Пасольства Украіны ў Іране змяніла сваё паведамленне пра крушэнне самалёта «Міжнародных авіяліній Украіны» ў Тэгеране на сваім сайце і ў Facebook.
Змены закранулі тую частку паведамлення, у якой гаварылася пра магчымыя прычыны аварыі. У першапачатковай версіі казалася, што тэракт як версія выключаецца, крушэнне самалёта адбылося па тэхнічных прычынах.
У новай рэдакцыі заявы пасольства аб'явіла, што прычыны здарэння расследуе спецыяльная камісія, а ўсе версіі катастрофы, агучаныя іншымі крыніцамі, варта расцэньваць як неафіцыйныя.
Раней стала вядома, што прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі даручыў праверыць усе самалёты грамадзянскай авіяцыі краіны пасля катастрофы ў Іране, а таксама загадаў Генпракуратуры распачаць крымінальную справу па гэтым факце.
Украінскі Boeing 737 пацярпеў крушэнне ў раёне аэрапорта іранскага Тэгерана адразу пасля вылету раніцай у сераду, 8 студзеня. Па ўдакладненых звестках, на борце знаходзілася 11 грамадзян Украіны, у тым ліку ўсе дзевяць членаў экіпажа.
Каментары