Міліцыя і выратавальнікі суткі дапамагалі завесці фуру з Балгарыі, што захрасла пад Гомелем ФОТЫ
Пасля Новага года дальнабойшчык з Балгарыі адправіўся з грузам мэблі ў Санкт-Пецярбург, але да месца прызначэння не даехаў — у самыя лютыя маразы яго фура зламалася на трасе Калінкавічы — Гомель. Кіроўца выправіць паломку не змог і выклікаў экстраныя службы. Як ДАІ і ратавальнікі суткі дапамагалі балгарыну завесці вялікагруз, для рэсурсу «Праўда. Гомель» напісаў афіцыйны прадстаўнік УУС Гомельскага аблвыканкама Віталь Прыстромаў.

Джэват Махмун — дальнабойшчык з Балгарыі, які працуе на вядомую мэблевую фірму. Пасля навагодніх святаў ён атрымаў нарад на дастаўку тавару ў Санкт-Пецярбург. Збіраючыся ў дарогу, кіроўца не запасся цёплымі рэчамі. Аказалася, дарэмна: яго фура заглухла на трасе Калінкавічы — Гомель, кіламетраў за 50 да абласнога цэнтра.
Дысплэй паказаў няспраўнасць рухавіка. Джэват спачатку сам паспрабаваў вырашыць праблему, але няўдала. Акумулятары селі, а разам з імі перастаў працаваць абагравальнік. Зразумеўшы, што сам не справіцца, дальнабойшчык патэлефанаваў у экстраныя службы.

Першымі на дапамогу прыйшлі супрацоўнікі ДПС ДАІ Рэчыцкага райаддзелу міліцыі. Яны перасадзілі Джэвата да сябе ў машыну і напаілі гарбатай. Неўзабаве балгарын, які нядаўна перанёс моцную прастуду, адчуў недамаганне. Даішнікі прапанавалі ехаць у бальніцу, але кіроўца наадрэз адмовіўся пакідаць без нагляду груз. Дзяржаўтаінспектары выклікалі хуткую дапамогу, а самі засталіся каля машыны.
Як аказалася, у кіроўцы падняўся ціск. Атрымаўшы дапамогу, Джэват вярнуўся да сваёй фуры. На дварэ ўжо стаяла ноч. Бартавы камп'ютар мог рэанімаваць толькі спецыяліст, таму прыйшлося чакаць дапамогі з Гомеля. Супрацоўнікаў ДАІ каля фуры змянілі ратавальнікі, пазней падключыліся дарожнікі. Разам з імі Джэват сустрэў світанак на трасе.

Раніцай да месца аварыі прыбыў новы нарад ДПС і начальнік Рэчыцкай дзяржаўтаінспекцыі. Ён прапанаваў балгарыну паснедаць на бліжэйшай аўтазапраўцы. Там яго сустрэў Віталь Прыстромаў, афіцыйны прадстаўнік УУС Гомельскага аблвыканкама.
«Сам я з цёплых месцаў. Нарадзіўся і жыву ў Ісперыху, непадалёк ад мяжы з Румыніяй. Па прафесіі кухар, але давялося сесці за баранку. Не скажу, што здзівіўся мінусовай тэмпературы. Раней быў у Кіраве і Ёшкар-Але. Там за -25 слупок паказваў. І нічога не здаралася, нават цёплы абутак з сабой ніколі не браў, у кабіне заўсёды цёпла і камфортна», — распавёў яму кіроўца фуры.

Высветлілася, што балгарын, хоць і ведае гутарковую англійскую, чытаць на ёй не можа, таму сам паправіць бартавы камп'ютар не ў стане. З ім павінен быў звязацца тэхнік з Балгарыі, каб па тэлефоне дапамагчы з праблемай.
Вярнуўшыся ў кабіну фуры, Джэват разам з Віталём Прыстромавым сталі разам перакладаць англійскія надпісы на дысплэі. Сумеснымі намаганнямі ім удалося аднавіць працу камп'ютара. Засталося «прыкурыць» заснежаны вялікагруз. Дапамагчы з гэтым пагадзіўся кіроўца аўтакрана, але рэанімацыя апынулася безвыніковай.

Адзін з ратавальнікаў прапанаваў замяніць разраджаныя акумулятары. Інспектар ДПС з'ехаў у бок тампанажнага кіравання «Беларуснафты» і неўзабаве прывёз аўтобус з двума рабочымі і новымі батарэямі. Аднак завесці фуру зноў не выйшла. Джэват адправіўся грэцца ў машыну да Віталя Прыстромава і зноў разгаварыўся пра жыццё.

«Раней, памятаю, на МАЗах, КамАЗах працаваў. Тэхніка простая, ламаецца, але і рамантаваць можна. А цяпер — пад крэслам цэлая сістэма, паспрабуй залезь без ведання. Ды і людзі памяняліся. Калі б я зламаўся ў іншай якой краіне, хапай сумку, вылазь з кабіны і ўцякай, інакш знойдуцца хлопцы, гатовыя пажывіцца таварам, — казаў Джэват. — У Беларусі народ згуртаваны, гатовы дапамагчы ў цяжкую хвіліну. Краіна ў вас прыгожая. Дарогі добрыя, палеткі дагледжаныя. Ды і хлопцы вашы з міліцыі, малайцы, не кінулі ў мароз, абагрэлі. Бачу, як імкнуцца дапамагчы, выдумляюць нешта, іншых клічуць на дапамогу».

Правёўшы папярэднюю ноч без сну, у цёплай машыне балгарын заснуў наўпрост падчас размовы. Бліжэй да вечара да месца паломкі прыбыў вялікагрузны цягач з Гомеля: фуру трэба будзе адбуксаваць у абласны цэнтр. На развітанне дальнабойшчык яшчэ раз падзякаваў усім, хто не кінуў яго на марозе.
-
Дзядок — апазіцыянерам: Займаючыся дыскрэдытацыяй Офіса Ціханоўскай, вы льяце ваду на млын рэжыму
-
«Марзалюк — гэта наш зубр». Як праўладны гісторык нечакана стаў трэндам для зумераў у тыктоку
-
«Шатл-бас спачатку спыніўся, а потым пачаў павольна каціцца назад». Беларус, які стаў відавочцам аварыі ў Тайландзе, расказаў падрабязнасці
Цяпер чытаюць
Сумленне, каханне, колы пекла і галівудскі фінал. У сям’і будаўніка і бібліятэкаркі з Пружанскага раёна Ігара і Юліі Лаптановічаў арыштавалі спачатку яго, пасля — яе, а пасля і бабулю
Каментары