Гісторыя6565

«Жана мая смачна ела-піла, уборы мяняла, з усімі жыла, а я рабіў, як халоп!»: кранальная гісторыя часоў ВКЛ

Сямейная трагедыя Багдана і Аўдоцці — гродзенскіх гараджанаў XVI стагоддзя.

Гравюра Альбрэхта Дзюрэра

Фантастычная па эмацыйнасці карціна беларускага разводу XVI стагоддзя знайшлася ў «Актах віленскай археаграфічнай камісіі», якія ёсць у вольным доступе ў інтэрнэце.

1540 год. Гарадзенец Багдан Хвядкевіч пражыў з жонкай Аўдоццяй 22 гады. Пачуцці згаслі, узаемная стома назбіралася — дайшло да разводу. Матэрыялы справы захаваліся ў судовых паперах.

Па сённяшніх мерках Багдана і Аўдоццю можна было б назваць прадпрымальнікамі ці фермерамі (хоць цяжка сабе ўявіць сёння фермера-гараджаніна). Яны жылі з таго, што бралі ў арэнду зямлю, расцілі на ёй ураджай і скаціну, пасля прадавалі.

Уражвае, з якой падрабязнасцю мужчына памятае, калі, колькі і чаго вытраціў на былую жонку. «Спачатку, калі яе заручаў, тады на заручынах даў бочку мёду кіслага, таго ж часу скроіў ёй сукню сукна лёткага. А калі вяселле было, тады даў бочку мёду прэснага, два вепрукі кормныя і два вары піва, гусей 20, курэй 60, вол кормны, бочка пшаніцы, тры бочкі мукі сітнай».

Не забыўся ён згадаць і падарункі жончыным сваякам: «Цесцю даў залаты чарлёны, а цешчы другі залаты, шурынам чатыром па 12 грошай, сваяку Івашку бочку гароху».

Каштоўныя рэчы наваспечаны зяць не толькі дарыў, але і прадаваў: «Цесцю свайму прадаў шубу лісіную». Атрыманыя ж грошы аддаў жонцы — «схаваць». Увогуле, за сямейны бюджэт адказвала жонка: «Другі раз даў ёй схаваць 70 грошай, а трэцім разам даў 1,5 капы, а чацвёртым разам капу». Капа — гэта шэсцьдзясят грошай, дарэчы.

«І тыя ўсе грошы яна ў сябе трымае!»

Як сведчаць судовыя дакументы, з часам Багдан горка пашкадаваў пра тое, што даверыў фінансы жонцы.

Багдан часта не бываў дома — то працаваў у пана Касцюшкі, то ў Вільню ездзіў па працы, то ў Кракаў, то на азёры. У лепшыя часы прывозіў жонцы гасцінчыкі: зялёную сукню і «шубку кролікавую» выбраў у Вільні, «каўнер пярловы» (каўнерык, упрыгожаны перлінамі) купіў на «залежы» ў нейкага масквіціна.

Але няўдзячная Аўдоцця, сцвярджаў муж, карысталася ягонай адсутнасцю дзеля асабістага ўзбагачэння. То пару валоў прадасць, то карову-«ялавіцу». Прападалі з хлявоў казлы, бараны, вепрукі кормныя… Таксама жанчына малаціла і прадавала жыта, бочкамі збывала авёс, гарох, грэчку. «І тыя ўсе грошы яна ў сябе трымае!» — абураецца муж. Ён мае (і дае суду!) дакладныя падлікі, якія цэны былі ў кожны год на жыта, гарох і іншыя сельгаскультуры. Называе, колькі бочак чаго Аўдоцця за гэты час прадала і, адпаведна, колькі грошай мелася назапасіць.

Да чаго Багдан вёў? Ён хацеў не толькі выгаварыцца, але і вярнуць свае рэчы, якія засталіся ў жонкі пасля разводу («з тых часоў, як мяне з ёю мітрапаліт распусціў»).

Сярод тых рэчаў — міскі, патэльні, катлы, ліхтары медныя са свечкамі… Цікава, што ў самым пачатку спісу цэлая праваслаўная бібліятэка — шэсць духоўных кніг. У паездках (ці паміж імі?) Багдан паспяваў чытаць. Далей у пераліку ідуць рэліквіі — кавалачкі святых мошчаў; зброя, худоба, «сарочак 4, што ў Вільні купіў», каптан, пчолы і вуллі, рабочы інвентар.

Вырак

Суд загадаў жонцы вярнуць усё — прычым не толькі інвентар, але нават і ўраджай, які яна гэтымі сярпамі ды косамі сабрала; не толькі ўсю скаціну, у тым ліку сем свіней, але «і маладых парасят усіх».

Аўдоцця пагадзілася, праўда, казала, што не ўсё з пералічанага знайшлося дома. Страчанае ацанілі і прысудзілі вярнуць у грашовым эквіваленце. Жонка гатова была прысягнуць, што сапраўды згубіла рэчы, а не распрадала па-ціхаму. І «Багдан будучы справядлівы і міласэрны, да прысягі Аўдоццю не вёў» і ад кампенсацыі адмовіўся. Аднак заўважыў: калі раптам пабачыць у Аўдоцці ці ў каго іншага свае рэчы — адразу забярэ без лішніх словаў.

Багдан падрабязна гаворыць пра іх сямейныя парадкі. Як многа ён працаваў: адну «пашаньку» аддасць у заклад, з другой збярэ ўраджай, прадасць яго і выкупіць першы кавалак зямлі. «А яна каля пашні ўсё лета не бывала!» — скардзіцца на жонку.

«Жона мая смачна ела і піла, і ў красне хадзіла, і со ўсімі ўжывала, з кім хацела, а я каля пашні надзаваў і рабіў, яка бы халоп!» «Адну скіцеру (сала — ПК.) мне да пашні дасць, і я тым кармлюся пяць тыдняў, а яна на кожны дзень па пяці або па дзесяці грошай марнавала, і тым пашню маю і дом, і самога мяне згубіла і ў моцны вялікі упад правяла!»

Надрыўны голас далятае да нас праз вякі. Голас пакрыўджанага мужчыны. Цяжка застацца ўбаку, але паспрабуем — бо ўсё ж не пачулі другі бок спрэчкі — у зялёнай сукенцы і лісіным футры з перлавым каўнерыкам. А ёй напэўна было што адказаць.

Яны жылі разам ажно 22 гады. І што, за ўвесь гэты час — чатыры падарункі з улікам вясельнага?! Багдан вінаваціць жонку, што не выходзіла ў поле. Але хто збіраў-малаціў-прадаваў усе гэтыя 22 гады? Хто вадзіў жывёлу на рынак прадаваць? Ёсць пытанні…

Выснова можа быць хіба такая: дарыце больш падарункаў і кідайце адзінокія падарожжы, раз ужо ажаніліся. Сямейная навука ад беларусаў XVI стагоддзя.

Каментары65

Цяпер чытаюць

«Часцей за ўсё жучок ставяць недалёка ад разетак». Як сілавікі праслухоўваюць беларусаў па тэлефоне і ў кватэрах6

«Часцей за ўсё жучок ставяць недалёка ад разетак». Як сілавікі праслухоўваюць беларусаў па тэлефоне і ў кватэрах

Усе навіны →
Усе навіны

Парушальнікам закона на канцэрце Каржа ў Варшаве можа пагражаць дэпартацыя21

Жанчына знайшла ў лесе пад Віцебскам «зуб д'ябла»

На Лепельшчыне рэабілітавалі бабра, які нібыта высушыў цэлае возера6

На трасе пад Мінскам кіроўца збіў маладога трыятланіста і ўцёк, пакінуўшы хлопца паміраць12

Мабільны аператар абвясціў пра «маштабныя работы» па паляпшэнні сувязі ў дзвюх абласцях1

Чаму менавіта Аляску абралі для саміту Трампа і Пуціна па Украіне7

Беларус у Польшчы спрабаваў стаць агентам КДБ. Ён гатовы быў рабіць дыверсіі ў Еўропе і даносіць на беларусаў замежжа10

На канцэрце Каржа варшаўская паліцыя затрымала 109 чалавек. І правярае лозунгі, якія гучалі на стадыёне48

«Няхай зробяць асобную касу для галодных». Мінчук абурыўся чаргой на запраўцы9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Часцей за ўсё жучок ставяць недалёка ад разетак». Як сілавікі праслухоўваюць беларусаў па тэлефоне і ў кватэрах6

«Часцей за ўсё жучок ставяць недалёка ад разетак». Як сілавікі праслухоўваюць беларусаў па тэлефоне і ў кватэрах

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць