Грамадства1212

Як шукаць інфармацыю пра рэпрэсаваных сваякоў: парады архівіста 

У інтэрнэце з’явілася навіна пра свежаадкрыты архіўны «Дапаможнік» па пошуку продкаў.

Але ў нашай частцы свету ці не кожны можа знайсці прозвішчы сваякоў і ў больш сумнай маштабнай базе дадзеных «Мемарыял». А для тых, хто рашыўся разабрацца, пра што маўчыць яго сямейная памяць, ў Мінску дзейнічае Школа пошуку інфармацыі пра рэпрэсаваных.

 Арганізаваў яе архівіст і гісторык Дзмітрый Дрозд. Методыкі пошуку рэпрэсаваных сваякоў, якія ён прапануе, заснаваныя ў многім на яго асабістым досведзе. 

«Стварэнне Школы натхніла, і я стаў пісаць у КДБ, у пракуратуру — паўсюль, — расказвае архівіст. — І стаў дасылаць вялікі спіс асобаў, пра якіх шукаю звесткі.

Канечне, даведацца пра суседзяў, далёкіх сваякоў вельмі цяжка — бо амаль немагчыма дакументальна даказаць сваю роднасць з імі.

Але таксама цяжка атрымаць доступ і да справы нават на блізкіх сваякоў: у адказ часта прыходзіць адпіска «Ознакомленіе не предусмотрено действующім законодательством».

Але я буду дамагацца, каб мне дазволілі знаёміцца са справамі ўсё адно, — кажа Зміцер. — Бо па законе аб архіўнай дзейнасці, калі справе больш за 75 гадоў, яна павінна быць адкрыта для грамадскага азнаямлення. То бок усе дакументы, напісаныя да 1941-га года, ужо павінны былі аказацца ў агульнадаступных архівах».

«Мяне ў архіве КДБ цікавяць справы на маіх сваякоў яшчэ з 1920 года! Якая можа быць у іх сакрэтная інфармацыя?! Проста людзі не хочуць, каб мы гэтыя справы чыталі!..

Кожны рана ці позна пачынае біцца галавой аб гэту сцяну — таму трэба мяняць сістэму. Усе справы да 1941 года павінны быць перададзеныя ў агульнадаступныя архівы. Мы будзем дамагацца распрацоўкі новага закона аб архіўнай дзейнасці», — кажа Дрозд.

Дзмітрый Дрозд.

У прыклад Зміцер прыводзіць віленскі архіў КДБ — Асобы архіў Літвы. Ён знаходзіцца ў тым жа будынку, дзе і літоўскія спецслужбы:

«Ніхто не спытаў, куды я іду, ніякіх дакументаў не спыталі. Намесніца дырэктара сустрэла ледзьве не абдымкамі: «Я даўно чакаю, калі да мяне прыйдуць беларусы!» У архіве захоўваюцца дакументы 1939-1991 гадоў, і там зусім няма сакрэтных спраў. Даюць нават асабістыя справы на любога супрацоўніка КДБ. Мы павінны рухацца да таго ж».

Для спробы ў віленскім архіве Зміцер замовіў справы Міхала Вітушкі і Клаўдзія Дуж-Душэўскага:

«Там, часопісы, лісты — усё, што канфіскавалі. Тысячы аркушаў! Я ўяўляю, што ў нас ляжаць на кожнага падследчага такія ж тоўстыя справы… Гэта ж і рукапісы, і чарнавікі! Колькі нам адкрыецца пра пісьменнікаў 30-х гадоў!»

Зміцер Дрозд з калегамі з «Беларускага дакументацыйнага цэнтра» стварае базу дадзеных па сучасных рэпрэсіях: яны збіраюць, адлічбоўваюць і захоўваюць дакументы. Але з нядаўняга часу цэнтр стаў кіравацца і ў архіўную дзейнасць, займацца гісторыяй рэпрэсій:

«Мы хочам ператварыцца ў сучасны, усім даступны архіў. Ужо стварылі пошукавік — адзіную сістэму пошуку рэпрэсаваных ва ўсіх базах у інтэрнэце: проста ўводзіце прозвішча — і атрымліваеце вынік.

