Кіно99

У фінскім серыяле расіяне высаджваюць дэсант з самалёта «Белавія». Што робяць Суомі?

Аўтары серыяла «Канфлікт» рыхтуюць фінаў — і нас — да горшага: амерыканцы здраджваюць. І падказваюць адзіны правільны выбар. 

Скрыншот з трэйлера

Паўвостраў Ханка, нашы дні. Фінскія прызыўнікі завяршаюць планавыя вучэнні. Нягледзячы на эксцэс — проста падчас стральбы ў аднаго з прызыўнікоў заклініла кулямёт — камандзіры ўсім задаволеныя. Вайскоўцаў распускаюць адпачываць, тым больш што наперадзе Юханус, або дзень Святога Івана, Купалле па-нашаму. У Фінляндыі гэта дзяржаўнае свята. На палігоне пакідаюць толькі адзін атрад: яму загадваюць сабраць гільзы і ўсё яшчэ раз агледзець. Як раптам на паўвостраў высаджваюцца невядомыя дэсантнікі.

Ханка займаюць па Крымскім сцэнары. Дэсантнікі без апазнавальных знакаў і з няяснымі патрабаваннямі. Сувязь цалкам адключана, у прызыўнікоў не працуюць рацыі. Не ловіць нават мабільны.

Спачатку прызыўнікі вырашаюць, што гэта новы сцэнар вучэнняў, пра які нікога не папярэдзілі. Але ўсё становіцца ясна, калі дэсантнік страляе ў аднаго з фінскіх вайскоўцаў.

Прызыўнікі кідаюць параненага таварыша і адыходзяць у лес. А крыху пазней сяржант, якога паставілі прыглядаць за маладняком, здаецца разам з салдатамі. Адмаўляюцца ісці ў палон толькі некалькі вайскоўцаў, яны вырашаюць прарывацца на вялікую зямлю.

Скрыншот з трэйлера

Ханка выбралі месцам дзеяння невыпадкова. Гэты паўвостраў ля ўваходу ў Фінскі заліў стаў вядомы яшчэ падчас Савецка-фінскай вайны. Паводле мірнага пагаднення СССР прымусова ўзяў Ханка ў арэнду на 30 гадоў і паставіў там вайсковую базу. Пасля Другой сусветнай Сталін вярнуў гэтую тэрыторыю Фінляндыі, узяўшы ў арэнду суседні паўвостраў Поркала. Алюзій на тыя падзеі ў серыяле наогул шмат. Аўтары ўпэўненыя, што гісторыя цалкам можа паўтарыцца.

Што было б, калі б «зялёныя чалавечкі» са зброяй і без апазнавальных знакаў з'явіліся не ў Крыме, а на нейкай тэрыторыі краіны НАТА? Запрацаваў бы Пяты артыкул? Пачалася б Трэцяя сусветная? Ці гэтую краіну кінулі б сам-насам з невядомым, хоць насамрэч вядома якім ворагам?

Зусім нядзіўна, што пафантазіраваць на гэтую тэму ўзяліся ў Фінляндыі — суседцы Расіі, у якой, мякка кажучы, складаная гісторыя адносін з Масквой. Высновы, да якіх прыходзяць аўтары міні-серыяла «Канфлікт», не занадта аптымістычныя.

Ключавая лінія фільма — гэта не экшн, які тут пастаўлены слабавата. Самае важнае — гэта палітычнае супрацьстаянне ў Хельсінкі. Там маладая і недасведчаная прэзідэнтка Лінэя Саарысце — яе нібыта спісалі з экс-прэм'ера Саны Марын, хай аўтары гэта і адмаўляюць. І яе поўная супрацьлегласць — прэм'ер Кай Лаавакуру. Гэта ветэран фінскай палітыкі і былы дыпламат, які прывык лавіраваць і шукаць мірныя рашэнні. У звычайнай сітуацыі амаль уся ўлада ў прэм'ер-міністра, але ва ўмовах вайны за вырашэнне крызісу адказвае прэзідэнт — як вярхоўны галоўнакамандуючы.

Вайскоўцы дакладваюць: напад на Ханка — гэта спланаваная гібрыдная аперацыя. Хтосьці перарэзаў усе камунікацыі, адключыў і заглушыў сувязь. А потым скінуў дэсант з борта самалёта «Белавія». Самалёт ляцеў з Калінінграда ў Мурманск і запытаў дазвол праляцець над Фінляндыяй нібыта з-за турбулентнасці. Далей — больш. У порт зайшлі караблі пад венесуэльскімі сцягамі і выгрузілі цяжкую тэхніку, сістэмы СПА і ракеты.

Акупанты — знешне яны вельмі падобныя да вагнераўцаў — сябе не называюць, але вылучаюць патрабаванні: яны хочуць узяць паўвостраў у арэнду. Проста як саветы ў 1940 годзе. На коне жыццё мірных жыхароў, частку з якіх узялі ў закладнікі. І нават поўнамаштабнае ўварванне: акупанты прывезлі на паўвостраў ракеты і гатовыя атакаваць Санкт-Пецярбург — класічная аперацыя пад фальшывым сцягам. Для большай праўдападобнасці расійскія ўлады выказваюць занепакоенасць і прапануюць адправіць на дапамогу Фінляндыі сваіх вайскоўцаў. Акупанты тым часам запускаюць у інтэрнэт відэа з палоннымі прызыўнікамі, якія просяць урад пагадзіцца на ўсе ўмовы і не ваяваць.

І тут пачынаецца дуэль прэзідэнта і прэм'ера. Саарысце — маладая прэзідэнтка-ціктокерка. Яна не гатовая да такога крызісу. У ёй ідзе ўнутраная барацьба. Што рабіць: весці перамовы з тэрарыстамі або вызваліць сваю тэрыторыю сілай, што непазбежна прывядзе да ахвяр, знішчыць яе імідж і паставіць крыж на палітычнай кар'еры?

Скрыншот з трэйлера

Прэм'ер не ставіцца да прэзідэнткі сур'ёзна і пляце інтрыгі ў парламенце. А яшчэ таемна сустракаецца з варожай агентурай. Тая абяцае ўсё з рускімі вырашыць, трэба толькі правесці праз парламент адзін дакумент. Фактычна адмовіцца ад самастойнай замежнай палітыкі і пайсці на ўсе ўмовы рускіх. Як скажа Саарысце, вярнуць Фінляндыю ў 60-я гады, у эпоху так званай «фінляндызацыі». Тады краіна дала рады захаваць незалежнасць, дэмакратыю і рынак, але цаной саступак Крамлю і нейтралітэту ў замежнай палітыцы. Проста пасля таемных перамоваў прэм’ера хтосьці спрабуе забіць. Ён думае, што за замахам стаіць Саарысце.

Прэзідэнтка звяртаецца да саюзнікаў і нават заікаецца пра Пяты артыкул. Але там усё глуха. Еўрасаюз, як бывала ў мінулым, выказвае глыбокую заклапочанасць. А NATO і ЗША ваяваць за Фінляндыю не збіраюцца. Амерыканцы гатовыя толькі выцягнуць аднаго прызыўніка: сярод тых, хто ўдзельнічаў у вучэннях і апынуўся на паўвостраве, быў унук спікера Палаты прадстаўнікоў. Але не больш за тое.

«Занятая плошча меншая за Манхэтэн. Гэта невялікі лакальны канфлікт, — адмахваецца ад Саарысце амерыканскі ваенны аташэ. — Не трэба правакаваць, не абвастрай канфлікт. У нас свае справы ў Ціхім акіяне».

Сцэнар, дарэчы, пісалі яшчэ да прыходу Трампа ў Белы дом.

Яшчэ больш красамоўная сустрэча Саарысце з паслом ЗША. Той кажа, што свет змяніўся, і такі «невялікі інцыдэнт» — не падстава пачынаць вайну. А далей намякае, што лепш было б пагадзіцца на ўмовы «ветлівых людзей». Прычым гучыць усё максімальна цынічна:

«Арэнда зямлі там не з'яўляецца чымсьці незвычайным. Гэта ўжо здаралася раней. Мір — гэта цяпер галоўнае».

Саарысце разумее, што Фінляндыя засталася адна. Яна, як Уладзімір Зяленскі ў 2022-м, мяняе пінжак на вайсковую форму і, не без ваганняў, рашаецца на сілавое вызваленне паўвострава. Тут, вядома, не без асабістай драмы: у закладніках аказваецца сястра мужа прэзідэнткі з сям'ёй. І якраз іх захопнікі прыкоўваюць да ўстановак СПА як жывы шчыт. Для правядзення аперацыі ЗРК трэба знішчыць. Перад Саарысце ўзнікае класічная праблема ваганеткі. І яна вырашае ахвяраваць некалькімі дзясяткамі закладнікаў дзеля выратавання астатніх жыхароў паўвострава. І дзеля таго, каб прадухіліць вялікую вайну і яшчэ большыя ахвяры.

У фінале за пару дзён пасталелая прэзідэнтка дае вайскоўцам наказ: трэба рыхтавацца да новага ўдару. А заканчваецца ўсё воклічам «Слава Украіне!»: жонка аднаго з герояў — украінская снайперка, якая таксама рухае сюжэт і ратуе ўсіх у канцы фільма.

Скрыншот з трэйлера

У «Канфлікце», вядома ж, ёсць і непалітычная лінія, якая адказвае за стральбу і выбухі. Там ёсць і прызыўнікі, якія не здаліся ў палон і спрабуюць выжыць. А таксама іх камандзір, ветэран вайны ў Афганістане, які прабіраецца ў акупаваны горад і ладзіць партызаншчыну ў стылі Рэмба, то-бок амаль у адзіночку. Але баявік — гэта не самы моцны бок серыяла. Тут шмат сюжэтных дзірак, дрэннай акцёрскай гульні і не вельмі лагічных учынкаў.

Ды і рэкламай фінскай арміі, а яна сур’ёзна ўклалася ў вытворчасць, серыял дакладна не назавеш. Прынамсі, мы, беларусы, звыклыя да больш лабавой рэкламы. А тут большасць прызыўнікоў здаюцца без бою, камандзіры прымаюць не найлепшыя рашэнні. Ды і наогул армія аказваецца не гатовай да агрэсіі. Але скандынавам уласціва выхоўваць людзей, сутыкаючы іх з суворай рэальнасцю.

Паглядзець серыял варта. Хоць бы як разважанне на тэму «А што, калі?». Тым больш, што пра гэта «калі» апошнім часам гавораць усё гучней. І сцэнары, якія малююць нямецкая і эстонская разведка, вельмі падобныя да таго, што адбылося ў серыяльнай Фінляндыі.

Каментары9

  • Цім
    11.06.2025
    Наконт "Слава Украіне!" у гэтым кіно - я падтрымліваю. Сапраўды, Украіна сёння абараняе ня толькі сябе, але і Фінляндыю, і ўсю Еўропу. Фінскім кіношнікам - рэспект :)
  • А
    11.06.2025
    Чаго час марнаваць, хутка ў рэале ўсё пабачым. Толькі Фінляндыю расея чапаць не будзе - ёсць нашмат зручнейшыя ахвяры.
  • Кіношнік
    11.06.2025
    Кіно, добрая прышчэпка супраць розных "нас там нет", "самі себя обстрелівают", "это не война", "нам только убрать нато на граніцу 97-го", "націсты", "наші історіческіе землі" і іншай шлабуды.

    Плюс разуменне, што славеснымі заявамі праблему не вырашыш. Хоць як раз у фінаў гэта ёсць і так.

Цяпер чытаюць

Беларуска расказвае, як з 15 гадоў жыве з шызафрэніяй17

Беларуска расказвае, як з 15 гадоў жыве з шызафрэніяй

Усе навіны →
Усе навіны

Адвакат латвійскага баскетбаліста Цімы: З расійскага морга яго аддалі голым, без грыму і бальзамацыі1

На працягу двух сутак ЗША прымуць рашэнне аб магчымым далучэнні да ваенных дзеянняў супраць Ірана6

Анколаг Каранік выступіў з дакладам аб захаванні буйной рагатай жывёлы14

Маладую мінскую юрыстку, якая цяпер займаецца дызайнам інтэр'ераў, асудзілі за ўдзел у пратэстах7

Таўро «Слава Расіі» на жываце ўкраінскага палоннага. Хто і навошта мог гэта зрабіць і ці можна яго вывесці?2

Учора вечарам і сёння раніцай у Беларусі назіраліся серабрыстыя аблокі1

На заробкі ў Польшчу цяпер толькі з ДНЖ? Разабраліся, хто можа працаўладкавацца там па новых правілах14

З-пад завалаў шматпавярховіка ў Кіеве ноччу дасталі яшчэ пяць целаў, колькасць загінулых дасягнула 21

У Беларусі пачынаюць прадаваць электракары за 20 900 рублёў. Але выглядаюць яны вельмі незвычайна2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларуска расказвае, як з 15 гадоў жыве з шызафрэніяй17

Беларуска расказвае, як з 15 гадоў жыве з шызафрэніяй

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць