нікуды не падзенесься ад глябалізацыі, СГА, усясьветных коштаў на энэрганосьбіты, стаўкі на інавацыйны шлях, інтэлектуалізацыю вытворчасьці і г.д.

Разам з тым, новае віно прапануецца ўліваць у старыя мяхі. Вось, напрыклад, прэзыдэнт з гонарам кажа пра інтарэс інвэстараў: драбната да мяне ўжо ня ходзіць, зараз сусьветныя брэнды зьвяртаюцца. Кіты! Але ж пікантны нюанс у тым, што ўсё адно дзядзькі з тугой машной мусяць вырашаць пытаньні праз кабінет першай асобы! Няма мэханізму, які б ствараў цывілізаваныя, роўныя ўмовы для ўкладаньня капіталу, забясьпечваў бы празрыстасць і конкурснасьць у працэсе непазьбежнага "распродажу Радзімы", то бок прыватызацыі масіву дзяржаўнае маёмасьці. Ці не чакае нас, насуперак клятвам, менавіта намэнклятурна-алігархічны капіталізм?

Або возьмем грамадзкую сфэру: з адпаведных пасажаў высьвятляецца, што пад грамадзянскай супольнасьцю маецца на ўвазе вядомы бутафорскі набор праўладных арганізацыяў. Прымнажаць бутафорыю Лукашэнка, праўда, не наважаны, таму апэтыты функцыянэраў "Белае Русі" сёння трохі абсек. Зь іншага боку, скептычнае стаўленьне да праекту "партыі ўлады" азначае, што кіраўнік дзяржавы не гатовы нават да абмежаванай гульні ў лібэралізацыю на ўзроўні "кіраванае дэмакратыі". Так што і восеньскія выбары ў парлямэнт, і увогуле палітычнае жыцьцё ў агляднай пэрспэктыве будуць працякаць цалкам у пракруставым ложку старых схемаў.

Фактычна краіне прапануецца варыянт аўтарытарнай мадэрнізацыі на манэр азіяцкіх тыграў. Нейкі пэрыяд так разьвівацца можна. Але на пэўным этапе ўсё адно вырываецца з пляшкі джын палітычнай лібэралізацыі.

Пакуль жа, хоць сьпічрайтэры і спрабавалі экспэрымэнтаваць, пачаўшы тэкст з праблемаў здароўя, якасьці жыцьця, а вытворчасьць адсунуўшы на другі плян, чалавек з гледзішча цяперашняй улады застаецца вінцікам. Розьніца хіба ў тым, што за часамі Сталіна зношаны вінцік без развагаў выкідалі на сьметнік, а цяпер вінцікі рэкамэндуецца добра змазваць, каб лепей і даўжэй служылі :)

Што да духоўнае сфэры, то, канешне ж, "маральная зараза" трапляе выключна звонку. Калі не лічыць згадкі пра неабходнасьць вяртаньня з-за мяжы страчаных рэліквіяў, то нічога не было сказана пра культуру, гісторыю, мову як чыньнікі фармаваньня нацыянальнае самасьвядомасьці. Разьвіцьцё ж грамадзянскае супольнасьці трактуецца як "уцягваньне здаровых сілаў у вырашэньне дзяржаўных задач". Карацей, "партыя сказала "трэба" — і далей па тэксьце з заменай камсамолу на БРСМ :)

Выглядае на тое, што кіраўнік дзяржавы шчыра дзівіцца: ну што яшчэ патрэбна Захаду, калі мы забясьпечваем транзыт і г.д.? Цяперашняя кіроўная эліта Беларусі, бадай, сапраўды не ўсьведамляе, што пытаньні дэмакратыі, правоў чалавека ня ёсьць "эфэмэрнымі", што гэта падставовыя прынцыпы, на якіх у значнай ступені грунтуецца посьпех тых самых сусьветных лідэраў, у кагорту якіх так хочацца трапіць.

Але ж хочацца, не ахвяруючы ні калівам цяперашняга самадзяржаўя. Так не бывае.

Каментары3

Цяпер чытаюць

Што азначае расследаванне Міжнароднага крымінальнага суда для Лукашэнкі і беларусаў? Тлумачыць Кацярына Дзяйкала16

Што азначае расследаванне Міжнароднага крымінальнага суда для Лукашэнкі і беларусаў? Тлумачыць Кацярына Дзяйкала

Усе навіны →
Усе навіны

«Ела раз на суткі, скінула 4 кг». Беларуска, якая была захрасла на Мальдывах, вярнулася дадому

У Лідскім раёне завялася казуля-альбінос

Паводка затапіла два масты на ўсходзе Беларусі2

«Можа хопіць вату качаць?» «Белорусский силовик» атакуе «партыю міру» ў кіраўніцтве Расіі24

Вялікабрытанія і Германія адмовіліся адпраўляць караблі ў Армузскі праліў14

У Вілейцы анамалія: усюды снег растае, а тут не3

У беларускім лесе заўважылі шмат першых вясновых грыбоў1

«Не проста адпачынак, а лячэнне душы». Наталля Калегава арганізавала адпачынак на Канарах для жанчын-палітвязняў7

Музыка Ілля Чарапко-Самахвалаў расказаў пра свае планы пасля сыходу з «Пятлі прыхільнасці»

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што азначае расследаванне Міжнароднага крымінальнага суда для Лукашэнкі і беларусаў? Тлумачыць Кацярына Дзяйкала16

Што азначае расследаванне Міжнароднага крымінальнага суда для Лукашэнкі і беларусаў? Тлумачыць Кацярына Дзяйкала

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць