Піша Настасся Дашкевіч.

«Да ладна, Насьця, нармальныя мы,» — казаў мне ўсьмешлівы малады АМАПавец. Звалі яго Віталь. Мы неяк дзіўна, але ненадоўга апынуліся ў адной кампаніі. Хлопец як хлопец: любіў пажартаваць, але быў нешматслоўны. Быў слабы на выпіўку і більярд.
Гэты хлопец адслужыў у вядомай вайсковай частцы № 3214, пад кіраўніцтвам самога Паўлічэнкі і пасьля, як шмат хто з тых, хто там служыў, пайшоў у АМАП. Зьнешне хлопец цалкам звычайны, меў толькі адно вельмі яскравае адхіленьне — час ад часу зьбіваў сваю дзяўчыну. Бяз дай прычыны, пасьля лішняй пляшкі, калаціў сваю сяброўку, разам зь якой жыў. А пасьля нібы нічога і не здарылася: «Да ладна, ня лезьце, я завяжу».
Я ня памятаю, ці пісала сяброўка заявы ў міліцыю (я ўжо і не задаюся пытаньнем, чаму яны працягвалі быць разам пасьля такога), але праваахоўныя органы дакладна мелі справу з гэтым хлопцам. Некалі ягоная дзяўчына распавядала, як аднойчы да яе на Нямізе падышоў хлопец спытацца: «Якая гадзіна?», а Віталь, які адыходзіў ад шапіка, бязь лішніх словаў адразу разьбіў хлопцу твар. «Раўнівы вельмі…» — апраўдвала дзяўчына свайго гора-бойфрэнда.
Мне тады было гадоў 16, і я яму наўпрост казала, што па ім плача турма, дзе ён мусіць быць не канваірам з дубінкаю, але арыштантам з рукамі за сьпінай. Ён казаў, сарамліва пазіраючы мне ў вочы: «Завяжу, вось пабачыш».
Зьнешне ён падаваўся някепскім чалавекам і вочы долу нібыта з сорамам апускаць умеў.
Сказаў мне некалі тады: «Я вырашыў, Насьця, што буду бульбай гандляваць, але ў АМАП болей не вярнуся».
З той кампаніяй лёс мяне болей ня зводзіў, а вось зь Віталікам неяк сустрэліся праз пару гадкоў у Першамайскім РАУСе. Чорная куртка, штаны на байцы, чорная шапачка ды высокія кірзачы. «О, Віталя, я бачу, ты зноў дома!» — не стрымалася я. І зноў: той жа добра знаёмы сарамлівы позірк, вочы долу.
Ён павітаўся і адышоў, пакуль я вырашыла нейкія пытаньні зь міліцэйскай дзяжурнай службай, хутчэй за ўсё, каб перадаць ежу і цёплыя рэчы для затрыманага на той час Зьмітра Хведарука. Відаць, ад пачуцьця няёмкасьці перада мной, Віталь пазьней усё ж падышоў, каб сказаць, што затрыманага хлопца не вызваляць і мы яму нічым не дапаможам. «Гэта і без цябе ясна, Віталь. Ідзі да сваіх». Болей мы зь ім не бачыліся.
З гэтым АМАПаўцам — больш не бачыліся. Але выпадак, калі брутальна зьбілі майго мужа пасьля адкрыцьця помніка Леніну каля МТЗ прыгадаў мне гэтае знаёмства. Раней, калі «сілавікі» дзейнічалі жорстка пры затрыманьнях альбо ў РАУСах ці аўтобусах пасьля акцыяў, мы неяк сьпісвалі гэта на загады. Маўляў, магчыма яны ўнутры пухнатыя коцікі, а тут — ім проста загадалі. А цяпер пераконваюся, што не.
І на зьбіцьцё Зьмітра загаду ніхто не даваў: ён занадта публічная пэрсона, і без увагі журналістаў жорсткасьць ня пройдзе, а цяпер гэта палітычна ня мае сэнсу.
Зьбіцьцё і зьдзек для супрацоўнікаў АМАПу — гэта звычка, нармальны сродак камунікацыі.
Для АМАПу гвалт — гэта ня проста праца, гэта фактычна як хобі.
«Гвалт — тое, што нам блізка» — можна было б распаўсюджваць рэклямныя брашуркі з такім слоганам.
Гісторыя Віталіка дэманструе, што адмовіцца ад гвалту такім людзям практычна нерэальна, бо практыка беспакаранасьці робіць яго паўсюдным: дома, на вуліцы, на працы. Яны больш ня могуць інакш. Таму я ня веру, што ім патрэбныя загады. Ім проста сыстэма дала зялёнае сьвятло на ўсё тое беззаконьне, якое яны чыняць.
Шмат, шмат пытаньняў… Як у краіне ў цэнтры Эўропы, якая спрабуе хаця б зьнешне паляпшаць свой імідж, дазваляюць такія міліцэйскія бясчынствы, пра якія мы чытаем у стужцы навінаў? Зьбітыя міліцыяй жанчыны, падлеткі, журналісты, раварысты…
І ня факт, што самі ахвяры пасьля не апынуцца за кратамі, нібыта за гвалт супраць людзей у пагонах!
Прыкметамі «адлігі» ды «дэмакратызацыі» у вачах міжнародных структураў, мела б быць ня толькі адсутнасьць палітвязьняў у краіне, але яшчэ і ўзровень (рэальны ўзровень!) даверу насельніцтва да праваахоўнікаў.
А Віталіку я зычу посьпехаў. Таму што калі ў гэтай краіне пачнуцца рэформы, шмат каму са зьнешне ўпэўненых у сабе маладых людзей са шклянымі вачыма, якія нясьпешна патрулююць вуліцы нашых гарадоў, давядзецца шукаць новую працу. А некаторым — добрага адваката.
Цяпер чытаюць
«Лукашэнка павінен панесці адказнасць за саўдзел у расійскай агрэсіі». Міністр замежных спраў Украіны расказаў пра новую палітыку ў дачыненні да Беларусі
Каментары