Грамадства

Маці-гераіня. Пяцёра дзяцей засталіся з бабуляй пасля затрымання бацькоў за палітыку

38-гадовая Вольга Залатар трапіла на Валадарку, на наступны дзень суддзя Кацярына Новікава адправіла на суткі яе мужа.

Вольга Залатар з мужам і дзецьмі. Фота са старонкі Вольгі Залатар у фэйсбуку

18 сакавіка жыхарку Ждановіч Мінскага раёна Вольгу Залатар затрымаў ГУБАЗіК. Гэтае ўпраўленне міліцыі, якое мае займацца арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй, за апошні год пераключылася на палітычныя справы. Па словах суседзяў, сілавікоў было каля дзесяці. «Мы з жонкай так адразу і зразумелі, што гэта за палітыку, бо Вольга была такая актыўная ва ўсім», — сказалі «Нашай Ніве» суседзі.

«Дзякуй. Нічога не трэба. Можа, сёння адпусцяць», — адказаў удзень 18-га муж Вольгі Сяргей Ганкевіч іншаму суседу, які спытаў, ці трэба ім нейкая дапамога.

Не толькі не адпусцілі жонку, але а 23-й гадзіне вечара затрымалі і самога Сяргея.

І пра Вольгу, і пра Сяргея суседзі гавораць з павагай. Гэта шмат у чым тыповая сям'я «працавітага сярэдняга класа». Як і большасць жыхароў мінскіх прыгарадаў, яны працуюць у прыватных прадпрыемствах або на сябе. Збудавалі сабе дом.

Але сям'я Ганкевіча і Залатар вылучаецца колькасцю дзяцей. Іх у сям'і пяцёра. Чатыры дачкі, старэйшай з якіх 17 гадоў, і сын, меншанькі, яму 4 гады. Па словах суседзяў, Вольгу затрымалі ў аўтамабілі, калі яна везла 10-гадовую дачку на заняткі па цымбалах.

38-гадовая Вольга Залатар стала добра вядомай у Ждановічах пасля мінулага года. Яна была назіральніцай на мясцовым участку для галасавання.

«У нас чалавекі тры ці чатыры пайшлі ў назіральнікі, подпісы збіралі за гэта. Вольга была самая актыўная сярод іх. У яе характар такі, лідарскі, і пачуццё справядлівасці. Гэтая б ужо наша дэпутатка была, калі б была дэмакратыя», — кажа жыхарка пасёлка, маладая пенсіянерка.

Вольга Залатар. Фота з яе старонкі ў фэйсбуку

Да назірання на ўчастку Вольгу Залатар так і не дапусцілі, там засядалі толькі назіральнікі ад пралукашэнкаўскіх арганізацый. Назіральнікі ж з ліку жыхароў, якія вылучаліся шляхам збору подпісаў, вымушаныя былі заставацца ў двары ўчастка, размешчанага ў школе-інтэрнаце для людзей з парушэннямі слыху і ўкамплектаванага яго супрацоўнікамі.

«Адна наша жанчына ў камісію вылучалася, мы подпісы за яе паставілі. Не ўзялі! А нашы назіральнікі на парозе назіралі. Ну нам усё ясна стала пра гэтыя выбары, — кажа суседка-пенсіянерка. — У нас напісалі 40, здаецца, працэнтаў Ціханоўскай, а на суседнім участку ў Тарасаве ў Ціханоўскай было 90, там лічылі галасы не хаваючыся», — дадае яна.

Выбары былі момантам палітызацыі жыхароў не толькі Мінска, але і прыгарадаў. Палітычныя патрабаванні тут, як і скрозь, наклаліся на сацыяльныя. Людзі групіраваліся ў мясцовых чатах — спачатку ў вайберы, пасля — у тэлеграме.

«Паглядзіце, якія ў нас вуліцы. Гэта ж жах — як у Афрыцы. Паўзеш сярод ям. Дык гэта яшчэ вуліца Беларуская, яна лічыцца ў нас цэнтральнай, па ёй маршрутка ездзіць. А на Маладзёжную, Светлую, Чыстую, Заходнюю, Дружную вясной у гумовых ботах толькі заходзь», — кажа нам мужчына.

Сапраўды, вуліца, на якой стаіць дом Вольгі Залатар, уся ў ямінах.

Вуліца Беларуская — цэнтральная ў гэтай частцы Ждановіч, па ёй ездзіць маршрутка

Вольга Залатар — беларускамоўная па жыцці, муж у яе рускамоўны. Вольга скончыла Ліцэй БДУ і Факультэт філасофіі і сацыяльных навук БДУ.

Пасля выбараў, глыбока ўражаная бесцырымоннасцю таго, што адбывалася на ўчастках, Вольга Залатар працягнула грамадскую дзейнасць. Суседзі кажуць, што яна «і каля турмаў валанцёрыла, і многа чаго рабіла». Па іх словах, Вольгу тройчы затрымлівалі.

«Першы раз быў пратакол за чаяпіцце, — расказвае суседка-пенсіянерка. — Тады не затрымлівалі, але быў суд і штраф. Ну, паказвалі так: за што хочаш будзем вас штрафаваць. За чаяпіцце — штраф! Разумееце — што там сабраліся і чай пілі, маўляў, незаконна. Людзі стараліся аб’ядноўвацца — дык страшылі, каб не аб’ядноўваліся».

Другі раз Вольгу разам з яшчэ адной жанчынай з суседняй вуліцы затрымалі каля «мурала Паўла Латушкі».

Паводле версіі міліцыі, яны прыйшлі адмываць фарбу з замаляванай днямі выявы Паўла Латушкі на сцяне электрашчытавой. Там іх чакала засада, пісалі ў мясцовым чаце.

Павел Латушка — кіраўнік Нацыянальнага антыкрызіснага ўпраўлення, былы міністр культуры і адзін з лідараў апазіцыі. Да эміграцыі ў жніўні ён жыў у Ждановічах. Яго выява пратрымалася на той сцяне ў Ждановічах каля пяці месяцаў, пасля чаго «невядомыя» яе сказілі. Але аўтары выявы загадзя пакрылі яе сіліконам, таму людзі некалькі разоў змывалі наслаенні фарбы. Цяпер на яе месцы — крывы чорны прастакутнік.

«Трэці раз яе затрымалі ў горадзе зімой», — працягвае сусед.

У тэлеграм-канале Spiski_Okrestina ёсць інфармацыя пра затрыманне Вольгі Залатар 31 студзеня. У той дзень некалькі соцень чалавек зладзілі гулянні па праспекце Незалежнасці без сімволікі напярэдадні «Усебеларускага народнага сходу». Некалькі дзясяткаў з іх затрымалі.

«Помню, мы з мужам у той дзень заказалі торт у «Е-дастаўцы», дагаварыліся аднесці адной суседцы, якую перад тым затрымлівалі. Увечары пішам ёй у тэлеграме, што мы вам торт прынясём. А яна піша: «Аднясіце лепш Вольжыным дзецям». А што ж такое? «А вы не чыталі? Яе ж затрымалі сёння ў горадзе». Ну аднеслі мы тым дзецям», — расказвае іншая жыхарка Ждановіч.

2 лютага суддзя Маскоўскага раёна Мінска Таццяна Пірожнікава прысудзіла Вользе 50 базавых штрафу.

Суседзі кажуць таксама, што Вольга Залатар ім расказвала, што ў іх з мужам на 19 сакавіка былі білеты ў Турцыю. Яны збіраліся на час веснавых канікул трохі адключыцца і адпачыць.

У 14:30 18 сакавіка Сяргей прыехаў з працы дадому, дзе пасля затрымання мамы заставалася толькі 10-гадовая дачка. У 23:00 яго выклікалі ў РУУС, дзе азнаёмілі з пратаколам, у якім было пазначана, што Сяргей «у 13:50 у акне прыватнага дома на агульны агляд вывесіў незарэгістраваны БЧБ-сцяг, тым самым правёў пікетаванне».

Аб пратаколе па арт. 24.23 КаАП мужчына даведаўся толькі ў РУУС, куды яго выклікалі каля 23:00 для допыту, адзначаюць праваабаронцы.

Справу Ганкевіча, паведамляе тэлеграм-канал «Вясна назірае», разглядала суддзя Мінскага раёна Кацярына Новікава:

«Суду Сяргей растлумачыў, што сцягоў дома ў іх не было, а тым больш яны не віселі на акне. Таму ён выказаў здагадку, што самі супрацоўнікі вывесілі яго, каб мець падставы для затрымання.

У пратаколе пазначана, што пікетаваў Сяргей у доме …8, вось толькі ён пражывае ў доме …6. У матэрыялах справы ёсць фота сцяга на акне, але Ганкевіч звярнуў увагу суда, што фота зроблена з двара, а не з вуліцы.

З вуліцы вокнаў дома на першымі паверсе не відаць, таму што агароджа вакол дома вышынёй 2,2 метра.

На судзе дапыталі і маму Вольгі Залатар Яніну, па словах якой, Сяргей катэгарычна забараняў трымаць у доме БЧБ-сцяг і казаў, што ён апалітычны, бо яму трэба карміць пяць дзяцей.

Яніна Залатар таксама сказала, што Вольга перастала выходзіць на сувязь яшчэ раніцай. Яна павінна была адвезці дачку а 10-й на занятак па цымбалах, але выкладчыца паведаміла, што дзяўчынка ў школе не з'явілася. Пазней ёй стала вядома, што дома праводзілі ператрус каля дзесяці супрацоўнікаў ГУБАЗіКа.

Рапарт складаў сведка-міліцыянт Павел Юхіменка. На судзе ён сказаў, што ўказаны ў пратаколе дом …8 — гэта толькі тэхнічная памылка.

З допыту сведкі-міліцыянта:

— Вы можаце сказаць, што канкрэтна Сяргей размясціў сцяг на акне? 

— Не.

— Што адбылося са сцягам, дзе ён? 

— Супрацоўнікі ГУБАЗіКа забралі.

— Дазвол на фатаграфаванне ў доме давалі? 

— Не.

— Сцяг з вуліцы бачны?

— Плот вышэйшы за мяне (2,2 метра), але я магу падскочыць, каб убачыць акно першага паверха».

Суддзя Новікава мела фармальныя падставы адправіць пратакол на дапрацоўку, але не палічыла гэта патрэбным і асудзіла Сяргея на 10 сутак арышту.

Так пяцёра дзяцей засталіся без нагляду бацькоў.

Расцэньваць вывешаны ў акне ці на балконе сцяг альбо выяву як пікетаванне пачалі ў 2020 годзе. На думку праваабаронцаў, такая інтэрпрэтацыя — гэта юрыдычны нонсэнс, а пакаранні на яе аснове — беззаконныя.

Паводле інфармацыі суседзяў, якія спасылаюцца на адваката, Вольга Залатар падазраваная па артыкуле 361 Крымінальнага кодэкса. Гэта самы агульны артыкул, які выкарыстоўваецца супраць палітычных праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі: «Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь». Па тым самым артыкуле праходзяць, да прыкладу, сябры прэзідыума Каардынацыйнай рады.

Мы не змаглі звязацца з адвакатам, каб праверыць, ці гэта сапраўды так. Што канкрэтна ставіцца ў віну Вользе Залатар, пакуль невядома. Па словах сваякоў, яна знаходзіцца ў СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага.

За сітуацыяй з Вольгай Залатар сочыць супольнасць выпускнікоў Ліцэя БДУ, а таксама каталікі Ждановіч (сям’я Вольгі Залатар — вернікі, належаць да мясцовай парафіі).

Па словах мясцовых жыхароў, усяго ў пасёлку Ждановічы некалькі дзясяткаў чалавек прайшлі праз палітычныя затрыманні і штрафы. Прынамсі адзін мясцовы жыхар прызнаны палітвязнем — гэта Аляксей Беразінскі, асуджаны на 3,5 года калоніі.

Трое сутак пасля затрымання 38-гадовай Вольгі Залатар сканчаюцца заўтра, у нядзелю. Стане ясна, ці застанецца ў турме маці-гераіня з мінскага прыгарада.

Каментары

Цяпер чытаюць

Як глабальная змена клімату адаб’ецца на Беларусі? Не зусім так, як мы ўяўляем1

Як глабальная змена клімату адаб’ецца на Беларусі? Не зусім так, як мы ўяўляем

Усе навіны →
Усе навіны

ГУР паведаміла пра знішчэнне ўчастка расійскага газаправода, які абслугоўваў ВПК

Пуцін гатовы да пагаршэння адносін з Трампам і не будзе спыняць вайну11

«Кава стане раскошай». Беларусы шакаваныя цэнамі ў крамах16

«Апантанасці геапалітыкай, як у Расіі, у нас сёння няма». Гісторык паразважаў, ці перажывуць беларусы «русский мир»17

Рубіа патлумачыў заяву Трампа пра зброю для Украіны за кошт НАТА

«Горад працоўнай славы 1941—1945». У Баранавічах адкрылі манумент з дзіўнай назвай9

У Беларусі і Расіі распрацуюць штучны інтэлект з традыцыйнымі каштоўнасцямі4

Асудзілі за «садзеянне экстрэмізму» былога дырэктара школы

Вучоныя знайшлі агромністае радовішча золата, якое змяшчае 99,999% усяго золата планеты8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як глабальная змена клімату адаб’ецца на Беларусі? Не зусім так, як мы ўяўляем1

Як глабальная змена клімату адаб’ецца на Беларусі? Не зусім так, як мы ўяўляем

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць