Культура22

На тым свеце, у беларускай дыяспары, на адзінку сумлення дадалося

Кінакрытык Ала Бабкова піша пра Валянціна Тараса і яго забаронены цяпер на ТВ цыкл фільмаў «Пасля Перамогі».

Кінакрытык Ала Бабкова піша пра Валянціна Тараса і яго забаронены цяпер на ТВ цыкл фільмаў «Пасля Перамогі».

Можа, ён ёсць, той свет? Тады на нашым свеце на адзінку сумлення зменшылася, а на тым, у беларускай дыяспары, дадалося. Бо пайшоў Валянцін Тарас да тых, з кім дзяліў цяжкі шлях да ісціны — да літаратуразнаўцы Рыгора Бярозкіна і пісьменніка Уладзіміра Караткевіча, якія адышлі ў 1980‑я, да пісьменніка, грамадскага трыбуна Алеся Адамовіча і паэта Навума Кісліка — іх няма з 1990‑х, да валадара розумаў Васіля Быкава, з якім развіталіся ў гэтым тысячагоддзі. З кожным Валянціна Яфімавіча яднала сяброўства, а з Адамовічам і Быкавым у найноўшы час — абарона дэмакратычных, нацыянальных, маральных і этычных каштоўнасцей.

Вось адзін з безбаязных публічных роздумаў Валянціна Тараса, актуальны і цяпер: «…Ці мае права прэзідэнт абражаць каго б там ні было, нават у тым выпадку, калі апаненты першымі абразілі яго? Ці не павінны паводзіны прэзідэнта абсалютна ва ўсім падаваць высокі прыклад тактоўнасці й высакароднасці, якога маглі б трымацца ўсе грамадзяне? Аддаю сябе справаздачу ў тым, што, задаючы гэтыя пытанні, рызыкую зазнаць тую самую долю, што і пячкур з казкі расейскага сатырыка Салтыкова‑Шчадрына «Прамудры пячкур» (…) І ўсё ж, пераадольваючы натуральны страх, не магу не паўтарыць зададзеныя вышэй пытанні. Таму што хацеў бы паважаць прэзідэнта сваёй краіны. На аснове ўзаемнасці. То бок я хачу, каб і прэзідэнт мяне паважаў нароўні з усімі грамадзянамі. Бо Канстытуцыя, гарантам якой ён з’яўляецца, абавязвае яго паважаць усіх: і тых, хто на прэзідэнцкіх выбарах прагаласаваў за яго, і тых, хто прагаласаваў за іншых кандыдатаў.

Вядома ж, людзі павінны жыць добра, у поўным матэрыяльным дастатку, але не цаною адмаўлення ад сваёй чалавечай годнасці, ад сваіх поглядаў і перакананняў. Ніякі дабрабыт ня варты такога кошту. Калі грамадства пачне задавальняцца толькі карытам, забыўшыся пра зорнае неба над галавою, яго дабрабыт прыпадобніцца да дабрабыту статку» ( надрукавана ў мемуарах «На высьпе ўспамінаў»).

У гэтых радках — грамадзянская і пісьменніцкая сутнасць Валянціна Тараса: талстоўскае «не магу маўчаць!»; чэхаўскае «выцісні з сябе раба»; талерантнасць беларуса, але без страты чалавечай годнасці.

Узялася за гэтыя нататкі не толькі таму, што ён быў увасабленнем сумлення ў асяроддзі мастацкай інтэлігенцыі, але і таму, што ёсць журналісцскі даўжок — не напісала пра цыкл ягоных тэлефільмаў «Пасля Перамогі» (Беларускае ТБ), які ён зрабіў ў 1994—95 г.

На той час гэта была падзея, бо, нягледзячы на інэрцыю галоснасці, многае пра вайну і акупацыю заставалася недагавораным, а шмат фактаў і падзей афіцыйная прапаганда ўсё яшчэ хавала. Ды і любоў да рыторыкі заставалася галоўнай інтанацыяй праграм, што прысвячаліся ваенным юбілейным датам.

Цыкл склалі пяць стужак (Валянцін Тарас у іх аўтар сцэнарыя і каментатар). Гэта былі асобасныя сведчанні чалавека, які падлеткам спазнаў акупацыю і партызаншчыну. Адначасова гэта былі думкі пісьменніка гуманістычнай арыентацыі, які глядзіць на гісторыю без ружовых акуляраў і фігуры ўмаўчання.

Прыярытэт погляду на вайну і цану Перамогі не з пазіцыі афіцыйнай савецкай гістарыяграфіі належаў не Валянціну Тарасу. Вось што чытаем у Аляксандра Салжаніцына, які неперадузята пачаў даследаваць бальшавіцкую сістэму за некалькі дзесяцігоддзяў да перабудовачнага часу: «Тая вясна 45‑га году ў нашых турмах была пераважна вясной расійскіх палоннікаў. (…) А сярод палоннікаў розных узростаў больш за ўсё было маіх аднагодкаў, не маіх нават, а аднагодкаў Кастрычніка — тых, хто разам з Кастрычнікам нарадзіўся, хто ў 1937, нічым не збаламучаны, валіў на дэманстрацыі дваццатай гадавіны і чый узрост да пачатку вайны якраз склаў кадравае войска, расшпурлянае за некалькі тыдняў. Дык тая турэмная невыносная вясна пад маршы Перамогі стала расплатнай вясной майго пакалення» («Архіпелаг ГУЛАГ», ч. 1).

У Валянціна Тараса больш малады ўзрост і іншы — таксама драматычны! — асабісты вопыт жыцця. Але што аб’ядноўвае абодвух і іх аднадумцаў, дык гэта працэс асэнсавання дыстанцыі паміж тым, да чаго заклікалі камуністычныя правадыры і тым, што насамрэч адбывалася ў перадваеннай, ваеннай і пасляваеннай рэчаіснасці. Права сведкі, які бачыў не толькі гераічнасць і высакароднасць землякоў, але і праяўленне самых нізкіх чалавечых інстынктаў, а таксама права выпакутаванага імкнення дакапацца да праўды — вось што вызначала стрыжань усяго цыкла фільмаў «Пасля Перамогі».

У першай стужцы пад назвай «Чорны чэрвень», гледзячы ў кіназале ваенную кінахроніку разам с рэжысёрам Валерыем Жыгалкам, Валянцін Тарас выказвае аўтарскую мэту і задае эмацыянальны камертон для падарожжа ва ўласнае мінулае. Успомніўшы выказванне Бісмарка аб тым, што гісторыя нічаму народы не вучыць, ён пытаецца: «Няўжо мы асуджаны і далей пайсці па гэтым крывавым коле?» Пытанне не рытарычнае, бо аўтар звязвае нашу ваенную гісторыю з тагачаснымі міжнацыянальнымі, міжрасавымі і этнічнымі бойкамі.

Ёсць і іншыя імпульсы, што падштурхнулі пісьменніка да публічнага роздуму: шмат кадраў кінахронікі падроблены пад «сапраўднасць» і нямала дакументальных фільмаў пра вайну аддаюць пампезнасцю і дагэтуль нясуць пячатку афіцыёзных міфаў.

У наступных стужках цыклу — «Пад свастыкай», «Супраціўленне», «Ліпень вызвалення» — аўтар ідзе па слядах «сваёй вайны», спалучаючы факты і падзеі з роздумамі‑абагульненнямі аб бязлітасных з’явах акупацыйнага часу: аб нялюдскасці чужынцаў, што і выклікала масавы патрыятычны рух, аб трагічным лёсе вёскі, за кошт якой жылі і немцы, і паліцаі, і партызаны, аб неафішаваным подзвігу беларускіх жанчын, якія ратавалі дзяцей і ўвогуле захоўвалі свой род ад знішчэння, аб лёсе знішчаных фашыстамі савецкіх ваеннапалонных, памяць аб якіх дагэтуль не ўшанавана.

У фільмах шмат канкрэтных фактаў, якія сведчаць аб атмасферы акупацыйнага часу і партызаншчыны, аб супярэчлівасці або дваістасці паводзін людзей з абодвух ваюючых бакоў.

Напрыклад, Валянцін Тарас успамінае аб чалавечнасці асобных нямецкіх афіцэраў і салдат, калі іх не бачыла вока сваіх, але яны імгненна пераўвасабляліся ў верных ваяўнічых вермахту, ледзь пакідалі хату мінчука.

Або ён нагадвае пра падвойны страх людзей — з боку гестапа і з боку савецкіх асабістаў. Апошнія без суду і следства, на падставе толькі ўласнай падазронасці, расстрэльвалі ўсіх, хто не меў доказаў‑паперак або сведак чысціні сваіх намераў змагацца з ворагам. Сам 13‑гадовы Валянцін Тарас ледзь не атрымаў кулю ў патыліцу, бо партызанскі стукач данёс асабісту, быццам хлопец ведае нямецкую мову, але хавае гэта ( а ведаў ён пяць слоў і любіў пагуляць у лесе з уяўным ворагам, выдаючы соснам увесь свой дзіцячы «нямецкамоўны» запас).

Напэўна, аўтар з рэжысёрам усведамлялі, што засталося нешта душэўна нявыказанае ў чатырох стужках. Таму і з’явілася пятая — «Дарагія мае мінчукі». У ёй аддавалася даніна памяці ваеннаму мінуламу Мінска і яго жыхарам, якія выходзілі ў дзень Перамогі на вуліцы і ў паркі сталіцы, каб сустрэцца з аднапалчанамі, каб іх дзеці і ўнукі далучыліся да святых і такіх цяжкіх ісцін нашай ваеннай гісторыі. Інтанацыя гэтага фільму, як і папярэдніх — не пафасная, не заклінальная, пазбаўленая афіцыёзнага клікунства. Валянцін Тарас і яго творчыя паплечнікі засталіся вернымі мастакоўскаму абавязку сведчыць аб гераічным і трагічным мінулым па прынцыпу « не зменшыць і не пабольшыць».

Цыкл фільмаў «Пасля Перамогі» паказалі па Беларускаму ТБ толькі двойчы. Ён выклікаў негатыўную рэакцыю некаторых ветэранаў, якія абвінавачвалі пісьменніка ў ачарненні ваеннай гісторыі і антыпатрыятызме. І па гэтай, відаць, прычыне, і па прычыне нацыянальна‑дэмакратычных поглядаў Валянціна Тараса, цыкл «Пасля Перамогі» больш за дзесяць гадоў ляжыць на «паліцы». Але праўдзівыя сведчанні не маюць тэрміну даўніны. Калі‑небудзь нашчадкі далучацца да гэтых успамінаў і ўспрымуць урокі грамадзянства, стаіцызму і пошуку ісціны іх аўтара.

Каментары2

Цяпер чытаюць

Сенатар Грэм анансаваў рэкордныя пастаўкі зброі Украіне пасля заўтрашняй заявы Трампа7

Сенатар Грэм анансаваў рэкордныя пастаўкі зброі Украіне пасля заўтрашняй заявы Трампа

Усе навіны →
Усе навіны

У Беларусі восем немаўлят да года наведваюць дзіцячы сад1

Як глабальная змена клімату адаб’ецца на Беларусі? Не зусім так, як мы ўяўляем12

Мінчанка расказала, дзе пазнаёміцца з перспектыўнымі хлопцамі ў сталіцы14

Ціханоўскі насмажыў катлет на фестывалі «Тутака»44

Наколькі дакладна можна прадказаць надвор'е на месяц? І чаму дагэтуль не папярэджваюць пра тарнада за дзень?5

З'явіцца новая дзяржава — Новая Каледонія3

Заробак 73 рублі? На заводзе патлумачылі, адкуль у іх такія вакансіі

Француз пераехаў з Ніцы ў Мінск і адкрыў пякарню12

У Мінску купілі дом за 3 мільёны даляраў. Ён у тым раёне, дзе жыве Эйсмант1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сенатар Грэм анансаваў рэкордныя пастаўкі зброі Украіне пасля заўтрашняй заявы Трампа7

Сенатар Грэм анансаваў рэкордныя пастаўкі зброі Украіне пасля заўтрашняй заявы Трампа

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць