Культура2929

Бахарэвіч: «Сарока на шыбеніцы» — падарожжа па целе адной жанчыны

Пісьменнік Альгерд Бахарэвіч стала жыве ў Гамбургу (Германія) і кантактуе з Бацькаўшчынай кнігамі: «Ніякай літасці Валянціне Г.», «Праклятыя госці сталіцы», і вось нядаўна — «Сарока на шыбеніцы».

Пісьменнік Альгерд Бахарэвіч стала жыве ў Гамбургу (Германія) і кантактуе з Бацькаўшчынай кнігамі: «Ніякай літасці Валянціне Г.», «Праклятыя госці сталіцы», і вось нядаўна — «Сарока на шыбеніцы». З пісьменнікам гутарыць карэспандэнт «НН» Павал Касцюкевіч.

«НН»: Як Вам заснежаны Мінск?

АБ: Гадзіннік у сталовай насупраць КДБ усё так жа не працуе і паказвае той самы час, што і да майго ад’езду. А ў астатнім… У горадзе прыкметна пабольшала еўрапейскасці, і ад яе спалучэння з невынішчальнай мінскай савецкасцю цяпер утварылася абсалютна пачварная і надзвычай эстэтычна цікавая сумесь. Я нідзе не бачыў гарадоў, падобных да Мінску.

«НН»: Чыста па‑людску: дадому, у Беларусь, не хочацца?

АБ: Мая Беларусь і так заўжды са мной. А іншыя спачатку хай давядуць мне сваё права так называцца.

«НН»: Беларусь — гэта…

АБ: Беларусь — гэта кніга, якую я ніколі не змагу напісаць.

«НН»: Значыць, пісьменнік усё ж мае права на аб’ектыўную абыякавасць, на выкшталцонае назіранне, і таму браць на сябе адказнасць за станаўленне нацыі (тоеснасці, мовы і г.д.) не павінен?

АБ: Адзінае, што павінен рабіць пісьменнік, — гэта пісаць цікавыя кнігі і не карыстацца ісцінамі, узятымі на пракат. Адказнасць за нацыю я пакідаю розным прарокам‑аматарам, экстрасэнсам ад палітыкі, літаратурным вегетарыянцам і юным фюрэрам. Я не ўяўляю сабе, наколькі завышаную самаацэнку трэба мець літаратару, каб сказаць: «Ідзіце ўсе за мной! Я ведаю правільны шлях!». Пісьменнік — гэта ўсяго толькі пісьменнік, чалавек слабы і часта заганны; адзінае, чым ён адрозніваецца ад іншых — ягоная здольнасць да чараўніцтва, ягонае ўменне расставіць словы так, каб гэта хацелася чытаць. На мой погляд, за вялікімі задачамі губляецца галоўнае — мастацтва;

багоў, якім служыць пісьменнік, завуць не Радзіма і не Народ, а Творчасць і Талент.
Не кажыце мне, што гэтыя паняткі нельга супрацьпастаўляць: адна з галоўных умоваў сапраўднай літаратуры — адчужанасць, самота, самадастатковасць, а радзіма і народ так ці інакш азначаюць прывязанасць, згуртаванасць, еднасць.
Літаратура — рэч інтымная, а ці можа быць інтымным, напрыклад, патрыятызм?

Радзіма і народ — гэта наогул занадта абстрактна. Іх часта бяруць у суаўтары, але выключна са страху не справіцца самому, са страху ўласнае пустаты і дзеля яе апраўдання. Пры ўсім гэтым я нічога не маю супраць радзімы: я пішу, гавару і думаю па‑беларуску — што яшчэ можа зрабіць для цябе такі слабы чалавек, як я, о Patrіa? «Выкшталцонае назіранне» — гэта вельмі добра сказана, так: даваць людзям эстэтычную асалоду і па магчымасці берагчы іх ад прыступаў сваёй сумнеўнай любові.

«НН»: Якія суадносіны ў літаратуры з рэальнасцю? Ці вы будуеце свой свет, калі пішаце свае кнігі, ці адлюстроўваеце яго? Літаратура навыперадкі з рэальнасцю? Ці сімбіёз?

АБ: Нейкай

аб’ектыўнай рэальнасці насамрэч не існуе. Для п’янага чалавека слова рэальнасць будзе значыць зусім не тое, што для цвярозага;
для чалавека, які носіць акуляры, яна заўжды будзе выглядаць інакш, чым для ўладальніка добрага зроку; глуханямы і сляпы, пажылы чыноўнік і нявіннае дзіця, мужчына і жанчына маюць розныя рэальнасці. Давайце палічым, колькі гадзін за сваё жыццё чалавек праводзіць у сне — хіба мы бачым аднолькавыя сны? Так званая рэальнасць — гэта тое, што бярэцца для пабудовы дэкарацыяў, дый тое самых грубых. Сапраўдны пісьменнік прыдумляе амаль усё, тым ён і адрозніваецца ад публіцыста. На жаль, гэтыя віды дзейнасці многія дагэтуль схільныя блытаць. Калі пісьменнік і ёсць люстэркам, то гэта намаляванае люстэрка, кшталту агню каміну ў доме таты Карла.

Я прыдумляю ў сваіх кнігах амаль усё. А калі і бяру туды нешта з гэтай самай рэальнасці — які‑небудзь змрочны будынак ці тралейбус з пасажырамі — усё адно з такімі рэчамі адбываюцца потым у тэксце дзіўныя метамарфозы: тэкст сам прымушае іх змяніцца.

Мо таму і вар’яцеюць пісьменнікі, музыкі, мастакі — выправіўшыся ў падарожжа па прыдуманых рэальнасцях, яны аднойчы ўжо не могуць вярнуцца ў сваю ўласную.

«НН»: У сучаснай беларускай літаратуры (вы, Талстоў, Вежнавец) адсутнічае якасны сюжэт. Ці патрэбны ён вам? Вы ж і так абдумваеце кнігу, дык чаму сюжэту не быць абдуманым як след?

АБ: Не ведаю, што маецца на ўвазе пад «якасным сюжэтам».

Сюжэт мае велізарнае значэнне для дэтэктыву. Для сур’ёзнай літаратуры ён не такі ўжо і важны. Істотна не «пра што», а «як».
Пісьменнік адрозніваецца ад графамана найперш наяўнасцю свайго непаўторнага голасу. Калі гэты голас (інакш: стыль) ёсць, можна весці гаворку пра што заўгодна, распавядаць любую гісторыю (ці не распавядаць яе наогул) — на свеце няма нецікавых рэчаў — літаратура ўсё зробіць сама. Самы яскравы, класічны прыклад: апісанне аднаго дня з жыцця дублінскага яўрэя Блюма стала літаратурным шэдэўрам, хаця пра сюжэт там можна казаць толькі ўмоўна. Згадаем яшчэ Роб‑Грые, Елі¬нэк, Бруна Шульца, некаторыя набокаўскія творы…

Я не адмаўляю сюжэту. Ён мусіць быць прадуманы. Аднак сутнасць і якасць тэксту вызначае не ён. Любы сюжэт непраўдападобны, але тым, хто шукае праўдападабенства, трэба чытаць газеты. Паміж чытачом і аўтарам празаічнага твору павінна заўжды існаваць негалосная канвенцыя: адгортваючы кнігу, чытач мусіць прымаць правілы гульні — паверыць на нейкі час, што так яно і было. Абавязак аўтара — усяляк спрыяць гэтаму падману. Інакш чытанне ператвараецца ў нудную працу.

«НН»: Што любіце ў працэсе напісання найбольш: абдумванне, уласна напісанне ці прэзентацыю?

АБ: Не люблю публічныя выступы, люблю адзіноту. Тут я не арыгінальны.

«НН»: Вашы творы часта абвінавачваюць у мізантропіі. Што маеце сказаць на гэты закід?

АБ: Мне блізкая пазіцыя Свіфта, які казаў, што любіць асобных людзей і ненавідзіць чалавечыя супольнасці.

Я цярпець не магу ўсялякага роду чалавечыя статкі, калектывы і калектывізм: будзь тое аб’яднаная і апантаная адной ідэяй нацыя, палітычная партыя, грамадскае аб’яднанне, працоўны калектыў, вясёлае застолле, чарга ў краме, літаратурная суполка, пачакальня або набіты пасажырамі аўтобус.
Там, дзе людзі яднаюцца, няхай нават выпадкова, абавязкова з’яўляецца пошласць і прыніжэнне, там нівелюецца чалавек. Ненавіджу сумесную працу і тое, што атрымліваецца ў яе выніку — як правіла, творчага там вобмаль, затое колькі навязлівасці. Чалавечыя гурты чамусьці наогул схільныя да агрэсіі. Сярод іх я задыхаюся, і мае героі адчуваюць гэта.

Героі маіх кніг — гэта людзі ў стане перманентнай асфіксіі.

«НН»: Пра што ваша новая кніга, «Сарока на шыбеніцы»?

АБ:

Я здзяйсняю ў ёй падарожжа па целе адной маладой жанчыны, якую завуць Вераніка. Яна працуе ва ўправе канцлагераў і закаханая ў свайго начальніка.
Я пішу пра тое, што адбывалася ў розныя часы кароткага жыцця Веранікі з яе целам, і праз гэта распавядаю гісторыю. Мы пачынаем з валасоў і потым апускаемся ўсё ніжэй, каб напрыканцы кнігі зноў вярнуцца да яе твару і зазірнуць Вераніцы ў вочы. Болей не скажу, бо, урэшце, гэта ўсяго толькі сюжэт.

Гутарыў Павел Касцюкевіч

***

Альгерд Бахарэвіч чытае ўрыўкі са сваёй новай кнігі «Сарока на шыбеніцы»

«Гэта самапіяр!»

Ноч па ўсёй зямлі.

Відэа Яраслава Сцешыка

Каментары29

Цяпер чытаюць

Трамп ухваліў план атакі на Іран, але пакуль устрымліваецца ад загаду2

Трамп ухваліў план атакі на Іран, але пакуль устрымліваецца ад загаду

Усе навіны →
Усе навіны

Распрацоўшчык гульні «Свет танкаў» афіцыйна перайшоў ва ўласнасць расійскай дзяржавы6

Каго больш палонных: украінцаў ці расіян?1

Стала вядома, з кім згуляюць беларускія клубы ў другім раўндзе Лігі канферэнцый1

Саміт G7 скончыўся без заявы пра Украіну. Зяленскі і Трамп пакінулі яго датэрмінова4

Таямнічы фонд Лукашэнкі стварыў структуру ў Расіі4

«Месяц без працы — даражэй». Ці можна заплаціць $5 тысяч і атрымаць офер?1

«Лічу, што заслужыў права выказацца». Адстаўны падпалкоўнік беларускай міліцыі вярнуў медаль і пайшоў ваяваць за Украіну10

У ЗША дактары адключылі ад апарата 31-гадовую амерыканку — яна нарадзіла ў коме3

Ад іранскага ракетнага ўдару ў Ізраілі загінула сям'я з Украіны, якая прыехала лячыць сямігадовую дачку ад лейкеміі2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп ухваліў план атакі на Іран, але пакуль устрымліваецца ад загаду2

Трамп ухваліў план атакі на Іран, але пакуль устрымліваецца ад загаду

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць