Здарэнні

Што вядома пра трагедыю пад Докшыцамі, дзе забілі і закапалі мужчыну. Падазраваны — сын

1 лістапада ў міліцыю прыйшоў 60-гадовы жыхар вёскі Улессе, што ў Докшыцкім раёне (Віцебская вобласць). Ён паведаміў, што знік яго стрыечны брат Аляксандр Хацкевіч. Міліцыя пачала пошукі.

Высветлілася, што мужчыну забілі і закапалі ў лесе. У якасці падазраваных затрымалі сына загінулага і яго сябра.

«Наша Ніва» высветліла падрабязнасці трагічнай гісторыі.

Аляксандру Хацкевічу было трохі за 50. Яго сыну Ягору — 24.

Ягор Хацкевіч. Фота з сацсетак

«Аляксандр займаўся тым, што збіраў грыбы, ягады, зёлкі, пасля здаваў іх за грошы. Гэта фактычна адзіны заробак у мясцовых жыхароў ва Улессі, — распавяла «Нашай Ніве» суседка Хацкевічаў. — Грошы невялікія, але галоўнае, што набывалі Хацкевічы, — гэта алкаголь. На прадукты траціліся мінімальна».

Хацкевіч жыў у доме разам са старэйшым братам і сваім сынам.

«Яго жонка, маці Ягора, загінула даўно, каля 18 гадоў таму. Яе забіў бацька на вачах у маленькага сына. Ён штурхнуў яе, жанчына ўпала, моцна ўдарылася і памерла на месцы», — расказваюць суседзі.

Праўда, сястра загінулага абвяргае — кажа, гэта чуткі.

«У жонкі здарылася кровазліццё ў мозг. Ляжала з сынам на канапе, глядзела тэлевізар — і раптам страціла прытомнасць. Памерла на месцы, — кажа Святлана, сястра Аляксандра. — А Аляксандр тады быў п’яны. Яго спачатку забіралі ў міліцыю, доўга там трымалі, але ўсё ж адпусцілі. Затое пазбавілі бацькоўскіх правоў. Сына забралі ў дзіцячы дом».

Пазней Аляксандра нават пасадзілі — але за тое, што не плаціў дзяржаве аліменты на ўтрыманне сына. Пасля зняволення Аляксандр жыў то ў адной сястры, то ў другой. Працаваў па саўгасах. Выпіваць, праўда, так і не кінуў.

«Ягор у гэты час быў у дзіцячым доме. Аляксандр так і не аднавіў бацькоўскія правы.

Ягор увогуле быў даволі адэкватным хлопцам гадоў да 17. Пасля ён паступіў у вучэльню, яму выдзелілі пакойчык у Віцебску. З’явіліся новыя знаёмыя — не самыя лепшыя. З імі хлопец пачаў выпіваць і сам. Часам нават нюхаў клей», — расказвае знаёмая Ягора.

Тым часам Аляксандр, бацька хлопца, вярнуўся у родную вёску Улессе. Жыў там у адным доме з родным братам. Разам яны пілі.

Ягора усё ж адлічылі з каледжа за кепскую вучобу. І хлопец таксама вярнуўся ва Улессе — у дом да бацькі і дзядзькі. Займаўся тым жа, што і яны: збіраў грыбы, ягады. Разам з бацькам і дзядзькам піў.

Часам Ягор вяртаўся ў Віцебск, спрабаваў знайсці працу, але не атрымлівалася. І хлопец вяртаўся ў вёску, да сваякоў і выпіўкі.

Калі Ягор і зарабляў капейчыну, то частку аддаваў бацьку — той настойваў, маўляў, жывем разам, трэба выдаткі дзяліць. Нярэдка Ягор з бацькам сварыліся, скандалілі, высвятлялі адносіны. Ягор неадназначна ставіўся да бацькі: і любіў яго, і ненавідзеў адначасова. Бывала, казаў: хачу, каб ён здох нарэшце.

Знаёмыя хлопца ўгаворвалі яго з’язджаць з вёскі, вяртацца ў Віцебск, але Ягор шкадаваў бацьку. Казаў: ён жа нап’ецца і прападзе без мяне, замёрзне недзе на вуліцы п’яны», — расказвае знаёмая Ягора.

У Віцебск Ягор так і не вярнуўся. Замест гэтага улетку да яго прыехаў у госці сябар Максім Чэлькіс. Максім — аднагодка Ягора, жыў у Віцебску. Але гэтыя месяцы шмат часу бавіў у доме Хацкевічаў ва Улессі.

Максім Чэлькіс. Фота з сацсетак

«Брат Аляксандра быў зусім прапалы, піў кожны дзень і ўжо ледзь-ледзь хадзіў, хоць і не такі стары — трохі за 60 гадоў. Але Аляксандр з Ягорам яшчэ больш-менш нармальна жылі, калі можна так сказаць. Хаця б як-неяк клапаціліся адно аб адным — да таго моманту, як з’явіўся гэты Максім. Пасля бацька быў адзін, Ягор пачаў яго цурацца, увесь час праводзіў з сябрам», — кажа суседка Хацкевічаў.

У дзень забойства дзядзька нібыта не чуў, як забілі яго брата. Што там здарылася дакладна і што стала апошняй кропляй, ніхто не ведае. Вядома толькі, што адбылося гэта ў хаце. Падлога была ўся ў крыві, матрац таксама.

Па дадзеных следчых, забілі Аляксандра Хацкевіча у перыяд з 7 па 9 кастрычніка. У забойстве падазраюць Ягора і яго сябра Максіма.

Вядома, што пасля забойства цела перанеслі ў хлеў. Там яно праляжала два дні. Затым яго аднеслі ў лес і закапалі.

Хто з хлопцаў непасрэдна вінаваты ў забойстве, пакуль невядома. Суседзі вінавацяць таго Максіма: маўляў, Ягор хоць і скандаліў з бацькам, але ж заўсёды сябе кантраляваў. Уплывае на гэта і тое, што менавіта Максіма следчыя прывозілі ва Улессе — гэта ён паказаў, дзе закапалі цела.

Пасля забойства бацькі Ягор і Максім некаторы час яшчэ заставаліся ва Улессі. Пра бацьку Ягор казаў суседзям так: маўляў, прыбіўся да нейкай жанчыны з іншай вёскі ды і перабраўся да яе жыць.

Пасля хлопцы з’ехалі ў Віцебск. 1 лістапада Мікалай Хацкевіч, стрыечны брат забітага Аляксандра, прыйшоў у міліцыю і распавёў, што знік яго брат. У той жа дзень затрымалі Ягора Хацкевіча. На наступны дзень — яго сябра Максіма Чэлькіса.

Сястра забітага кажа, што хлопцы ўжо прызналі сваю віну і ўсё расказалі следчым.

Аляксандра яшчэ не пахавалі — ён у Глыбокім, у моргу.

Ягор і Максім пад вартай. Цяпер ім пагражае расстрэл. 

Каментары

Цяпер чытаюць

«Пераапрануўся ў амапаўца і дырыжыраваў чорнай дубінкай». Адзін з заснавальнікаў «Вольнага хору» — пра акцыі ў гандлёвых цэнтрах у 2020‑м і працу ў філармоніі ў Літве3

«Пераапрануўся ў амапаўца і дырыжыраваў чорнай дубінкай». Адзін з заснавальнікаў «Вольнага хору» — пра акцыі ў гандлёвых цэнтрах у 2020‑м і працу ў філармоніі ў Літве

Усе навіны →
Усе навіны

«Тое, што трэба пенсіянерам». Беларускі экзашкілет нібыта ад МТЗ захапіў тыкток3

«Лёс тых, хто вярнуўся, быў трагічны». 100 гадоў таму беларускія палітэмігранты прызналі Менск «адзіным цэнтрам»2

Ці можна піць шампанскае маладым у ЗАГСе?3

У Кітаі адказалі на ўвядзенне Трампам дадатковых пошлін на кітайскія тавары2

Каліноўцы заснавалі грамадскую арганізацыю і актывізуюць палітычную дзейнасць68

Пяскоў папярэдзіў Малдову аб паўтарэнні памылак «адной дзяржавы»11

Маладога блогера і захавальніка архіва Клічаўскага краязнаўчага музея асудзілі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»1

Латвія загадала больш як 800 расійскім грамадзянам пакінуць краіну24

У эканамічным плане сярэднестатыстычны беларус цяпер жыве лепш, чым 6 гадоў таму, а немец — не. Як такое магчыма?23

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Пераапрануўся ў амапаўца і дырыжыраваў чорнай дубінкай». Адзін з заснавальнікаў «Вольнага хору» — пра акцыі ў гандлёвых цэнтрах у 2020‑м і працу ў філармоніі ў Літве3

«Пераапрануўся ў амапаўца і дырыжыраваў чорнай дубінкай». Адзін з заснавальнікаў «Вольнага хору» — пра акцыі ў гандлёвых цэнтрах у 2020‑м і працу ў філармоніі ў Літве

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць