Брытанская сям'я, якой з-за яе негатыўных поглядаў на выхаванне дзяцей у аднаполых сем'ях было адмоўлена ва ўсынаўленні дваіх дзяцей, заявіла аб парушэнні яе права на свабоду слова. Пра гэта піша ВВС.
Муж і жонка атрымалі адмову ва ўсынаўленні, пасля таго як заявілі, што «дзіцяці патрэбныя маці і бацька».
Сям'я падала апеляцыю супраць гэтага рашэння, заявіўшы, што яно не адлюстроўвае інтарэсы дзяцей. У аўторак павінен адбыцца разгляд гэтай справы ў савеце па ўсынаўленні.
У пачатку года дзеці былі часова перададзеныя на выхаванне ў патранатную сям'ю. Муж і жонка — перакананыя хрысціяне — ведалі, што ўлады шукаюць дзецям прыёмных бацькоў. Але калі стала вядома, што патэнцыйныя ўсынавіцелі — аднаполая пара, патранатныя выхавальнікі вырашылі самі ўсынавіць дзяцей.
«Мы не маглі сабе ўявіць, што пра дзяцей будуць клапаціцца двое мужчын», — заявіла жанчына, якая прагне стаць прыёмнай маці.
«Хлопчык гэта ці дзяўчынка, але дзіця шукае мадэль паводзінаў. Для нас найлепшая мадэль сям'і — гэта матуля і тата. Аднаполая пара — магчыма, мілая, яны хочуць стаць бацькамі, у іх можа быць больш грошай, але я адчуваю, што нас ушчамляюць у правах з-за нашай рэлігійнасці», — дадала яна.
Па словах жанчыны, савет па ўсынаўленні быў накіраваны на тое, каб задаволіць хадайніцтва аднаполай пары, «забываючы пра дабрабыт дзяцей».
Муж і жонка, якія не лічаць сябе гамафобамі, дадалі, што савет па ўсынаўленні з самага пачатку ведаў аб іх рэлігійнасці.
У 2014-2015 годзе аднаполыя пары ўсынавілі 450 дзяцей у Англіі, 30 — ва Уэльсе і 22 — у Шатландыі.
Каментары