Паспрабуем таксама супрацоўнічаць з літоўскім архівам, украінскімі архівамі — шукаць там інфармацыю пра беларусаў, — кажа Дрозд. —

Але глабальная наша мэта — змяніць сістэму, паспрабаваць дамагчыся, каб нашы архівы адкрылі.

Мы хочам зрабіць сістэму больш чалавечнай: каб архівы спецслужбаў былі перададзеныя ў агульнадаступныя архівы, а агульнадаступныя архівы дазволілі людзям як мінімум фатаграфаваць, працаваць больш па-еўрапейску.

Бо Беларусь застаецца апошняй краінай, дзе не дазваляюць фатаграфаваць у архівах. Ва ўсіх суседзяў ужо дазваляюць, нават у Расіі! Гэта проста неверагодна. Гэта, здаецца, дробязь, якая настолькі, тым не менш, тармозіць гістарычную навуку ў Беларусі! Людзі сядзяць і многія проста ад рукі перапісваюць гэтыя дакументы. Вечна чарга ў архіве… А наколькі гэта палепшыць якасць нашых даследаванняў! Замест таго, каб пладзіць памылкі: я няправільна прачытаў і даў у сваёй кнізе няправільную цытату — проста сфатаграфаваў, размясціў прыгожа ў кнізе арыгінальны фотаздымак.

Тут праблема ў тым, што беларускія архівы — планавая гаспадарка. У іх ёсць планы па апрацоўцы запытаў, па аб’ёмах замоўленых сканаў. Калі людзі будуць фатаграфаваць, то архівы страцяць заробак за сканаванне», — тлумачыць Дрозд. —

Але архівы павінны цалкам працаваць за дзяржаўныя датацыі, бо гэта — здабытак народа! Яны не мусяць зарабляць грошы. Яны мусяць выконваць запыты, але не мусяць зарабляць для дзяржавы, хіба для сябе».

 

Дзе шукаць, куды пісаць. Як шукаць інфармацыю пра рэпрэсаваных: парады Змітра Дразда

  1. 1. Інтэрнэт: з гэтага варта пачынаць. Дрозд раіць найперш сайт «Мемарыял», які дапамог яму самому.
  2. Кніга «Памяць» па сваім горадзе або раёне. У некаторых выпусках змешчана інфармацыя пра рэпрэсаваных, прычым часам тая, якой не валодае і сям’я пацярпелага. Людміла, удзельніца Школы пошуку інфармацыі пра рэпрэсаваных, расказала, што год нараджэння рэпрэсаванага дзеда выпадкова даведалася з кнігі «Памяць» па Жыткавіцкім раёне.
  3. Архівы. Звесткі пра раскулачаных на тэрыторыі Беларусі можна знайсці ў Нацыянальным архіве РБ і ў абласных архівах. У многіх з іх ёсць базы дадзеных па рэпрэсаваных, раскулачаных, вывезеных у Германію… Таму звяртайцеся да спецыялістаў у чытальнай зале, яны дапамогуць знайсці патрэбную інфармацыю.

Напрыклад, у Нацыянальным архіве (ён знаходзіцца ў будынку Нацыянальнай бібліятэкі) ёсць электронная база дадзеных «Неабгрунтавана рэпрэсаваныя грамадзяне Беларусі». Можна напісаць запыт, і супрацоўнікі архіва пашукаюць, ці ёсць гэты чалавек у базе. Пры станоўчым выніку вы атрымаеце інфармацыю пра месца пражывання, узрост, адукацыю і іншыя звесткі пра сваіх родных.

Імя ў базе могуць і не знайсці, але гэта не значыць, што чалавек не быў рэпрэсаваны ці пра яго не засталося звестак — а проста КДБ перадаў архіву толькі частку дадзеных. Магчыма, звесткі пра вашага сваяка не былі перададзеныя.

Калі прозвішча ў базе рэпрэсаваных не знайшлі, пашукайце фонды, датычныя вашай мясцовасці: сельсавета, райвыканкама і г.д. Часта ў іх захоўваюцца якраз патрэбныя дакументы: спісы людзей, абкладзеных індывідуальным падаткам, пазбаўленых выбарчых правоў, раскулачаных. Таксама можна знайсці скаргі на несправядлівае абыходжанне.

Больш падрабязна даведацца пра лёс раскулачаных, а таксама атрымаць звесткі пра арыштаваных і асуджаных магчыма праз запыты ў МУС і КДБ.

4. Дзяржорганы. Калі вы шукаеце інфармацыю пра раскулачаных, трэба пісаць звароты ў інфармацыйныя цэнтры Міністэрства ўнутраных спраў. Калі вашых сваякоў асудзілі па артыкуле, то інфармацыяй пра іх валодае КДБ. Калі ў сям’і не памятаюць абвінавачанне, адпраўляйце звароты (электронныя ці папяровыя) ва ўсе органы. І аднекуль урэшце атрымаеце адказ.

Пачынаць можна з беларускіх КДБ і інфармацыйнага цэнтра МУС. Калі там не знойдзецца матэрыялаў пра вашых сваякоў, можна напісаць у органы краіны, куды сваякі маглі быць высланыя. Найперш, у Расію: у ФСБ і інфармацыйны цэнтр МУС. Увогуле, калі вы шукаеце высланых (няважна, раскулачаных ці асуджаных), лепш адпраўляць адразу два звароты: адзін туды, адкуль быў высланы чалавек, другі туды, куды ён трапіў у высылку.

 «Не трэба баяцца азадачыць чыноўнікаў, знайсці неабходныя звесткі — іхняя праца», — папярэджвае Зміцер Дрозд. Не ведаючы, куды выслалі яго сваякоў, ён адправіў запыты ў беларускія МУС і КДБ, а атрымаўшы адмоўныя адказы, рашыў пісаць па месцы высылкі. Але месца было невядомае, і даследчык адправіў аднатыпныя запыты ў інфармацыйныя цэнтры МУС 20 усходніх і паўночных абласцей Расіі. І пасля 19 адмоўных адказаў нарэшце атрымаў станоўчы: справа сваякоў была знойдзеная ў Архангельску. Адтуль Дразду даслалі падрабязную даведку пра высланых.

Калі рэгіён высылкі стане ясны, можна напісаць таксама ў тамтэйшы абласны архіў і архіў ЗАГС, дзе маглі захавацца запісы пра смерць вашых родных. «Савецкая сістэма была вельмі бюракратычнай: без паперкі чалавек не мог памерці», — кажа Дрозд.

У кожным запыце ў дзяржорган вам неабходна: 1) выкласці ўсю наяўную інфармацыю пра чалавека, якога вы шукаеце; 2) патлумачыць, якія роднасныя сувязі звязваюць вас з рэпрэсаваным — даведка надаецца толькі сваяку; 3) папрасіць копіі наяўных дакументаў — лепш прасіць пра гэта адразу ж, у першым лісце.

Адрасы і кантакты ўсіх падраздзяленняў МУС, КДБ, ФСБ ёсць у інтэрнэце.

Зміцер Дрозд прапануе сваю дапамогу і кансультацыі ў фэйсбуку, па электроннай пошце [email protected] і па тэлефоне + 375 29 670 29 23. 

Каментары12

Цяпер чытаюць

Расійская армія прарвала пад Дабраполлем апошнюю капітальную лінію абароны Данбаса1

Расійская армія прарвала пад Дабраполлем апошнюю капітальную лінію абароны Данбаса

Усе навіны →
Усе навіны

Загінуў 24-гадовы z-блогер Святоша, які хваліўся забойствамі палонных10

На прыпынку «Ламаносава» ў сталіцы адрамантавалі асфальт. Вынік уражвае2

У паўднёвай Еўропе стаіць чырвоная спёка4

Маці чатырох дзяцей, якую схапілі на выхадзе з анкадыспансера, адпусцілі да суда дадому2

«Расіяне зайздросцяць узроўню беларускага адзінства»42

На МАЗе выбралі маскота і далі яму імя14

ЗША маюць намер зламіць спажыўцоў расійскай нафты ў выпадку правалу ўрэгулявання вайны ва Украіне3

Як беларуска ў 18 гадоў стала прафесійным капітанам яхты і робіць на гэтым бізнес1

У Іспаніі беларусаў вызвалілі з працоўнага рабства2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Расійская армія прарвала пад Дабраполлем апошнюю капітальную лінію абароны Данбаса1

Расійская армія прарвала пад Дабраполлем апошнюю капітальную лінію абароны Данбаса

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць