Беларускамоўны кіроўца аўтобуса, бацька пяці дзяцей: «Кажу, што з Беларусі, а ў людзей аж твары святлеюць»
Віктар Бразоўскі, 57-гадовы беларускамоўны кіроўца аўтобуса, на якога прарасійскі актывіст напісаў скаргу за бел-чырвона-белую стужку, распавёў «Нашай Ніве» пра свой бізнэс, стаўленне да мовы і жыцця.

І пайшлі яны абдымаць мяне!
Я сам родам з Валожынскага раёна, з вёскі Вішнева.
Бацька мой паляк, у дзяцінстве ў сям’і гаварылі на польска-беларускай такой трасянцы. Пасля я быў вайскоўцам, гаварыў па-руску… І гадоў 10—15 таму, ужо сталым чалавекам, паступова прыйшоў да беларушчыны. Прыйшоў, можа, час задумацца, хто я, што я, для чаго я тут… Сам я сёння лічу сябе беларусам.
Беларускасць мая не тое каб дапамагае ці перашкаджае бізнэсу. Ёсць пэўнае кола сталых кліентаў з беларускамоўнага асяроддзя, але я не адмаўляюся і ад іншых. Ніколі ніхто яшчэ не адмаўляўся ад маіх паслуг таму, што я размаўляю па-беларуску.

Але ж былі цікавыя выпадкі, асабліва ва Украіне. Аднойчы прыехалі ў Пачаеў, да аўтобуса падышоў ахоўнік, пакруціўся і пытаецца: «А вы адкуль? Напісана ў вас не па-ўкраінску, але літары да нашых падобныя…». Я адказваю, што з Беларусі. Падышлі яшчэ пару чалавек — і пайшлі яны абдымаць мяне! Кажуць, маўляў, у вас такая прыгожая мова!
І ў Кіеве падыходзілі, цікавіліся. І калі даведваюцца, што я з Беларусі, то ў людзей аж твары святлеюць.
Праца для падтрымкі штаноў
Я і дырэктар, і ўладальнік, і кіроўца, і прыбіральшчык у сваёй транспартнай фірме. Аўтобус узяў у крэдыт, паціху разлічваюся. Але ж я сваю дзейнасць бізнэсам бы не назваў — так, праца для падтрымкі штаноў (смяецца).
Аўтобус аформлены па-беларуску, бо мне падабаецца наша мова. Мне падабаецца маё асяроддзе — усе беларускамоўныя вакол, добрыя і цікавыя людзі.

Што тычыцца чырвонай паласы на борце аўтобуса…
Нядаўна мяне запрашалі ў Валожынскае ДАІ — нейкі Агафонаў напісаў на мяне скаргу. Ну і інспектар зацікавіўся той паласой таксама. Але ж усё скончылася нармальна.
А сам скажу так: мне гэты колер падабаецца. Гэта наш колер, і ён больш даспадобы, чым нейкі… зялёна-іншы (смяецца).
А яшчэ Віктар Бразоўскі — шматдзетны бацька. Мае пяцёра дзетак i двух унукаў…
Чытайце таксама: Прарасійскі актывіст заявіў, што кіроўцу аўтобуса «маладафронтаўцаў» аштрафавалі за бел-чырвона-белы сцяг. Але гэта не так
-
Аднавілі мост там, дзе яго не магло быць, бо не змаглі знайсці яго рэальнае месца. Што за рэстаўрацыя адбываецца ў Жылічах?
-
У Мінску затрымалі пенсіянера, які краў тэлефоны, пакінутыя на вакзале на падзарадку. Ён вінаваціць уладальнікаў
-
Жанчына набыла ў фірмовай краме «Беліты» падарункавы сертыфікат. У іншай краме яго не прынялі
Цяпер чытаюць
Топавы перакладчык паехаў у Беларусь мяняць пашпарт — і сеў за данаты. «КДБ паглядзеў на суму і вырашыў, што ніхто ў здаровым розуме не можа выдаткаваць столькі ўласных грошай»
Каментары