«Я спытаў: «Што, халера ясная, вы абмяркоўвалі цэлых 5 гадзін?»

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, выступаючы ў ізраільскім парламенце, расказаў некаторыя падрабязнасці пра сустрэчу яго спецпасланніка Стыва Уіткафа з Уладзімірам Пуціным, піша Rerform.
Трамп расказваў пра людзей, якія былі датычнымі да заключэння дамоўленасцяў па першай фазе мірнага плана паміж Ізраілем і ХАМАС. У выніку ўступіла ў сілу спыненне агню, сёння былі вызвалены 20 ізраільскіх закладнікаў, якія засталіся ў жывых. У сваю чаргу Ізраіль вызваліў амаль 2 тысячы палесцінскіх зняволеных.
Прэзідэнт ЗША параўнаў Уіткафа з Генры Кісінджарам, які «не дапускае ўцечак». Ён падкрэсліў, што Уіткаф унёс вялікі ўклад у працэс урэгулявання.
Трамп зноў сказаў, што спыніць вайну Расіі супраць Украіны будзе прасцей, чым дасягнуць спынення агню на Блізкім Усходзе.
«Я арганізаваў яму сустрэчу з прэзідэнтам Пуціным, думаючы, што гэта будзе 15‑хвілінная або 20‑хвілінная сустрэча. Стыў паняцця не меў пра Расію, не надта што ведаў пра Пуціна, няшмат ведаў пра палітыку, не быў у ёй зацікаўлены. Ён быў сапраўды добры ў нерухомасці, але ў яго была тая якасць, якую я шукаў, і я не бачыў яе ў іншых», — сказаў Трамп.
Калі Уіткаф сустракаўся з Пуціным, Трамп патэлефанаваў праз паўгадзіны пасля пачатку сустрэчы, разлічваючы, што яна скончылася. Аднак яму сказалі, што яна працягваецца.
Тое ж самае паўтарылася праз гадзіну, дзве і тры гадзіны. Праз чатыры гадзіны яму далажылі, што, магчыма, Уіткаф хутка выйдзе.
«І праз пяць гадзін ён выйшаў. Я спытаў, пра што, халера ясная, вы размаўлялі пяць гадзін? І ён сказаў: пра шмат што цікавае. Мы проста гаварылі шмат пра што цікавае, у тым ліку пра тое, навошта ён туды прыйшоў. Але пра гэта нельга гаварыць пяць гадзін. Можна гаварыць пра гэта пэўны перыяд часу, і ты ведаеш, што атрымаеш. Але гэта талент. Гэта талент, калі ты можаш так рабіць. Большасць людзей, якіх я б паслаў, па-першае, іх бы не прынялі, па-другое, калі б і прынялі, сустрэча доўжылася б пяць хвілін. І вось што адбываецца са Стывам. Яго ўсе любяць. Яго любяць з гэтага боку. Яго любяць з таго боку. І ён сапраўды такі. Ён выдатны перамоўшчык, таму што ён выдатны хлопец», — сказаў Трамп.
Каментары